Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ТЭ́ЛЕКС [ад англ. tel(egraf) тэлеграф + ex(change) камутатар],

міжнародная сетка абаненцкага тэлеграфавання. Абсталяваны аўтам. тэлеграфнымі станцыямі. На найб. адказных участках Т. карыстаюцца каналамі частотнага тэлеграфавання. Прызначана для вядзення дакумент. перагавораў. Замяняецца больш дасканалай факсімільнай сувяззю.

т. 16, с. 117

ТЭ́ЛЕМАН (Telemann) Георг Філіп (14.3.1681, г. Магдэбург, Германія — 25.6.1767),

нямецкі кампазітар, капельмайстар, муз. тэарэтык, адзін з буйнейшых кампазітараў 18 ст. Вучыўся музыцы ў гар. школе Магдэбурга і ў К.​Кальвера. Працаваў арганістам, пісаў оперы для гар. т-ра ў Лейпцыгу. З 1704 прыдворны капельмайстар пры герцагскім двары ў Польшчы, працаваў у Эйзенаху, Франкфурце-на-Майне (Германія), з 1721 музік-дырэктар 5 гал. цэркваў у Гамбургу. Адзін з першых перайшоў ад поліфаніі да гамафонна-гарманічнага стылю кампазіцыі. Значнае месца ў яго творчасці займае інстр. музыка, у аснове якой праграмныя творы. Аўтар опер (больш за 40), араторый, кантат, пасіёнаў, мес, магніфікатаў, арк. сюіт, у т. л. праграмных («Дон Кіхот»), канцэртаў з саліруючымі інструментамі, камерна-інстр. і вак. твораў, больш як 700 песень.

т. 16, с. 117

ТЭЛЕМА́ТЫКА, тэлематычная служба,

сукупнасць аператыўных сродкаў электрасувязі. Забяспечвае абмен дыскрэтнымі літарна-лічбавымі і відэаграфічнымі (чорна-белымі і каляровымі) паведамленнямі паміж абанентамі, а таксама атрыманне інфарм.-даведачных матэрыялаў з цэнтралізаваных банкаў даных, напр., з глабальнай сеткі Інтэрнет. Прыём-перадача паведамленняў ажыццяўляецца па каналах тэлефоннай сеткі агульнага карыстання. Да Т. адносяць відэатэкс, розныя віды факсімільнай сувязі і інш.

т. 16, с. 117

ТЭЛЕМЕТРЫ́Я (ад тэле... + ...метрыя),

тое, што тэлевымярэнне. Тэрмінам «Т.» традыцыйна карыстаюцца ў дачыненні да дыстанцыйных даследаванняў у біялогіі (біятэлеметрыя), метэаралогіі (метэаралагічная Т.), да інфармацыі, што перадаецца па радыёканалах, — радыётэлеметрыя.

т. 16, с. 117

ТЭЛЕМЕХА́НІКА (ад тэле... + механіка),

галіна навукі і тэхнікі, якая ахоплівае тэорыю, спосабы і тэхн. сродкі аўтам. перадачы на адлегласць каманд кіравання і інфармацыі аб стане кіравальных аб’ектаў. Уключае тэлекіраванне, тэлесігналізацыю і тэлевымярэнні.

