Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

РУ́КАПІСЫ МЁРТВАГА МО́РА,

гл. Мёртвага мора рукапісы.

т. 13, с. 439

РУКА́Ў ракі,

адгалінаванне рэчышча ракі. Узнікае ў выніку намнажэння наносаў у рэчышчы ў выглядзе асяродка або вострава, а таксама пры прарывах лукавін (гл. Меандры). На горных рэках Р. фарміруюцца звычайна пры выхадзе вадацёкаў на перадгорныя раўніны і ў міжгорных паніжэннях, дзе здольнасць ракі пераносіць наносы паслабляецца; на раўнінных рэках Р. характэрны для дэльт. Другарадныя Р. часта называюць пратокамі.

т. 13, с. 439

РУКЕ́ВІЧ (Міхаіл Іванавіч) (12.11.1794, в. Гожна ?, Беласточчына — 11.9.1841),

удзельнік дваранскага рэв. руху. З бел. шляхты. Скончыў Віленскі ун-т (1820). У 1812—14 ваяваў на баку Напалеона ў Літоўскіх войсках 1812. У 1814 трапіў у палон на тэр. Францыі, з 1815 на радзіме. З 1819 член, з сак. 1820 в.а. прэзідэнта тайнага Саюза сяброў. З 1819 чл.-кар., з 1820 правадз. чл. т-ва філаматаў. Адзін з ініцыятараў стварэння т-ва прамяністых (1820), для якога напісаў «Малітву прамяністых», і т-ва філарэтаў. У 1820 разам з З.​Навіцкім стварыў у Беластоцкай гімназіі т-ва «Згодных братоў» (з 1823 «Заране»), У 1823—24 быў арыштаваны па справе філаматаў і філарэтаў, вызвалены за недастатковасцю доказаў. У 1825 ініцыятар стварэння арг-цыі «Ваенныя сябры» і гал. натхняльнік Літоўскага піянернага батальёна выступлення 1825. У 1826 арыштаваны і прыгавораны да смяротнага пакарання, але па царскай канфірмацыі 1827 пазбаўлены шляхецтва і высланы на 10 гадоў катаржных работ у Сібір. Катаргу адбываў разам з дзекабрыстамі ў Чыце (з 1828) і Пятроўскім з-дзе ў Забайкаллі (з 1830). У 1833 пераведзены на пасяленне ў в. Коркіна Іркуцкай губ., дзе і памёр.

В.​В.​Швед.

т. 13, с. 439

РУКЗА́К (ням. Rücksack ад Rücken спіна + Sack мяшок),

заплечны рэчавы мяшок.

т. 13, с. 439

РУКЦЯШЭ́ЛЬ (Алег Сцяпанавіч) (н. 27.5.1941, г. Харкаў, Украіна),

бел. вучоны ў галіне аўтамабілебудавання. Д-р тэхн. н. (1987), праф. <1989). Акад. Міжнар. акадэміі інфарм. тэхналогій (1995). Скончыў БПІ (1963). З 1965 у БПА (з 1990 заг. кафедры). Распрацаваў тэорыю аптымальнага кіравання сілавымі агрэгатамі аўтатрансп. сродкаў, тэорыю аналізу і сінтэзу мікрапрацэсарных сістэм аўтам. кіравання ступеньчатымі трансмісіямі, метадалогію і алгарытмы аўтаматызаванага праектавання сістэм аўтам. пераключэння перадач.

Тв.:

Проектирование трансмиссий автомобилей. М., 1984 (у сааўт.);

Автомобили: Конструкция. конструирование и расчет. Трансмиссия. Мн., 1985 (у сааўт.);

Автомобили: Испытания. Мн., 1991 (у сааўт.).

М.​П.​Савік.

т. 13, с. 439

РУКША́НСКАЕ ВО́ЗЕРА.

Ва Ушацкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Тураўлянка, за 25 км на ПнУ ад г.п. Ушачы. Пл. 0,44 км², даўж. 1,1 км, найб. шыр. 680 м, найб. глыб. 15,2 м, даўж. берагавой лініі больш за 4 км. Пл. вадазбору 3 км². Катлавіна эварзійнага тыпу. Схілы выш. 3—4 м на Пд (да 10 м на ПдУ), разараныя. Берагі пераважна нізкія, на ПдУ зліваюцца са схіламі, у паўн. і паўд.-зах. залівах сплавінныя. Пойма шыр. да 250 м, забалочаная, парослая хмызняком. Мелкаводдзе пясчанае, глыбей дно ілістае і сапрапелістае. Зарастае да глыб. 3 м. Злучана ручаём з воз. Глыбачка, выцякае ручай у воз. Доўгае.

