паляўнічая прылада; самалоўная пастка ўдарнага дзеяння. Вядома са стараж. часоў (згадваецца ў «Маленні» Данііла Заточніка, 12 ст.). Складаліся з выдзеўбанага накшталт трубы бервяна пэўнай даўжыні, некалькіх столак вяроўкі або шнура (выконвалі ролю спружыны), дзвюх закрутак, механізма прынаджвання і драўлянага рычага з вострымі штырамі або нацягнутай на раму сеткай. Пры нязначным дакрананні да нацягнутай над прынадай сімкі рычаг зрываўся са спускавога механізма і забіваў або лавіў звера. К. здабывалі аленяў, коз, рысей, лісоў, зайцоў, птушак. У пач. 19 ст. выйшлі з ужытку.