род зялёных водарасцей сям. кладофаравых. Каля 150 марскіх і прэснаводных відаў. Пашырана амаль усюды. У вадаёмах Беларусі трапляюцца К. эгаграпільная (C. aegagropila), занесеная ў Чырв. кнігу, скручаная (C. glomerata), слабая (C. fracta), C. Kütz. sp.
Макраскапічныя водарасці ў выглядзе рыхлых дзярнінак, шчыльных паўшарападобных калоній ці бясформенных скопішчаў цёмна-зялёных нітак. Прымацаваны да субстрату рызоідамі або плаваюць свабодна, утвараючы ціну. Ніткі галінастыя, з адным радам выцягнутых шмат’ядравых клетак. Хларапласт сеткаваты. Размнажэнне вегетатыўнае (ч. талому, акінеты), бясполае (зааспоры), палавое (ізагамія). Адзначана чаргаванне пакаленняў: спарафіту і гаметафіту. Выкарыстоўваецца як сыравіна для вырабу паперы. Культывуецца ў акварыумах.