т. 13, с. 439

РУКЮ́.

Нансей, архіпелаг вулканічных і каралавых астравоў у Ціхім акіяне. Тэр. Японіі. Аддзяляе Усх.-Кітайскае м. ад адкрытай ч. Ціхага акіяна. Утварае 6 груп з 98 астравоў, выцягнутых дугападобна з ПнУ на ПдЗ на 1200 км паміж а-вамі Кюсю і Тайвань. Пл. каля 4,8 тыс. км². Найб. а-вы: Акінава і Амамі. Нас. больш за 1 млн. ж. (1997). Паўд.-ўсх. ч. астравоў складзена пераважна з вапнякоў мезакайназою, на ПнЗ пашыраны вулканічныя пароды, у восевай зоне на паверхню часта выходзіць крышт. фундамент. Пераважаюць плато і нізкагор’і (выш. 300—350 м) і нізкія берагавыя тэрасы. Найб. выш. да 1935 м (на в-ве Яку). З дзеючыя і некалькі патухлых вулканаў. Уздоўж берагоў паўд. групы — каралавыя рыфы. Радовішчы фасфарытаў і каменнага вугалю. Клімат на Пн — субтрапічны, на Пд — трапічны, мусонны. Ападкаў 2000—3500 мм за год, частыя тайфуны. Сярэдняя т-ра студз. 14—18 °C, ліп. 27—28 °C. Трапічныя лясы і хмызнякі. Вырошчванне рысу, батату, цукр. трыснягу. Рыбалоўства. Гал. г. Наха (на в-ве Акінава).

т. 13, с. 439

РУЛЕ́ТКА (франц. roulette ад rouler каціць),

1) інструмент для гравіравання на метал. пласціне. Складаецца са стальнога кальца (з зубчастай насечкай на вобадзе), замацавана на сагнутым стрыжні.

2) Р. вымяральнаяметал., пластмасавая або з матэрыі стужка са штрыхавой шкалой, адградуіраванай у міліметрах, сантыметрах і метрах. Даўж. да 100 м. Звычайна змотваецца ў рулон, які ўкладваецца ў спец. футарал.

3) Азартная гульня са спец. прыстасаваннем у выглядзе вярчальнага круга з нумараванымі гнёздамі, у якія пападае кінуты касцяны шарык. Гульцы робяць стаўкі на пэўныя нумары ці групы нумароў.

Рулеткі: 1 — гравіравальная; 2 — вымяральная.

т. 13, с. 439

РУ́ЛІ,

даўняя страва беларусаў. У астуджаную гатаваную ваду крышаць жытні хлеб, цыбулю, кроп, падсольваюць, запраўляюць алеем. У падсалоджаную ваду ці малако крышаць пшанічны або жытні хлеб, булку. Вядома паўсюдна. Наз. таксама мурцоўка, цура, цюпка.

т. 13, с. 439

РУ́ЛІС ((Rullis) Талрыд) (н. 29.12.1940, г. Вентспілс, Латвія),

латышскі перакладчык. Вучыўся ў Латв. ун-це (1959—64, 1969—72). У 1967—84 працаваў у друку, у Латв. Сав. Энцыклапедыі, у выд-ве «Ліесма». Друкуецца з 1962. Асобнымі выданнямі ў яго перакладзе выйшлі раманы і аповесці К.​Чорнага «Трэцяе пакаленне» (1971), І.​Пташнікава «Тартак» (1972), І.​Сяркова «Мы з Санькам у тыле ворага» (1973), А.​Кудраўца «Раданіца» (1974), В.​Быкава «Сотнікаў. Абеліск. Дажыць да світання» (1976), «Жураўліны крык. Пайсці і не вярнуцца» (1984), «Знак бяды» (1986), З.​Бядулі «Салавей» (1977), М.​Гарэцкага «На імперыялістычнай вайне. Віленскія камунары» (1978), І.​Чыгрынава «Плач перапёлкі» (1980), Я.​Коласа «На ростанях» (1982), В.​Казько «Суд у Слабадзе» (1982), А.​Масарэнкі «На бабровых тонях» (1983), У.​Караткевіча «Дзікае паляванне караля Стаха» (1985) і інш. У перыяд. выданнях надрукаваны ў яго перакладзе творы В.​Адамчыка, Быкава, Кудраўца, Я.​Скрыгана, пераклаў паасобныя творы Я.​Брыля, В.​Віткі, В.​Карамазава, В.​Іпатавай, а таксама рус., укр. і літ. пісьменнікаў. Піша артыкулы пра бел. л-ру і праблемы перакладу.

М.​Абала.

т. 13, с. 439