Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ДАСТАТКО́ВАЙ ПАДСТА́ВЫ ПРЫ́НЦЫП, дастатковай падставы закон,

прынцып логікі, паводле якога палажэнне лічыцца сапраўдным, калі яно грунтуецца на пераканаўчых падставах. Фактычна з’яўляецца асновай усіх лагічных тэорый старажытнасці, сярэднявечча і новага часу; як асобны прынцып сфармуляваны Г.Лейбніцам. Мае аналогію з прычыннай залежнасцю аб’ектыўных з’яў. Калі ў аб’ектыўным свеце ўсякая з’ява, дзеянне і інш. мае прычыну, то ў пазнанні сапраўднасць усякай думкі павінна быць абгрунтавана. У дэдукцыйных разважаннях і тэорыях за дастатковую падставу прымаецца даказанае выказванне або сукупнасць такіх, з якіх лагічна вынікае выказванне, якое абгрунтоўваецца. Закон выражае ўласцівасць доказнасці лагічна правільнага мыслення. У аксіяматычных сістэмах і падобных да іх строгіх лагічных пабудовах Д.п.п. патрабуе забеспячэння пераканальнасці выказванняў тэорыі, што разглядаюцца ў якасці яе тэарэм.

т. 6, с. 61

ДАСТАТКО́ВЫЯ ЎМО́ВЫ ў матэматыцы і логіцы,

гл. ў арт. Неабходныя і дастатковыя ўмовы.

т. 6, с. 61

ДАСТО́ЕВА,

вёска ў Іванаўскім р-не Брэсцкай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 16 км на ПнУ ад Іванава, 156 км ад Брэста, 19 км ад чыг. ст. Янаў-Палескі. 748 ж., 295 двароў (1997). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аптэка, аддз. сувязі. Царква. Літ.-краязнаўчы музей Ф.М.Дастаеўскага.

т. 6, с. 61

ДАСУ́ЖАЎ Аляксандр Ігаравіч

(н. 31.10.1945, г. Пухавічы Мінскай вобл.),

бел. жывапісец. Скончыў маст.-графічны ф-т Віцебскага пед. ін-та (1970). Працуе пераважна ў жанры пейзажа. Для яго твораў характэрна імкненне да стварэння канцэптуальнага кірунку ў пейзажным жывапісе, дзе гал. выяўл. сродкі — паверхня, лінія, пляма: «Лету адыходзячаму» (1984), «Па дарозе да зімы» (1985), «Праз чырвонае «Пераход», «Праз блакітнае «Да ракі на назве...», «Праз чорнае «Азбука хлусні» (1988), серыя «Канцэптуальны пейзаж» (1993—94) і інш. Творчасць вылучаецца выразнасцю, мэтанакіраванай абмежаванасцю маст. сродкаў, радыкальным адыходам ад прыродных формаў.

Ч.Ч.Шамшур.

т. 6, с. 61

ДАСЬЕ́

(ад франц. dossier справа),

збор дакументаў па якім-н. пытанні, справе, асобе, а таксама папка з такімі дакументамі.

т. 6, с. 62

ДАСЭ́ (Dausset) Жан Батыст Габрыэль

(н. 19.10.1916, г. Тулуза, Францыя),

французскі імунолаг. Чл. Франц. акадэміі навук і медыцыны, Бельг. каралеўскай акадэміі медыцыны, ганаровы чл. Амер. акадэміі навук і мастацтваў. Праф. эксперым. медыцыны (1978). Скончыў Парыжскі ун-т (1945). З 1946 дырэктар лабараторыі Франц. нац. цэнтра пералівання крыві, з 1948 у Гарвардскім, з 1958 у Парыжскім ун-тах, з 1968 дырэктар Франц. нац. ін-та навук. даследаванняў. Навук. працы па імунагематалогіі, выявіў новую сістэму лейкацытарных антыгенаў, даследаваў іх ролю ў транспланталогіі. Першыя работы ў Францыі па трансплантацыі. Нобелеўская прэмія (1980; разам з Б.Бенасерафам і Дж.Д.Снелам).

Ж.Дасэ.

т. 6, с. 62

ДАСЭ́Н (Dassin) Джо

(5.11.1938, Нью-Йорк — 21.8.1980),

французскі шансанье, кампазітар. Сын франц. кінарэжысёра Жуля Д. і скрыпачкі Б.Лонер. Дзед Д. — выхадзец з Расіі (эмігрыраваў у ЗША у пач. 20 ст.). Скончыў Мічыганскі ун-т як этнолаг. Вывучаў амер. і індзейскі фальклор, інтанацыі якога пазней ляглі ў аснову многіх яго песень. У 1950-я г. пакінуў ЗША, жыў у іншых краінах, застаўся ў Францыі. У пач. творчасці зазнаў уплыў франц. кампазітара і шансанье Ж.Брасенса. З 1967 выступаў на эстрадзе (з 1969 у т-ры «Алімпія»). Сярод яго песень найб. папулярныя «Бабіна лета», «Елісейскія палі».

т. 6, с. 62