Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

КЛЯКО́ЎСКІ (Рамуальд Здзіслаў) (н. 1.1.1924, г. Пінск Брэсцкай вобл.),

вучоны ў галіне экалогіі і біяэнергетыкі. Акад. Польскай АН (1994, чл.-кар. 1979). Замежны чл. Нац. АН Беларусі (1995). Скончыў Лодзінскі ун-т (1950). З 1952 у Ін-це эксперым. біялогіі, з 1973 у Ін-це экалогіі (да 1982 дырэктар), з 1987 акад.-сакратар Польскай АН, з 1996 праф. Міжнар. цэнтра экалогіі Польскай АН. Навук. працы па вывучэнні энергет. патокаў у экасістэмах, ахове прыродных рэсурсаў.

Тв.:

Экалагічная біяэнергетыка пайкілатэрмных жывёл. Варшава, 1994 (у сааўт.);

Modelowanie matematyczne procesów ekologicznych Warszawa, 1996 (разам з У.​В.​Мяншуткіным).

т. 8, с. 354

КЛЯМЕ́НЦЬЕЎ (Аляксандр Мікалаевіч) (1852 — пасля 1917),

бел. архітэктар. Скончыў Пецярбургскае буд. вучылішча (1879). Працаваў у Віцебскім губ. праўленні, у 1887—90 віцебскі губ. інжынер, адначасова ў 1878—90 полацкі епархіяльны архітэктар. Паводле праекта К. пабудаваны Віцебскага духоўнага вучылішча будынак, флігель наглядчыка пры губернатарскім доме (1872), расшыраны будынак лазарэта для жан. духоўнага вучылішча, рэканструяваны пасля пажару будынак гар. т-ра (1888—90). Распрацаваў праекты гар. клуба, будынкаў губ. праўлення ў Віцебску, астрога ў в. Струнне Полацкага р-на.

т. 8, с. 354

КЛЯННІ́К,

вёска ў Курганскім с/с Смалявіцкага р-на Мінскай вобл. Цэнтр саўгаса. За 26 км на ПдУ ад горада і чыг. ст. Смалявічы, 64 км ад Мінска. 323 ж., 129 двароў (1998). Сярэдняя школа, б-ка, амбулаторыя, аддз. сувязі. Брацкія магілы: партызан; сав. воінаў і партызан.

т. 8, с. 354

КЛЯНО́ВІК,

у беларусаў напітак з кляновага соку; спосаб прыгатавання такі, як і бярозавіка.

т. 8, с. 354

КЛЯНО́ВЫЯ ЛЯСЫ́, кляноўнікі,

фармацыя вытворных шыракалістых лясоў, у якіх пераважае клён. Пашыраны ва ўмераным поясе Еўразіі, Амерыкі, Афрыкі. На Беларусі трапляюцца рэдка (каля 0,01% агульнай пл. лясоў).

К.л. ўтвараюцца ў выніку змены карэнных дубовых і ялова-шыракалістых лясоў. Вылучаны 6 асн. тыпаў: арляковы, кіслічны, крапіўны, папарацевы, сніткавы, чарнічны. Дрэвастоі ўсіх тыпаў складаныя, акрамя клёну ўключаюць асіну, бярозу павіслую, вольху чорную, вяз, граб, дуб, елку, ліпу, ясень. Займаюць найб. урадлівыя землі. Даюць высакаякасную драўніну, якая выкарыстоўваецца на выраб мэблі, паркету і інш.

т. 8, с. 354

КЛЯНЫ́,

вёска ў Дубровенскім р-не Віцебскай вобл. Цэнтр сельсавета. За 23 км на ПдУ ад г. Дуброўна, 115 км ад Віцебска, 24 км ад чыг. ст. Зубры. 86 ж., 43 двары (1998). Базавая школа, клуб, б-ка, бальніца, аптэка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан.

т. 8, с. 354

КЛЯПА́ЛЬНАЯ МАШЫ́НА,

машына для выканання клёпкі. Адрозніваюць кляпальныя прэсы (пераносныя і стацыянарныя, робяць адну аперацыю — ствараюць замыкальную галоўку на заклёпках) і аўтаматы (робяць усе аперацыі кляпання — выраўноўванне паверхні вырабаў, сцісканне іх, свідраванне і зенкаванне адтулін, устаноўку заклёпак і іх кляпанне). Пераносным (ручным) прэсам робяць заклёпачныя злучэнні ў цяжкадаступных месцах канструкцый.

Кляпальная машына (прэс).

т. 8, с. 354

КЛЯПА́ЦКІ (Барыс Іванавіч) (28.3.1906, С.-Пецярбург — 27.3.1966),

бел. вучоны ў галіне хірургіі. Д-р мед. н. (1959), праф. (1961). Скончыў Ленінградскі мед. ін-т (1931). З 1960 заг. кафедры Гродзенскага мед. ін-та. Навук. працы па асаблівасцях злучэнняў касцей метал. шпянём. Распрацаваў методыку кансерватыўнага лячэння тромбааблітэрыруючых хвароб ног.

т. 8, с. 354

КЛЯ́ПІНКА,

рака ў Краснапольскім р-не Магілёўскай вобл. і Кармянскім р-не Гомельскай вобл., левы прыток р. Сож (бас. р. Дняпро). Даўж. 23 км. Пл. вадазбору 101 км². Пачынаецца на паўд. ускраіне в. Беразякі 2-я Краснапольскага р-на. Цячэ па паўд. ускраіне Аршанска-Магілёўскай раўніны. У верхнім цячэнні наз. Будзянка.

т. 8, с. 354

КЛЯПЦЫ́,

паляўнічая прылада; самалоўная пастка ўдарнага дзеяння. Вядома са стараж. часоў (згадваецца ў «Маленні» Данііла Заточніка, 12 ст.). Складаліся з выдзеўбанага накшталт трубы бервяна пэўнай даўжыні, некалькіх столак вяроўкі або шнура (выконвалі ролю спружыны), дзвюх закрутак, механізма прынаджвання і драўлянага рычага з вострымі штырамі або нацягнутай на раму сеткай. Пры нязначным дакрананні да нацягнутай над прынадай сімкі рычаг зрываўся са спускавога механізма і забіваў або лавіў звера. К. здабывалі аленяў, коз, рысей, лісоў, зайцоў, птушак. У пач. 19 ст. выйшлі з ужытку.

С.​Ф.​Цярохін.

Кляпцы.

т. 8, с. 354