Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

КЛЕ́ЕНЫЯ КАНСТРУ́КЦЫІ,

канструкцыі, элементы якіх нераздымна злучаны з дапамогай кляёў. Адрозніваюць К.к. будаўнічыя (нясучыя — аркі, бэлькі, калоны, фермы, рамы і агараджальныя — звычайна слаістыя пліты, панэлі, карабы і інш.), суднавыя (напр., карпусы катэраў, шлюпак), авіяцыйныя (карпусы некаторых лятальных апаратаў), мэблевыя і інш.

Робяцца з драўніны, металу, пластмас, бетону, шкла і інш. матэрыялаў у розных спалучэннях. Найб. пашыраны клееныя драўляныя канструкцыі. Вызначаюцца павышанай нясучай здольнасцю, трываласцю, даўгавечнасцю, высокай эфектыўнасцю выкарыстання матэрыялаў (маламерных, рознагатунковых, фанеры). Разнавіднасць К.к. — абалонкі з сінт. тканін на клеявых злучэннях, што выкарыстоўваюцца як пакрыцці часовых збудаванняў.

І.​І.​Леановіч.

т. 8, с. 328

КЛЕ́ЙБЕР, Клайбер (Kleiber) Эрых (5.8.1890, Вена — 27.1.1956), аўстрыйскі дырыжор. Скончыў кансерваторыю і ун-т у Празе. З 1912 выступаў у гарадах Германіі. У 1923—35 генерал-музік-дырэктар Ням. дзярж. оперы ў Берліне. У 1930—32 выступаў з Нью-Йоркскім філарманічным аркестрам. У 1935 эмігрыраваў. У 1936—49 гал. дырыжор т-ра «Калон» у Буэнас-Айрэсе. У 1954—55 узначальваў Дзярж. оперу ў Берліне. Інтэрпрэтатар твораў В.​А.​Моцарта, Л.​Бетховена, Р.​Штрауса; імкнуўся да максімальнага выяўлення аўтарскай задумы. Аўтар «Капрычыо», варыяцый і уверцюры для сімф. аркестра, канцэртаў для фп. і скрыпкі з аркестрам, камерных твораў, рамансаў.

т. 8, с. 328

КЛЕЙН (Барыс Самуілавіч) (н. 1.11.1928, г. Віцебск),

бел. гісторык. Д-р гіст. н. (1989), праф. (1990). Скончыў Ленінградскі ун-т (1951). З 1955 працаваў у Гродзенскім аддзяленні т-ва «Веды», з 1964 у Гродзенскім мед. ін-це, з 1979 на кафедры гісторыі СССР і БССР Гродзенскага ун-та. З 1992 у ЗША, навук. супрацоўнік ун-та ў Мінесоце. Даследуе рэв. барацьбу і нац.-вызв. рух Беларусі, Літвы і Расіі. Аўтар працы «Рэвалюцыйны рух у Вільнюскім краі ў 1920—1939 гг.» (1961), складальнік і аўтар каментарыяў да зб. «Вільнюскае падполле» (1966).

Тв.:

Найдено в архиве. Мн., 1968;

В годину испытаний. Мн., 1986;

За дело правое: Борьба КПЗБ с буржуазным террором (1920—1938 гг.). Мн., 1986;

Время выбора. Мн., 1987;

Взгляд из прошлого. Мн., 1989.

т. 8, с. 328

КЛЕЙН ((Klein) Крысціян Фелікс) (25.4.1849, г. Дзюсельдорф, Германія — 22.6.1925),

нямецкі матэматык. Чл.-кар. Берлінскай АН (1913), замежны чл. Пецярбургскай АН (1895). Скончыў Бонскі ун-т (1868). З 1872 праф. Эрлангенскага ун-та, з 1875 — Вышэйшай тэхн. школы ў Мюнхене, з 1880 — Лейпцыгскага, у 1886—1910 — Гётынгенскага ун-таў. Навук. працы па неэўклідавай геаметрыі, тэорыі неперарыўных груп, тэорыі алг. ураўненняў. У працы, вядомай як «эрлангенская праграма», любая геаметрыя абвяшчалася тэорыяй інварыянтаў асобай групы пераўтварэнняў: калі пашыраць ці звужаць групу, можна перайсці ад аднаго тыпу геаметрыі да другога. Тым самым К. паказаў поўную лагічную абгрунтаванасць геаметрыі Лабачэўскага. Выкарыстоўваў паняцце групы і да лінейных дыферэнцыяльных ураўненняў, да эліптычных і мадулярных функцый.

Тв.:

Рус. пер. — Неевклидова геометрия. М.; Л., 1936;

Лекции о развитии математики в XIX столетии. Ч. 1. М.; Л., 1937;

Высшая геометрия. М.; Л., 1939.

т. 8, с. 328

КЛЕЙН ((Klein) Лоўрэнс Роберт) (н. 14.9.1920, г. Омаха, штат Небраска, ЗША),

амерыканскі эканаміст. Скончыў Каліфарнійскі ун-т (1942). У Масачусецкім тэхнал. ін-це працаваў пад кіраўніцгвам П.Сэмуэльсана. Супрацоўнічаў у Камісіі Коўлса па эканам. даследаваннях пры Чыкагскім ун-це. З 1949 праф. Мічыганскага, з 1955 Оксфардскага ун-таў, з 1958 у Пенсільванскім ун-це. У 1975—76 эканам. саветнік прэзідэнта Дж.Картэра. Удзельнічаў у стварэнні найбуйнейшай Уортанскай эканаметрычнай мадэлі эканомікі. Займаўся праблемамі паляпшэння выкладання эканаметрыкі (аўтар «Падручніка эканаметрыкі», 1953, і «Уводзін у эканаметрыку», 1962). У працы «Эканоміка прапановы і попыту» (1983) крытыкаваў погляды Дж.Кейнса (напачатку быў яго прыхільнікам). Нобелеўская прэмія 1980.

