Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ДЗЁННЫЯ ДРАПЕ́ЖНЫЯ ПТУ́ШКІ,

гл. Сокалападобныя.

т. 6, с. 110

ДЗЁРАН,

верхні слой глебы, густа пераплецены жывымі і адмерлымі каранямі, парасткамі і карэнішчамі шматгадовых траў. Фарміруецца пад травяністай расліннасцю ў выніку дзярновага глебаўтваральнага працэсу на аблогах, поймавых і сухадольных лугах і пашы, забалочаных глебах. Мае павышаную колькасць пажыўных рэчываў (асабліва азотных) і большую звязнасць у параўнанні з ніжняй часткай перагнойнага гарызонту. Дз., ці дзярнінай называюць таксама выразаныя пласты з зарослага травою верхняга слоя глебы, якімі ўмацоўваюць адхоны, схілы і інш.

т. 6, с. 110

ДЗЁРНАВІЧЫ,

вёска ў Верхнядзвінскім р-не Віцебскай вобл., на правым беразе р. Дрыса. Цэнтр сельсавета і саўгаса. За 45 км на У ад Верхнядзвінска, 150 км ад Віцебска, 12 км ад чыг. ст. Боркавічы. 469 ж., 208 двароў (1997). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў.

т. 6, с. 110