ДАБРАВО́ЛЬСКІ Віктар Мікалаевіч
(23.1.1906, г. Адэса, Украіна — 28.7.1984),
украінскі акцёр. Нар. арт. СССР (1960). З 1922 у вандроўных т-рах. З 1926 у Адэскім укр. драм. т-ры. У 1939—63 у Кіеўскім укр. драм. т-ры імя І.Франко, у 1964—84 у Кіеўскім рус. драм. т-ры імя Лесі Украінкі. Сярод роляў: Міхайла Гурман («Украдзенае шчасце» Франко), Карп Ветравой («Калінавы гай» А.Карнейчука; Дзярж. прэмія СССР 1951), Макбет (аднайм. п’еса Шэкспіра), Агаба Бачверадзе («Пакуль арба не перакулілася» А.Іаселіяні) і інш. З 1926 здымаўся ў кіно: «Пётр І», «Подзвіг разведчыка», «У стэпах Украіны» і інш. Дзярж. прэмія Украіны імя Т.Р.Шаўчэнкі 1983.
т. 5, с. 557
ДАБРАВО́ЛЬСКІ Георгій Цімафеевіч
(1.6.1928, г. Адэса, Украіна — 30.6.1971),
савецкі касманаўт. Герой Сав. Саюза (1971, пасмяротна), лётчык-касманаўт СССР (1971). Скончыў Адэскую спецшколу ВПС (1946), Чугуеўскае ваенна-авіяц. вучылішча (1950), Ваенна-паветр. акадэмію імя Гагарына (1961). З 1963 у атрадзе касманаўтаў. 6—30.7.1971 з У.М.Волкавым і В.І.Пацаевым здзейсніў палёт на касм. караблі «Саюз-11» і арбітальнай станцыі «Салют» (як камандзір). Пры вяртанні на Зямлю ў выніку парушэння герметычнасці кабіны касм. карабля Дабравольскі і члены экіпажа загінулі. Правёў у космасе 23,8 сут. Залаты медаль імя К.Э.Цыялкоўскага АН СССР.
т. 5, с. 557
ДАБРАВО́ЛЬСКІ Ерафей Уладзіміравіч
(19.11.1903, в. Шалаеўка Кіраўскага р-на Магілёўскай вобл. — 21.4.1987),
генерал-лейтэнант (1945), Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў Кіеўскае пях. вучылішча (1931), курсы «Выстрал» (1940), Вышэйшыя акад. курсы пры Ваен. акадэміі Генштаба (1947). У Чырв. Арміі з 1925. У Вял. Айч. вайну з ліп. 1941 на Зах., Калінінскім, 1-м Прыбалт. і 1-м Бел. франтах: камандзір палка, нач. штаба, камандзір стрэлк. дывізіі, корпуса. Войскі 16-га корпуса на чале з Дабравольскім вызначыліся ў студз. 1945 у баях на р. Вісла каля г. Казімеж (Польшча) пры прарыве абароны і разгроме праціўніка. Да 1958 у Сав. Арміі.
т. 5, с. 557
ДАБРАВО́ЛЬСКІ Іван Вікенцьевіч
(1780—90-я г., Магілёўшчына — 1851),
скрыпач, дырыжор, кампазітар, фалькларыст, педагог, муз. дзеяч. Быў рэгентам хору і капельмайстрам духавой і інстр. музыкі магілёўскага епіскапа Анастасія. Каля 1810 пераехаў з капэлай у Астрахань. Адзін з арганізатараў астраханскага т-ра (з 1820 яго антрэпрэнёр, разам з Ц.Цімафеевым). З пач. 1840-х г. працаваў настаўнікам музыкі ў Гродзенскай гімназіі; узначальваў аматарскі аркестр. Вял. значэнне мела выданне Дабравольскага «Азиатского музыкального журнала» (1816—18), дзе ўпершыню ўжыты літаграфскі спосаб у нотадрукаванні, а таксама запіс, публікацыя і апрацоўка муз. фальклору народаў Сярэдняй Азіі і Каўказа з выкарыстаннем прыёмаў еўрап. кампазітарскай тэхнікі. У часопісе друкаваліся і інстр. п’есы для хатняга музіцыравання, у т. л. самога Дабравольскага («Паланэз» для скрыпкі і інш.).
Літ.:
Коростин А.Ф. Начало литографии в России. М., 1943. С. 73—77;
Капилов А.Л. Скрипка белорусская. Мн., 1982.
т. 5, с. 557
ДАБРАВО́ЛЬСКІ Уладзімір Мікалаевіч
(11.8.1856, с. Краснасвяцкае Пачынкаўскага р-на Смаленскай вобл., Расія — 7.5.1920),
бел. і рус. этнограф, фалькларыст, краязнавец, лексікограф. Скончыў Маскоўскі ун-т (1880). Настаўнічаў. З 1918 чытаў лекцыі ў Бел. нар. ун-це (Масква), у Віцебскім ін-це нар. асветы, Смаленскім аддз. Маскоўскага археал. ін-та. З 1880-х г. збіраў фальклор, даследаваў матэрыяльную культуру народа. Вывучаў абрады, святы, вераванні Смаленшчыны, нар. тэатр і інш. Асн. працы «Смаленскі этнаграфічны зборнік» (ч. 1—4, 1891—1903), «Смаленскі абласны слоўнік» (1914). Аўтар арт. «Прыказка і загадка» (1898), «Смерць, пахаванне і галашэнні» (1900), «Кросны» (1902), «Адрозненні ў вераваннях і звычаях беларусаў і велікарусаў Смаленскай губерні» (1903), «Нячыстая сіла ў народных вераваннях» (1908), «Абрады і павер’і, якія датычацца хатніх і палявых работ сялян Смаленскай губерні» (1909), «Бабёр у Смаленскай зямлі па летапісных, археалагічных і сучасных дадзеных» (1916). З М.Дз.Бэрам запісаў больш за 500 мелодый нар. песень. Чэшскі этнамузыколаг Л.Куба ў час прыезду да Дабравольскага запісаў бел. нар. песні в. Данькава Смаленскага пав. (апубл. ў 1887).