Дазваляе ажыццяўляць каардынацыю работ вял. колькасці тэрытарыяльна аддаленых агрэгатаў, машын і інш. і звязваць іх у адзіную тэлемеханічную сістэму з цэнтралізаваным кіраваннем. Кіраванне і кантроль з дапамогай сродкаў Т. ажыццяўляецца з пункта кіравання (дыспетчарскага пункта), дзе знаходзіцца аператар (дыспетчар). Для перадачы інфармацыі ў Т. карыстаюцца эл., аптычнымі, оптавалаконнымі, гідраакустычнымі і інш. лініямі сувязі. Ад інш. галін тэхнікі, дзе перадаюць інфармацыю на адлегласць (напр., тэлефаніі, тэлеграфіі, тэлебачання), Т. адрозніваецца патрабаваннямі высокай дакладнасці перадачы вымераных велічынь, недапушчальнасцю вял. запазненняў сігналаў, высокай надзейнасцю перадачы каманд (імавернасць узнікнення памылковай каманды не больш за 10​−6), высокай ступенню аўтаматызацыі працэсаў збораў і перапрацоўкі інфармацыі і інш. Найб. пашырана ў электраэнергетыцы, на нафтавых і газавых промыслах і магістральных трубаправодах, горнай прам-сці, чыгунцы, радзей — у камунальнай гаспадарцы. Сродкамі Т. карыстаюцца таксама для кіравання палётамі ракет і касм. апаратаў, метэаралогіі і інш.

Літ.:

Ильин В.А. Телеуправление и телеизмерение. 3 изд. М., 1982;

Тутевич В.Н. Телемеханика. 2 изд. М., 1985.

Я.​І.​Анацкі, М.​І.​Сарока.

т. 16, с. 117

ТЭЛЕМЕХАНІ́ЧНАЯ СІСТЭ́МА,

комплекс сродкаў тэлемеханікі для перадачы на адлегласць каманд ад аператара (ці кіроўнай ЭВМ) да аб’ектаў кіравання, а таксама кантрольнай, вымяральнай і інш. інфармацыі — у адваротным напрамку. Складаецца з пункта кіравання (ПК), дзе знаходзіцца аператар (дыспетчар), пунктаў, дзе размяшчаюцца аб’екты кіравання (кантролю), і ліній сувязі паміж імі. Складаная Т.с. можа мець некалькі ПК, раўнапраўных ці падпарадкаваных адзін аднаму ў адпаведнасці з іерархічным прынцыпам.

т. 16, с. 118

ТЭЛЕНО́МУСЫ (Telenomus),

род насякомых сям. сцэліянідаў атр. перапончатакрылых. 7 відаў. Пашыраны ў Еўразіі, Паўн. Амерыцы. Паразітуюць у яйцах (яйцаеды) матылёў, клапоў, мух. Т. зграбнага (T. gracilis), роўнага (T. Iaeviusculus), шарнірнага (T. verticillatus) выкарыстоўваюць для барацьбы з хваёвым і кольчатым коканапрадамі.

Цела даўж. 0,7—1,5 мм, чорнае. Брушка з яйцакладам на канцы. Развіццё з поўным ператварэннем. За год да 10 пакаленняў. Зімуюць лічынкі ў яйцах гаспадара. Разводзяць і выкарыстоўваюць як рэгулятары колькасці шкодных насякомых, у т. л. сляпнёў, шкоднай чарапашкі.

Тэленомус зграбны.

т. 16, с. 118

ТЭЛЕПА́ТЫЯ,

гл. ў арт. Парапсіхалогія.

т. 16, с. 118

ТЭЛЕПІ́НУС, Тэлепіну,

у старажытнай хецкай і хацкай рэлігіях і міфалогіях бог урадлівасці. Лічыўся сынам бога навальніцы Тару. Т. — гал. герой цыкла хецкіх і хацкіх міфаў пра бога, які знікае і вяртаецца. Знікненне Т. звязваецца з яго гневам: у гэты час настае -засуха, свойская жывёла перастае даваць патомства. Калі ўлагоджаны багіняй Камрусепай Т. вяртаецца, на зямлю зноў зыходзіць урадлівасць, а на жывёлу — плоднасць.

т. 16, с. 118

ТЭЛЕРГО́НЫ (ад тэле... + грэч. ergon работа, уздзеянне),

рэчывы, якія выдзяляюцца жывёламі ў навакольнае асяроддзе і ўздзейнічаюць на жывёл таго ж (ферамоны) ці інш. віду (кайрамоны, аламоны).

т. 16, с. 118