Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ВЯЖБІ́ЦКІ

(Wierzbicki) Юзаф Станіслаў (12.2.1853, в. Генрыкавец, каля г. Магілёў-Падольскі, Украіна — пасля 1932),

польскі паэт. Скончыў Кіеўскі ун-т. Працаваў адвакатам у Мінску. З 1918 у Польшчы. Аўтар драмы «З жыцця» (1880), зб-каў «Паэзія» (т. 1—2, 1882—84), «Рапсодыі» (1901), «Да сонейка» (1905), «Атлантыда» (1910), «Кніга санетаў» (1922). Зб-кі «На світанку» (1898), «Кніга маўчання» (1914, выдадзены ў Мінску). Паэма «Ганка. Падольская аповесць» (1888) пра трагічнае каханне маладых людзей, раздзеленых класавымі межамі. Вяжбіцкі зазнаў уплыў гіст. школы і пострамантызму, яго творам уласцівыя актуальнасць праблематыкі, публіцыстычнасць.

В.В.Саладоўнікаў.

т. 4, с. 338

ВЯ́ЖУЧЫЯ РЭ́ЧЫВЫ ў будаўніцтве, рэчывы, якія пераходзяць з вадкага або цестападобнага стану ў каменепадобны і звязваюць пры гэтым змешаныя з імі запаўняльнікі ці змацоўваюць камяні. Бываюць неарганічныя (мінеральныя) і арганічныя. Выкарыстоўваюцца для вырабу бетону і будаўнічых раствораў, гідра-, цепла- і гукаізаляцыйных матэрыялаў і вырабаў, канструкцыйных і дэкар. пластыкаў і інш.

Неарганічныя вяжучыя рэчывы — парашкападобныя рэчывы, здольныя пры змешванні з вадой утвараць пластычную кансістэнцыю і цвярдзець. Бываюць: гідраўлічныя, якія пасля змешвання з вадой цвярдзеюць і захоўваюць трываласць на паветры і ў вадзе (партландцэмент і яго разнавіднасці, пуцаланавыя, шлакавыя і гліназёмістыя цэменты, гідраўл. вапна і інш.); паветраныя, якія цвярдзеюць і захоўваюць трываласць толькі на паветры (гіпсавыя і магнезіяльныя рэчывы, паветр. вапна і інш.); аўтаклаўнага цвярдзення, якія эфектыўна цвярдзеюць толькі пад ціскам у аўтаклавах (вапнава-крэменязёмістыя і вапнава-нефелінавыя вяжучыя, пясчаністы партландцэмент і інш.). Арганічныя вяжучыя рэчывы — цвёрдыя або вязкавадкія прыродныя ці штучныя высокамалекулярныя злучэнні, здольныя пад уплывам фіз.-хім. працэсаў пераходзіць у цвёрды або малапластычны стан. Падзяляюцца на бітумныя (гл. Асфальт, Бітумы), дзёгцевыя і палімерныя (гл. Палімеры). У састаў вяжучых рэчываў уводзяць дабаўкі, якія паляпшаюць іх якасць або надаюць новыя ўласцівасці. На Беларусі ёсць значныя паклады сыравіны для атрымання вяжучых рэчываў (гл. Будаўнічых матэрыялаў прамысловасць).

І.І.Леановіч.

т. 4, с. 339

ВЯЗ,

лём (Ulmus), род кветкавых раслін сям. вязавых. Каля 45 відаў. Многія віды вяза вядомы пад назвамі бераст, карагач, лём і інш. Пашыраны пераважна ва ўмераным поясе Паўн. паўшар’я. На Беларусі 4 віды: вяз гладкі, або звычайны (Ulmus laevis); голы, або горны (Ulmus glabra); малы, або грабалісты, бераст, карагач (Ulmus minor); шурпаты (Ulmus scabra). Растуць як дамешак у падросце і другім ярусе пераважна ў шыракалістых лясах на глебах з праслойкамі карбанатаў, асабліва ў далінах рэк. У паўд. раёнах трапляецца разнавіднасць вяза малога з коркавымі нарасцямі на ствалах і галінках, якую іншы раз разглядаюць як асобны від — вяз коркавы (Ulmus suberosa). У Цэнтр. бат. садзе АН Беларусі інтрадукаваны 10 відаў, з іх у зялёным будаўніцтве выкарыстоўваюцца вяз амерыканскі (Ulmus americana), прысадзісты (Ulmus pumila) і чырвоны (Ulmus rubra).

Лістападныя, рэдка шматгадовазялёныя аднадомныя ветраапыляльныя дрэвы і кусты з шырокацыліндрычнай густой кронай. Лісце суцэльнае, чаргаванае, двухзубчастае з ланцэтнымі прылісткамі. Кветкі двухполыя, дробныя, непрыкметныя, у пучках або галоўках. Цвітуць ранняй вясной да распускання лісця. Плод — сухі сціснуты крылападобны арэшак (крылатка). Выкарыстоўваюцца для азелянення і ў дэкар. садоўніцтве, добра пераносяць падстрыганне, перасадку, маюць шмат садовых формаў. Драўніна ідзе на сталярныя вырабы, вытв-сць мэблі і інш. Добрыя дубільнікі, меданосы і перганосы.

т. 4, с. 339

ВЯЗА́ЛЬНАЯ МАШЫ́НА,

гл. Трыкатажная машына.

