КЛЕ́ЙНБАРТ (Леў Максімавіч) (27.10.1875, г. Капыль Мінскай вобл. — 20.11.1950),

рускі крытык і публіцыст. Скончыў Слуцкую гімназію. З 1896 вучыўся ў Пецярбургскім ун-це. У 1903—17 супрацоўнічаў у час. «Образование», «Мир божий», «Современный мир» і «Вестник Европы». У 1920-я г. кіраваў літ. студыямі Наркамасветы і ленінградскага Пралеткульта. Літ. дзейнасць пачаў у 1902. Даследаваў гісторыю пралет. культуры, нар. публіцыстыку і самадз. літ. творчасць, выданні капыльскай рабочай асв. арг-цыі «Самаадукацыя і самаразвіццё» (паэзію, прозу і публіцыстыку Ц.​Гартнага, А.​Гурло, Ф.​Чарнушэвіча, Ф.​Шантыра і інш. у рукапісных час. «Заря», «Вольная думка» і «Голос низа»). У кн. «Маладая Беларусь. Нарыс сучаснай беларускай літаратуры» (1928) вызначыў пэўныя заканамернасці і спецыфіку развіцця бел. л-ры, ахарактарызаваў асн. тэндэнцыі і кірункі бел. літ. руху 1920-х г., творчасць А.​Александровіча, А.​Бабарэкі, А.​Дудара, У.​Дубоўкі, Я.​Пушчы, К.​Чорнага і інш. Перапісваўся з Я.​Купалам, Ц.​Гартным і інш. Падрыхтаваў першую крытыка-біяграфічную манаграфію пра Я.​Купалу (не выйшла). Аўтар успамінаў пра літ. і рэв. рух у Капылі.

т. 8, с. 329

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)