Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ДАКЛЯРО́ВІЧ (таксама Дыклер, імя невяд.; 1746?, г. Слуцк Мінскай вобл. — ?),

танцоўшчык. З мяшчан. З 1756 вучыўся ў мясц. балетнай школе кн. Г.​Ф.​Радзівіла (педагогі А.Пуціні і Л.М.Дзюпрэ) і танцаваў у яго прыдворным т-ры ў Слуцку (дэбютаваў у 1758 у «Балеце на тры пары», лібрэта і паст. Пуціні), а таксама ў Белым (Бяла-Падляска, Польшча), гастраліраваў у Нясвіжы. З 1760 вядучы танцоўшчык балетнай трупы Нясвіжскага т-ра М.​К.​Радзівіла Рыбанькі.

Г.​І.​Барышаў.

т. 6, с. 13

ДАКО́ЛЬКА, Даколь,

рака ў Старадарожскім р-не Мінскай вобл. і Глускім р-не Магілёўскай вобл., правы прыток р. Пціч (бас. р. Прыпяць). Даўж. 43 км. Пл. вадазбору 462 км². Пачынаецца за 2 км на ПнУ ад в. Кармазы Старадарожскага р-на, цячэ па паўн. ч. Прыпяцкага Палесся. Асн. прытокі — р. Сноўка (справа) і р. Ольніца (злева). Даліна невыразная. Шыр. рэчышча 5—20 м, у вусці — 12 м. Каналізаваная на ўсім працягу.

т. 6, с. 13

ДАКО́ЎСКІ (Дака) (7.8.1919, с. Тырнак Врачанскай акругі, Балгарыя — 28.1.1962),

балгарскі кінарэжысёр. Засл. арт. Балгарыі (1963, пасмяротна). У 1938—41 акцёр у т-рах Сафіі і Скопле. Скончыў Усесаюзны дзярж. ін-т кінематаграфіі ў Маскве (1952). Дэбютаваў фільмам «Пад прыгнётам» (паводле І.​Вазава, 1952; Дзімітроўская прэмія 1953). Яго творчасці характэрна распрацоўка гераічных характараў і значных тэм: «Беспакойны шлях» (1955, Дзімітроўская прэмія 1959), «Тайная вячэра седмакоў» (1957; у сав. пракаце «Закон дазваляе»), «Стубленскія ліпы» (1960) і інш.

т. 6, с. 13

ДАКРЫЯАДЭНІ́Т (ад грэч. dakryon сляза + адэн... + ...іт),

запаленне слёзнай залозы вока. Бывае востры і хранічны. Востры Д. найчасцей інфекц. паходжання Прыкметы: ацёк, боль, пачырваненне кан’юнктывы вонкавай часткі верхняга павека, можа павышацца тэмпература цела. Лячэнне тэрапеўтычнае. Хранічны Д. узнікае на фоне некат. хвароб (туберкулёз, сіфіліс, хвароба Мікуліча і інш.).

т. 6, с. 13

ДАКРЫЯЦЫСТЫ́Т (ад грэч. dakryon сляза + цыстыт),

запаленне слёзнага мяшка вока. Бывае хранічны і востры. Прычына Д.: звужэнне ці поўнае закрыццё слёзна-насавога канала, затрымка адтоку слёзнай вадкасці з поласці слёзнага мяшка і развіццё ў ім патагенных мікробаў. Д. у нованароджаных бывае пры закрытым прасвеце слёзна-насавога канала зародкавай перапонкай. Прыкметы: слёзацячэнне і гнойныя выдзяленні ў кан’юнктывальнай поласці; пры націсканні на вобласць слёзнага мяшка са слёзных кропак выдзяляецца слізістая ці гнойная вадкасць. Лячэнне хірургічнае, у нованароджаных — масаж, прамыванне антысептычнымі растворамі пад ціскам ці зандзіраванне металічным зондам слёзна-насавога канала.

Л.​М.​Марчанка.

т. 6, с. 13

ДАКС (Dax),

прыморскі бальнеагразевы і кліматычны курорт у Францыі. На ПнУ ад г. Баёна, на беразе р. Адур. Вядомы з часоў Стараж. Рыма; развіваецца з 19 ст. Мяккі марскі клімат, мулавыя гразі і мінер. воды выкарыстоўваюцца для лячэння хвароб органаў дыхання, перыферычнай нерв. сістэмы, суставаў. Цэнтр турызму. Арх. помнікі 13 ст., музей фізіка і геадэзіста Ж.​Бардо.

т. 6, с. 13

ДАКТРЫ́НА (лац. doctrina),

сістэматызаванае вучэнне (звычайна філас., паліт., ідэалаг.), звязная канцэпцыя, сукупнасць тэарэт. ці паліт. прынцыпаў, напр., ваенная дактрына. Тэрмінам Д. звычайна карыстаюцца пры абазначэнні поглядаў з адценнем схаластычнасці і дагматызму. Фармальнае, некрытычнае прытрымліванне пэўнай Д. наз. дактрынёрствам.

т. 6, с. 13

ДАКТУРО́ЎСКІ (Уладзімір Сямёнавіч) (18.11.1884, г. Мікалаеў, Украіна — 20.3.1935),

савецкі балотазнавец і палеабатанік. Скончыў Маскоўскі ун-т (1907). З 1908 працаваў у Пецярбургскім бат. садзе, з 1918 на навук. і пед. рабоце ў Маскве, з 1934 у БДУ. Распрацаваў метад вывучэння сувязі паміж раслінным покрывам, водным рэжымам, геал. будовай балот і хім. саставам торфу. Увёў у практыку метад пылковага аналізу торфу. Склаў падрабязную характарыстыку балотных масіваў Беларусі, еўрап. ч. Расіі, Закаўказзя, Зах. Сібіры, Д. Усходу.

Тв.:

Тарфяныя балоты, іх утварэнне і развіццё. Мн., 1930.

т. 6, с. 13

ДАКТЫЛА... (ад грэч. daktylos палец), першая састаўная частка складаных слоў, што абазначае: які звязаны з пальцамі, які адносіцца да пальцаў, напр., дактылалогія, дактыласкапія.

т. 6, с. 13

ДАКТЫЛАЛО́ГІЯ (ад дактыла... + ...логія),

спосаб зносін глухіх людзей з дапамогай ручной азбукі. Шырока выкарыстоўваецца ў першапачатковы перыяд абучэння глухіх дзяцей (у дзіцячым садку і школе) як вядучы сродак фарміравання мовы і зносін, таксама адзіны сродак зносін сярод слепаглуханямых. У ручной азбуцы столькі ж знакаў, колькі літар у алфавіце. Паводле абрысу многія дактыльныя знакі нагадваюць літары і звычайна паказваюцца пальцамі адной рукі. Той, хто гаворыць, мяняе фігуры з пальцаў, а той, хто ўспрымае, складае з іх словы. Мовы з рознымі алфавітамі маюць кожная сваю дактылалагічную сістэму. На Беларусі пашырана рус. Д. Законам Рэспублікі Беларусь аб сац. ахове інвалідаў (1991) мова жэстаў прызнаецца ў якасці сродку міжасобасных зносін, навучання і прадастаўлення паслуг перакладу.

т. 6, с. 13