Літ.:
Шлюбскі А. Этнаграфічная дзейнасць Дабравольскага. Мн., 1928;
Романов Ю.С. Жизнь и научная деятельность В.Н.Добровольского // Материалы по изучению Смоленской области. М., 1970. Вып. 7;
Акунькова А.М. Жыццё і навукова-педагагічная дзейнасць У.М.Дабравольскага // Этнаграфічны зборнік. Мн., 1975;
Яе ж. Беларуская казка ў запісах У.М.Дабравольскага // Беларуская фалькларыстыка. Мн., 1980.
І.У.Саламевіч.
т. 5, с. 558
ДАБРАВО́ЛЬСКІ Уладзімір Уладзіміравіч
(6.6.1880, г. Мазыр — 18.8.1956),
савецкі вучоны ў галіне механікі. Чл.-кар. АН СССР (1946), д-р тэхн. н., праф. (1920). Засл. дз. нав. і тэхн. РСФСР (1943). Скончыў Маскоўскае вышэйшае тэхн. вучылішча (1906). У 1922—49 у ВНУ Масквы. Адначасова ў 1937—53 у Ін-це машыназнаўства. Навук. працы па тэорыі механізмаў, дастасоўнай механіцы, кінематычнай геаметрыі. Распрацаваў класіфікацыю механізмаў, тэорыю сферычных і складаных зубчастых механізмаў. Аўтар навуч. дапаможнікаў па матэматыцы, механіцы, тэорыі механізмаў і машын. Прэмія імя П.Л.Чабышова АН СССР (1946).
Тв.:
Теория механизмов. 2 изд. М., 1953.
Літ.:
Артоболевский И.И. Краткий очерк жизни и деятельности В.В.Добровольского // Тр. семинара по теории машин и механизмов. М.; Л., 1950. Т. 9, вып. 36.
А.А.Гусак.
т. 5, с. 558
ДАБРАВО́ЛЯ,
вёска ў Свіслацкім р-не Гродзенскай вобл. Цэнтр сельсавета. За 18 км на ПдЗ ад гар. пас. і 16 км ад чыг. ст. Свіслач, 120 км ад Гродна. 681 ж., 338 двароў (1997). Сярэдняя школа, клуб, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Помнік архітэктуры — царква Іаана (1840).
т. 5, с. 558
ДАБРАГО́ШЧА,
вёска ў Жлобінскім р-не Гомельскай вобл., каля аўтадарогі Жлобін—Светлагорск. Цэнтр сельсавета і саўгаса. За 34 км на ПдЗ ад Жлобіна, 117 км ад Гомеля, 6 км ад чыг. ст. Яшчыцы. 660 ж., 260 двароў (1997). Сярэдняя школа, клуб, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан.
т. 5, с. 558
ДАБРАЛЮ́БАЎ Анатоль Іванавіч
(н. 30.6.1930, Мінск),
бел. вучоны ў галіне механікі і тэхн. кібернетыкі. Д-р тэхн. н. (1988), праф. (1989). Скончыў БПІ (1953). З 1965 у Ін-це тэхн. кібернетыкі Нац. АН Беларусі. Навук. працы па аналізе, сінтэзе і мадэляванні дыскрэтных сістэм кіравання машынамі, аўтаматызацыі праектавання, тэорыі механізмаў і машын, тэарэт. механіцы, геафізіцы.
Тв.:
Бегущие волны деформации. Мн., 1987;
Государственная власть как техническая система: О трех великих социальных изобретениях человечества. Мн., 1995;
Волновой перанос вещества. Мн., 1996.
М.П.Савік.
т. 5, с. 558
ДАБРАЛЮ́БАЎ Ігар Міхайлавіч
(н. 22.10.1933, г. Новасібірск, Расія),
бел. кінарэжысёр. Нар. арт. Беларусі (1985), засл. дз. маст. Беларусі (1974). Скончыў БДУ (1956), Усесаюзны дзярж. ін-т кінематаграфіі (1963). З 1962 на кінастудыі «Беларусьфільм». З 1992 праф., заг. кафедры Ін-та сучасных ведаў у Мінску. Яго фільмы адметныя актуальнасцю праблематыкі, актыўнасцю аўтарскай пазіцыі. Сярод лепшых: «Іван Макаравіч» (1958, прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1970; прыз Міжнар. кінафестывалю дзіцячых фільмаў у Венецыі, 1970), «Братушка» (1976, са студыяй маст. фільмаў «Сафія», Балгарыя; сярэбраны медаль імя А.Даўжэнкі 1976), «Расклад на паслязаўтра» (1979), «Трэцяга не дадзена» (1981), «Белыя росы» (1983), «Восеньскія сны» (1987), «Плач перапёлкі» (1991, тэлевізійны, шматсерыйны).
т. 5, с. 558