Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

КЛАДО́ФАРА (Cladophora),

род зялёных водарасцей сям. кладофаравых. Каля 150 марскіх і прэснаводных відаў. Пашырана амаль усюды. У вадаёмах Беларусі трапляюцца К. эгаграпільная (C. aegagropila), занесеная ў Чырв. кнігу, скручаная (C. glomerata), слабая (C. fracta), C. Kütz. sp.

Макраскапічныя водарасці ў выглядзе рыхлых дзярнінак, шчыльных паўшарападобных калоній ці бясформенных скопішчаў цёмна-зялёных нітак. Прымацаваны да субстрату рызоідамі або плаваюць свабодна, утвараючы ціну. Ніткі галінастыя, з адным радам выцягнутых шмат’ядравых клетак. Хларапласт сеткаваты. Размнажэнне вегетатыўнае (ч. талому, акінеты), бясполае (зааспоры), палавое (ізагамія). Адзначана чаргаванне пакаленняў: спарафіту і гаметафіту. Выкарыстоўваецца як сыравіна для вырабу паперы. Культывуецца ў акварыумах.

Т.​М.​Міхеева.

Кладофара эгаграпільная.

т. 8, с. 318

КЛАЗ (Ілья Сямёнавіч) (17.3.1922, г. Магілёў — 22.12.1980),

бел. пісьменнік. Вучыўся ў Мінскім пед. ін-це (1939—41). З 1945 працаваў у перыяд. друку, у 1956—66 у газ. «Літаратура і мастацтва», з 1974 у бюлетэні «Помнікі гісторыі і культуры Беларусі». Друкаваўся з 1940. Пісаў на бел. і рус. мовах. У яго аповесцях «Жарцы» (1955), «Злодзей» (1960), «Разбег» (1963) і нарысах — гіст. мінулае і сучаснае жыццё Беларусі, людзі незвычайных лёсаў. Аўтар гіст. рамана «Белая Русь» (1977).

Тв.:

Подснежники. Мн., 1959;

Каменных спраў майстар. Мн., 1971;

Заря вишнёвая. Мн., 1973;

Па Дзвіне на вёслах. Мн., 1975;

Потомству в пример. Мн., 1978.

т. 8, с. 319

КЛА́ЙБЕРН, Кліберн (Cliburn) Харві Лаван (Ван; н. 12.7.1934, г. Шрыўпарт, ЗША), амерыканскі піяніст. Скончыў Джульярдскую муз. школу ў Нью-Йорку (1954). Лірычная пранікнёнасць яго ігры спалучаецца з імклівым дынамізмам і маштабнасцю гучання. У рэпертуары творы П.​Чайкоўскага, С.​Рахманінава, С.​Пракоф’ева, Ф.​Шапэна, Ф.​Ліста, І.​Брамса, К.​Дэбюсі, С.​Барбера, Э.​Грыга і інш. 1-я прэміі на міжнар. конкурсах імя Э.​Левентрыта ў Нью-Йорку (1954) і імя П.​І.​Чайкоўскага ў Маскве (1958). З 1962 у г. Форт-Уэрт (ЗША) праводзіцца міжнар. конкурс піяністаў яго імя.

Літ.:

Чэйсинс А., Стайлз В. Легенда о Вэне Клайберне: Пер. с англ. М., 1959;

Хентова С.М. Ван Клайберн. 3 изд. М., 1966.

т. 8, с. 319

КЛАЙВ ((Clive) Роберт) (29.9.1725, маёнтак Стайч, каля г. Сток-он-Трэнт, Вялікабрытанія — 22.11.1774),

дзеяч англ. каланіяльнай адміністрацыі ў Індыі. Генерал. На чале войск англ. Ост-Індскай кампаніі ў бітве каля Плесі (1757) разбіў войскі наваба Бенгаліі і заваяваў яе. У 1757—60 і 1765—67 англ. губернатар Бенгаліі. Увёў т.зв. дваістае кіраванне (грамадз. справы ў распараджэнні мясц. улад, збор падаткаў у Ост-Індскай кампаніі). Разрабаваў казну наваба. Пасля вяртання ў Англію абвінавачаны ў хабарніцтве. Скончыў самагубствам.

т. 8, с. 319

КЛА́ЙПЕДА (Klaipéda),

горад у Літве, на беразе Балтыйскага м. Засн. ў 1252 як ням. рыцарскі замак Мемельбург. З 1525 у складзе Прусіі, з 1871 у Германскай імперыі, з 1920 пад кіраўніцтвам дзяржаў Антанты, з 1923 у Літве; да 1923 наз. Мемель. 201,5 тыс. ж. (1996). Незамярзаючы марскі порт. Чыг. станцыя. Прам-сць: рыбная, суднабуд. і суднарамонтная, тэкст., цэлюлозна-папяровая, харчовая; вытв-сць буд. матэрыялаў, маст. вырабаў з бурштыну. База марскога рыбалоўнага флоту. Кансерваторыя. Драм. тэатр. Музеі: краязнаўчы, марской і гадзіннікавай справы, карцінная галерэя. Акіянарыум. Арх. помнікі 17—18 ст. Помнік літ. асветніку Марцінасу Мажвідасу — аўтару і выдаўцу першай кнігі на літ. мове.