Тв.:

Г.​З.​Елисеев. Пг., 1923;

Очерки рабочей интеллигенции. Т. 1—2. Пг., 1923;

Русский читатель-рабочий. Л., 1925. История безработицы в России, 1857—1919 гг. М., 1925.

У.​М.​Конан.

т. 8, с. 328

КЛЕЙН (Раман Іванавіч) (31.3.1858—3.5.1924),

рускі архітэктар. Вучыўся ў Пецярбургскай АМ (1877—82; акадэмік з 1907), у Парыжы ў Ш.​Гарнье (да 1884). Выкладаў у Рыжскім політэхн. ін-це (1916—18) і ў Вышэйшым тэхн. вучылішчы (1918—23) у Маскве. Пабудовы пераважна ў духу неакласікі і гіст. стыляў з выкарыстаннем новых матэрыялаў і канструкцый: у Маскве — будынак Музея выяўл. мастацтваў імя А.​Пушкіна (1898—1912), Сярэднія гандл. рады на Краснай пл. (1892), універсальны магазін «Мюр і Мерыліз» (цяпер ЦУМ; 1908), Барадзінскі мост (1912). У 1918—24 удзельнічаў у арх. конкурсах на праекты рабочых пасёлкаў для Данбаса, Грознага, Туапсэ.

Р.Клейн. Будынак Музея выяўленчых мастацтваў імя Пушкіна ў Маскве. 1898—1912.

т. 8, с. 329

КЛЕ́ЙНА ПАВЕ́РХНЯ, бутэлька Клейна,

адна з аднабаковых паверхняў. Уведзена Ф.Клейнам. У трохмернай прасторы атрымліваецца з трубы, адкрытай з абодвух канцоў, калі больш вузкі канец трубы выгнуць так, каб ён прайшоў праз яе сценку, і абодва кругавыя канцы трубы склеіць.

Да арт. Клейна паверхня.

т. 8, с. 329

КЛЕ́ЙНБАРТ (Леў Максімавіч) (27.10.1875, г. Капыль Мінскай вобл. — 20.11.1950),

рускі крытык і публіцыст. Скончыў Слуцкую гімназію. З 1896 вучыўся ў Пецярбургскім ун-це. У 1903—17 супрацоўнічаў у час. «Образование», «Мир божий», «Современный мир» і «Вестник Европы». У 1920-я г. кіраваў літ. студыямі Наркамасветы і ленінградскага Пралеткульта. Літ. дзейнасць пачаў у 1902. Даследаваў гісторыю пралет. культуры, нар. публіцыстыку і самадз. літ. творчасць, выданні капыльскай рабочай асв. арг-цыі «Самаадукацыя і самаразвіццё» (паэзію, прозу і публіцыстыку Ц.​Гартнага, А.​Гурло, Ф.​Чарнушэвіча, Ф.​Шантыра і інш. у рукапісных час. «Заря», «Вольная думка» і «Голос низа»). У кн. «Маладая Беларусь. Нарыс сучаснай беларускай літаратуры» (1928) вызначыў пэўныя заканамернасці і спецыфіку развіцця бел. л-ры, ахарактарызаваў асн. тэндэнцыі і кірункі бел. літ. руху 1920-х г., творчасць А.​Александровіча, А.​Бабарэкі, А.​Дудара, У.​Дубоўкі, Я.​Пушчы, К.​Чорнага і інш. Перапісваўся з Я.​Купалам, Ц.​Гартным і інш. Падрыхтаваў першую крытыка-біяграфічную манаграфію пра Я.​Купалу (не выйшла). Аўтар успамінаў пра літ. і рэв. рух у Капылі.

т. 8, с. 329

КЛЕ́ЙНІКІ,

вёска ў Брэсцкім р-не, на левым беразе р. Лясная. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 3 км на Пн ад Брэста. 1216 ж., 230 двароў (1998). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.

т. 8, с. 329

КЛЕЙСТ, Кляйст (Kleist) Эвальд фон (8.8.1881, г. Браўнфельс-на-Лане, Германія — кастр. 1954), германскі военачальнік, адзін з нацысцкіх ваен. злачынцаў. Ген.-фельдмаршал (1943). З таго ж дваранскага роду (вядомы з 13 ст.), што і Г. фон Кляйст. Скончыў ваен. акадэмію (1913). У арміі з 1900, у 1-ю сусв. вайну на штабных, потым камандзірскіх пасадах у кавалерыі. У 2-ю сусв. вайну камандаваў танк. корпусам, танк. групай у час агрэсіі супраць Польшчы (1939), Францыі (1940) і на Балк. (1941), 1-й танк. арміяй на паўд. участку сав.-герм. фронту, з 1942 групай армій «А» на Паўн. Каўказе і Паўд. Украіне. У 1944 за паражэнні ням.-фаш. войск у Крыме, на Паўд. Бугу і нязгоду з ваен. стратэгіяй А.​Гітлера звольнены ў адстаўку. У канцы вайны трапіў у палон да брыт. войск. Як ваен. злачынец у 1946 перададзены ў Югаславію, у 1948 — у СССР. Асуджаны сав. ваен. трыбуналам, памёр у лагеры.

т. 8, с. 329