ТЭ́ЛЕМАН (Telemann) Георг Філіп (14.3.1681, г. Магдэбург, Германія — 25.6.1767),
нямецкі кампазітар, капельмайстар, муз. тэарэтык, адзін з буйнейшых кампазітараў 18 ст. Вучыўся музыцы ў гар. школе Магдэбурга і ў К.Кальвера. Працаваў арганістам, пісаў оперы для гар. т-ра ў Лейпцыгу. З 1704 прыдворны капельмайстар пры герцагскім двары ў Польшчы, працаваў у Эйзенаху, Франкфурце-на-Майне (Германія), з 1721 музік-дырэктар 5 гал. цэркваў у Гамбургу. Адзін з першых перайшоў ад поліфаніі да гамафонна-гарманічнага стылю кампазіцыі. Значнае месца ў яго творчасці займае інстр. музыка, у аснове якой праграмныя творы. Аўтар опер (больш за 40), араторый, кантат, пасіёнаў, мес, магніфікатаў, арк. сюіт, у т. л. праграмных («Дон Кіхот»), канцэртаў з саліруючымі інструментамі, камерна-інстр. і вак. твораў, больш як 700 песень.
т. 16, с. 117
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)