КІМБЕРЛІ́Т (ад назвы г. Кімберлі ў Паўд.-Афрыканскай Рэспубліцы),

вулканічная і субвулканічная ультраасноўная шчолачнага саставу брэкчыя- або туфападобная горная парода. Складаецца з алівіну, кальцыту, піропу, піраксену, храміту, ільменіту і інш. мінералаў, уключаных у дробназярністую асн. масу (серпентын, кальцыт, флагапіт і інш.). Колер чорны, з сіняватым і зеленаватым адценнем. Запаўняе трубкі выбуху (дыятрэмы) і трапляецца ў выглядзе жыл, даек, сіл; пашырана пераважна на стараж. платформах. Вядома больш за 1500 цел К., з якіх 8—10% алмазаносныя. Асн. алмазаносныя К. ў ПАР і Расіі (Рэспубліка Саха, б. Якуція). На Беларусі праводзяцца пошукавыя работы на К.

У.Я.Бардон.

Да арт. Кімберліт. Алмазны крышталь у кімберліце.

т. 8, с. 261

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)