ТЭЛЕМЕХА́НІКА (ад тэле... + механіка),
галіна навукі і тэхнікі, якая ахоплівае тэорыю, спосабы і тэхн. сродкі аўтам. перадачы на адлегласць каманд кіравання і інфармацыі аб стане кіравальных аб’ектаў. Уключае тэлекіраванне, тэлесігналізацыю і тэлевымярэнні.
Дазваляе ажыццяўляць каардынацыю работ вял. колькасці тэрытарыяльна аддаленых агрэгатаў, машын і інш. і звязваць іх у адзіную тэлемеханічную сістэму з цэнтралізаваным кіраваннем. Кіраванне і кантроль з дапамогай сродкаў Т. ажыццяўляецца з пункта кіравання (дыспетчарскага пункта), дзе знаходзіцца аператар (дыспетчар). Для перадачы інфармацыі ў Т. карыстаюцца эл., аптычнымі, оптавалаконнымі, гідраакустычнымі і інш. лініямі сувязі. Ад інш. галін тэхнікі, дзе перадаюць інфармацыю на адлегласць (напр., тэлефаніі, тэлеграфіі, тэлебачання), Т. адрозніваецца патрабаваннямі высокай дакладнасці перадачы вымераных велічынь, недапушчальнасцю вял. запазненняў сігналаў, высокай надзейнасцю перадачы каманд (імавернасць узнікнення памылковай каманды не больш за 10−6), высокай ступенню аўтаматызацыі працэсаў збораў і перапрацоўкі інфармацыі і інш. Найб. пашырана ў электраэнергетыцы, на нафтавых і газавых промыслах і магістральных трубаправодах, горнай прам-сці, чыгунцы, радзей — у камунальнай гаспадарцы. Сродкамі Т. карыстаюцца таксама для кіравання палётамі ракет і касм. апаратаў, метэаралогіі і інш.
Літ.:
Ильин В.А. Телеуправление и телеизмерение. 3 изд. М., 1982;
Тутевич В.Н. Телемеханика. 2 изд. М., 1985.
Я.І.Анацкі, М.І.Сарока.
т. 16, с. 117
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)