т. 4, с. 339

«ВЯЗА́НКА»,

бел. народны танец. Фігуры разнастайных полек («Полька з падскокам», «Полька дробная», «Полька бабская», «Полька ўпрысюды», «Полька на загонах», «Вуж», «Мяцеліца») у ім як бы звязваюцца паміж сабой жарт. прыпеўкамі. Муз. памер 2/4. Тэмп хуткі. Зафіксавана ў 1940-я г. ў Ланскім с/с Нясвіжскага р-на, увайшла ў рэпертуар танц. калектываў Беларусі.

Л.К.Алексютовіч.

т. 4, с. 339

ВЯЗА́ННЕ,

від тэкстыльнага пляцення з суцэльнай ніткі, выгнутай у петлі, якія злучаюцца паміж сабой у падоўжным і папярочным напрамках, утвараючы эластычнае палатно — трыкатаж, вытворчасць трыкат. вырабаў; від народнага дэкаратыўна-прыкладнага мастацтва. Адрозніваюць вязанне ручное і машыннае. Прамежкавае месца займае вязанне з дапамогай ручных вязальных апаратаў рознай ступені складанасці.

Існуюць 2 асн. спосабы вязання: правязванне пятлі з адначасовым яе закрываннем (вязанне кручком) і правязванне рада незакрытых петляў з наступным іх закрываннем (вязанне пруткамі або з дапамогай прыстасаванняў у выглядзе ліштваў з калкамі). На Беларусі вязанне кручком і пруткамі вядомае з 18 ст., да 20 ст. цалкам выцесніла захаванае яшчэ ад бронзавага веку іголкавае пляценне. Камбінацыі розных прыёмаў вязання даюць магчымасць ствараць багатыя структурна-каляровыя эфекты трыкат. вырабаў. Найб. прыдатныя для вязання ніткі льняныя, баваўняныя, ваўняныя, з хім. валокнаў і змешаныя. Тонкім метал. кручком вяжуць карункі, карункавыя прошвы і падзоры для ручнікоў і бялізны, сурвэткі, абрусы, пакрывалы, адзенне і дэталі да яго; тоўстым драўляным кручком — палавікі і дыванкі. Пруткамі (метал., пластмасавыя) вяжуць сукенкі, блузкі, шарсцяныя жакеты, джэмперы, хусткі, шапкі, пальчаткі, панчохі і інш. вырабы.

Машыннае вязанне на трыкатажных машынах бывае 2 тыпаў: папярочнавязальнае (кулірнае) і асновавязальнае. Выкарыстоўваюць у вытв-сці адзення, бялізны, галантарэйных і швейных вырабаў (гл. Трыкатажная прамысловасць).

А.У.Лось.

т. 4, с. 339

ВЯ́ЗАНЬ,

вёска ў Дзяржынскім р-не Мінскай вобл., на аўтадарозе Мінск—Дзяржынск. Цэнтр Фаніпальскага с/с. За 13 км на ПнУ ад г. Дзяржынск, 25 км ад Мінска, 0,5 км ад чыг. ст. Фаніпаль. 200 ж., 71 двор (1996). Бібліятэка.

т. 4, с. 339

ВЯ́ЗАЎ Анатоль Міхайлавіч

(24.4.1910, г. Гомель — 5.8.1986),

артыст цырка. Засл. арт. Беларусі (1964). У цырку з 1927, артыст Саюздзяржцырка. Акрабат, скакун, дывановы клоун у масцы Чарлі Чапліна. Вынаходнік і асн. выканаўца арыгінальнага гімнастычнага нумара — паветранага палёту без сеткі з амартызатарам, у якім спалучалася майстэрства гімнаста і коміка. Здымаўся ў фільмах «Два-Бульдзі-два», «Цырк», «Дзяўчынка на шары».

т. 4, с. 340

ВЯ́ЗАЎКА,

рака ў Дзятлаўскім р-не Гродзенскай вобл., левы прыток Нёмана. Даўж. 21 км. Пл. вадазбору 122 км².

Пачынаецца за 2 км на ПдУ ад в. Гірычы. Асн. прыток — Карыценка. На рацэ каля вёскі Нямковічы, Парэчча, Раманавічы створаны сажалкі.

т. 4, с. 340

ВЯ́ЗЕЛЬ,

заечая канюшына, заечы хмель (Coronilla), род кветкавых раслін сям. бабовых. 55 відаў. Пашыраны ва ўмерана цёплых і субтрапічных рэгіёнах Еўропы, Азіі, Афрыкі, але пераважна ў краінах Міжземнамор’я і трапічнай Афрыкі. На Беларусі (пераважна ў паўд. раёнах) трапляецца вязель стракаты (Coronilla varia). Расце на сухіх лугах, узлесках, каля дарог.

Адна- або шматгадовыя травяністыя расліны са шматлікімі галінастымі голымі ці валасістымі, прамастойнымі, узыходнымі ці ляжачымі сцёбламі і карэнішчам, радзей паўкусты і кусты. Лісце няпарнаперыстаскладанае, чаргаванае з эліпсоіднымі лісцікамі і ланцэтнымі прылісткамі, рэдка простае або трайчастае. Кветкі дробныя, духмяныя, ружовыя, бела-ружовыя, бела-фіялетавыя або жоўтыя ў шарападобных парасоніках на доўгіх пазухавых ці верхавінкавых кветаносах. Плод — лінейны, прамы або сагнуты, дугападобны, рэдка смоўжападобна скручаны членісты струк. Лек. (мачагонны, слабіцельны, сардэчны і гіпатэнзіўны сродак), кармавыя, меданосныя, сідэратныя і дэкар. расліны. Асобныя віды — ядавітыя (маюць сардэчныя гліказіды каранізід і каранілін).

т. 4, с. 340