Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ДА́ШТЫ-МАРГО́,

пустыня на ПдЗ Афганістана, паміж далінамі рэк Гільменд і Хашруд. Пл. каля 150 тыс. км² Выш. 500—700 м. Друзаватыя і гліністыя раўніны з рэдкай палына-салянкавай расліннасцю; на ПдЗ — масівы пяскоў, такыры, саланчакі, па ўскраінах — аазісы. Адгонная жывёлагадоўля. Вярблюдагадоўля.

т. 6, с. 72

ДАШУ́К (Віктар Нічыпаравіч) (н. 16.9.1938, в. Валокі Хойніцкага р-на Гомельскай вобл.),

бел. кінарэжысёр і сцэнарыст. Засл. дз. маст. Беларусі (1978). Скончыў БДУ (1960), Вышэйшыя курсы сцэнарыстаў і рэжысёраў у Маскве (1967). З 1960 на кінастудыі «Беларусьфільм», працуе ў галіне дакумент. кіно. Для творчасці Д. характэрны арганічны сплаў лірыкі і публіцыстыкі. Стварыў цыклы публіцыстычных фільмаў (Дзярж. прэмія СССР 1985): «Хатынскі цыкл» (1975—78, прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1976); «У вайны не жаночы твар» (1980—84, прыз Міжнар. кінафестывалю ў Лейпцыгу 1983). З інш. фільмаў: «Дом» (1970), «А зязюля кукавала...» (1972, біяграфічны пра Я.​Купалу), «Развітанне» (1980), «Віцебская справа» (1991).

В.Н.Дашук.

т. 6, с. 72

ДАШЧА́НКА,

1) нізенькая кадушка з тонкіх клёпак для мукі, збожжа, служыла і за сявеньку.

2) Лодка з дошак.

т. 6, с. 73

ДАШЧЫ́НСКІ (Юзаф) (1781, Вільня — 1844),

бел. піяніст, кампазітар, дырыжор, педагог. З 1813 выкладаў музыку ў Віленскім ун-це, у 1814 па запрашэнні меламана і мецэната, скрыпача-аматара Л.​М.​Ракіцкага пераехаў на жыхарства ў яго маёнтак Гарадзішча пад Мінскам, дзе да 1844 узначальваў сімф. аркестр. Пад яго кіраўніцтвам у Гарадзішчы і ў Мінску прагучалі оперы «Аксур, цар Армуза» А.​Сальеры і «Белая дама» Ф.​А.​Буальдзьё, сімфоніі І.​Гайдна, В.​А.​Моцарта, Л.​Бетховена. Аўтар каля 100 муз. твораў, выдадзеных у Маскве, Вільні, Варшаве, Вене, Лейпцыгу. Найб. папулярныя былі 3 фп. канцэрты, фп. квартэт a-moll, стр. секстэт, меладрама «Эгберт», музыка да камедыі Л.​Дмушэўскага «Сядзіба пры дарозе», паланэзы (лепшыя, на погляд сучаснікаў, не саступалі паланэзам М.​К.​Агінскага і К.​Курпінскага).

Літ.:

Jelski M. Kilka wspomnień z przeszłości muzycznej Litwy // Echo muzyczne. 1881. № 23.

А.​Л.​Капілаў.

т. 6, с. 73

ДАШЫ́ЕЎ (Дугаржап Цырэнавіч) (н. 15.5.1939, с. Улзар, Бурація, Рас. Федэрацыя),

бурацкі спявак (лірыка-драм. тэнар). Нар. арт. Расіі (1979). Нар. арт. СССР (1986). Скончыў Уральскую кансерваторыю (1969). З 1969 саліст Бурацкага т-ра оперы і балета. Сярод партый: Герман («Пікавая дама» П.​Чайкоўскага), Андрэй Хаванскі («Хаваншчына» М.​Мусаргскага), Атэла, Дон Карлас, Альфрэд, Радамэс («Атэла», «Дон Карлас», «Травіята», «Аіда» Дж.​Вердзі), Хазэ («Кармэн» Ж.​Бізэ), Каніо («Паяцы» Р.​Леанкавала), Баір («Цудоўны скарб» Б.​Ямпілава), Энхэ («Энхэ—Булат-батар» М.​Фралова). Лаўрэат Усесаюзнага конкурсу вакалістаў імя Глінкі (Масква, 1968). Дзярж. прэмія Бураціі 1977. Дзярж. прэмія Расіі 1983.

т. 6, с. 73