т. 8, с. 319

КЛАН (гэльскае clann нашчадак, патомства),

1) старажытная радавая абшчына ў ірландцаў і шатландцаў; у перыяд разлажэння радавых адносін — група кроўных сваякоў, нашчадкаў аднаго стараж. роду, якія насілі імя магчымага родапачынальніка.

2) Род, група, члены якой звязаны пераважна сваяцкімі адносінамі; замкнёная грамадская група, групоўка, якая звычайна ўзнікае і існуе на аснове эканам., дзелавых сувязей, агульнасці інтарэсаў, якія часта маюць злачынны характар (напр., мафіёзны К.).

т. 8, с. 319

КЛАПАГО́Н (Cimicifuga),

род кветкавых раслін сям. казяльцовых. Каля 10 відаў. Пашыраны ва ўмеранай зоне Еўразіі і Паўн. Амерыкі. На Беларусі 1 дзікарослы від: К. еўрапейскі, або чортава рабро (C. europaea), занесены ў Чырв. кнігу. 3 віды інтрадукаваныя: К. баршчэўнікалісты (C. heracleifolia), даурскі (C. dahurica), просты (C. simplex). Трапляецца на ўзлесках і палянах у лісцевых і мяшаных лясах.

Шматгадовыя травяністыя расліны з магутным тоўстым карэнішчам і моцным баразнаватым, у верхняй ч. галінастым, сцяблом выш. да 2,5 м. Лісце буйное, чаргаванае, двойчы-, тройчынепарнаперыстае, ніжняе — доўгачаранковае, верхняе — сядзячае. Кветкі двухполыя, дробныя, белыя або крэмавыя, з прыкветнікамі, у доўгіх простых ці складаных мяцёлкападобных гронках. Чашачка 4—5-пялёсткавая. Плод — шматлістоўка. Некат. віды маюць непрыемны ўдушлівы пах, які адпуджвае клапоў (адсюль назва). Ядавітыя. Лек., дэкар. і меданосныя расліны.

Клапагон еўрапейскі.

т. 8, с. 319

КЛА́ПАН (ад ням. Klappe засланка) у тэхніцы, дэталь або прыстасаванне для кіравання патокам вадкасці, газу або пары ў машынах, механізмах і трубаправодах.

У залежнасці ад прызначэння К. бываюць дросельныя (для стварэння перападу ціску; гл. Дросель), рэдукцыйныя (для паніжэння ціску), адваротныя (для недапушчэння зваротнага патоку), рэгулявальныя, засцерагальныя і інш.; у залежнасці ад характару руху засаўкі — залатніковыя (гл. Залатнік у тэхніцы), вентыльныя (гл. Вентыль), кранавыя (гл. Кран). Прыводзяцца ў дзеянне эл., пнеўматычным, гідраўлічным і інш. прыводам або ўручную.

т. 8, с. 319

КЛАПЕЙРО́Н ((Clapeyron) Бенуа Поль Эміль) (26.1.1799; Парыж — 28.1.1864),

французскі фізік. Член Парыжскай АН (1858). Замежны чл.-кар. Пецярбургскай АН (1830). Скончыў Політэхн. школу ў Парыжы (1818). З 1820 працаваў у Пецярбургу ў Ін-це інжынераў шляхоў зносін, з 1830 праф. Школы мастоў і дарог у Парыжы. Навук. працы па тэорыі цеплаты, пластычнасці і раўнавазе цвёрдых цел. Надаў ідэям Н.Л.С.Карно строгую матэм. форму, увёў у тэрмадынаміку метад індыкатарных дыяграм. Вывеў у 1834 ураўненне стану ідэальнага газу (гл. Клапейрона—Мендзялеева ўраўненне) і ўраўненне для апісання фазавых пераходаў I роду (гл. Клапейрона—Клаўзіуса ўраўненне).

т. 8, с. 319

КЛАПЕЙРО́НА—КЛА́ЎЗІУСА ЎРАЎНЕ́ННЕ,

дыферэнцыяльнае ўраўненне, якое ўстанаўлівае сувязь паміж ціскам і т-рай чыстага рэчыва ў станах, што адпавядаюць фазавым пераходам I роду (выпарэнню, плаўленню, сублімацыі і інш.). Мае выгляд: dp / dT = r TΔV , дзе p — ціск, Tабс. т-ра, r — удзельная цеплата фазавага пераходу і ΔV — рознасць удзельных аб’ёмаў фаз рэчыва. Прапанавана ў 1834 Б.П.Э.Клапейронам і ўдасканалена ў 1850 Р.Ю.Э.Клаўзіусам. Можа выкарыстоўвацца для вызначэння кожнай з велічынь, што ў яго ўваходзяць.

т. 8, с. 319