Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

КРЫПТАКАКО́З,

падвостры ці хранічны глыбокі мікоз. Узбуджальнік — дражджавы паразітычны грыбок. Заражэнне адбываецца праз дыхальныя шляхі. Праяўляецца як менінгаэнцэфаліт; пашкоджваюцца лёгкія (клінічна падобны на туберкулёз), скура, слізістыя абалонкі. На скуры з’яўляюцца вузельчыкавая вугрападобная высыпка, інфільтраты, вузлы (хутка распадаюцца, з’яўляюцца язвы з ярка-чырв., інш. раз бліскучым дном). Лячэнне тэрапеўтычнае. Гл. таксама Бластамікозы.

т. 8, с. 519

КРЫПТА́НДЫ,

макрагетэрацыклічныя злучэнні, што маюць некалькі цыклаў, у якіх гетэраатамы (кісларод, азот, сера) злучаны паміж сабой этыленавымі масткамі. Вадкасці ці крышт. рэчывы. Раствараюцца ў вадзе і арган. растваральніках. Утвараюць з катыёнамі шчолачных, шчолачназямельных і некат. інш. металаў трывалыя комплексы — крыптаты. Выкарыстоўваюць як каталізатары, высокаселектыўныя сарбенты і экстрагенты для металаў.

Да арт. Крыптанды. Структурная формула 4,7,10,16,19,24-гексаокса-1, 13-дыазабіцыкла [11.8.5] гексказану.

т. 8, с. 519

КРЫПТАРХІ́ЗМ (ад крыпта... + грэч. orchis яечка),

затрымка (рэтэнцыя) яечка ў працэсе апускання яго з брушной поласці ў машонку ва ўнутрывантробным перыядзе. Праяўляецца адсутнасцю ў машонцы аднаго ці абодвух яечак. Бывае сапраўдны і несапраўдны. Пры сапраўдным К. яечка знаходзіцца ў брушной поласці (абдамінальная форма), пахвінным канале (пахвінная, або інгвінальная, форма) ці за яго межамі каля вонкавага пахвіннага кольца (высокая машоначная форма); асн. прычына — парушэнне ўнутрывантробнага развіцця плода. Найчасцей бывае несапраўдны К. (псеўдарэтэнцыя, яечка мігрыруе) — нармальна апушчанае яечка доўга ці перыядычна знаходзіцца па-за машонкай пад уплывам скарачэння мышцы, што паднімае яго. Лячэнне К. кансерватыўнае (у эндакрынолага) і хірургічнае, пры заганах развіцця (гіпаплазіі) яечак, адсутнасці другасных палавых прыкмет — пажыццёвая гармонатэрапія пасля 15—16 гадоў.

т. 8, с. 519

КРЫПТАФІ́ТЫ [ад крыпта... + ...фіт(ы)],

шматгадовыя травяністыя расліны, у якіх наземныя органы адміраюць у неспрыяльны для вегетацыі сезон, а пупышкі ўзнаўлення закладваюцца на карэнішчах, якія знаходзяцца ў глебе (геафіты) ці пад вадой (гідрафіты); адна з жыццёвых форм раслін. Напр., у флоры Беларусі ў многіх злакаў, асок, хрэну, клубнях (бульба, тапінамбур), цыбулінах (цюльпан).

т. 8, с. 519

КРЫПТО́Н (лац. Krypton),

Kr, хімічны элемент VIII групы перыяд. сістэмы, ат. н. 36, ат. м. 83,8, адносіцца да інертных газаў. Прыродны складаецца з 6 стабільных ізатопаў, найб. колькасць ​84Kr (56,9% па аб’ёме). У атмасферы 1,1410​−4% па аб’ёме. Англ. вучоныя У.Рамзай і М.Траверс адкрылі К. разам з ксенонам і неонам у 1898, з-за цяжкасці атрымання названы ад грэч. kryptos — схаваны.

Аднаатамны газ без колеру і паху, tкіп -153,36 °C, шчыльн. 3,745 кг/м³ (0 °C). З хім. злучэнняў атрыманы толькі К. дыфтарыд KrF2 — бясколерныя крышталі з рэзкім пахам, наймацнейшы акісляльнік. Выкарыстоўваюць для напаўнення лямпаў напальвання, газаразрадных трубак; радыеактыўны ізатоп ​85Кг — як крыніцу β-выпрамянення ў медыцыне.

т. 8, с. 519

КРЫПУ́ЛІ,

вёска ў Докшыцкім р-не Віцебскай вобл., на аўтадарозе Докшыцы—Даўгінава. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 16 км на ПдЗ ад г. Докшыцы, 203 км ад Віцебска, 14 км ад чыг. ст. Параф’янава. 340 ж., 124 двары (1998). Базавая школа, Дом культуры, б-ка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.

т. 8, с. 519

КРЫ́СА (Алег Васілевіч) (н. 1.6.1942, с. Малыя Уханы, Польшча),

украінскі і рас. скрыпач, педагог. Засл. арт. Украіны (1968). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1965, клас Д.Ойстраха). У 1968—73 выкладчык Кіеўскай, з 1975 Маскоўскай кансерваторый. Выступае як саліст і ансамбліст. Першы выканаўца многіх твораў сучасных кампазітараў, у т. л. прысвечаных яму. Лаўрэат Міжнар. конкурсаў скрыпачоў імя Н.Паганіні (Генуя, 1963, 1-я прэмія), імя Г.Вяняўскага (Познань, 1962; Манрэаль, 1969), імя П.Чайкоўскага (Масква, 1966). З 1990-х г. за мяжой.

т. 8, с. 519

КРЫСТАФАРА́НУ ((Cristoforeanu) Флорыка) (28.5.1886, Рымнікул-Сэрат, пав. Бузэў, Румынія — 1.3.1960),

румынская спявачка. Вучылася ў Румыніі, потым у Міланскай кансерваторыі (1904—08). Выступала ў оперных т-рах Італіі, Румыніі, у т-рах аперэты ў Румыніі, Італіі, краінах Паўд. Амерыкі і інш. Валодала голасам рэдкага дыяпазону, выконвала партыі лірычнага і мецца-сапрана: Віялета («Травіята» Дж.Вердзі), Лючыя («Лючыя ды Ламермур» Г.Даніцэці), Саламея («Саламея» Р.Штрауса), Кармэн («Кармэн» Ж.Бізэ), Тоска («Тоска» Дж.Пучыні), Шарлота («Вертэр» Ж.Маснэ). Выканала больш за 100 роляў у аперэтах. Аўтар успамінаў.

т. 8, с. 519

КРЫ́СТЭНСЕН ((Christensen) Енс Крысціян) (21.11.1856, Побёль, Данія — 19.12.1930),

дацкі паліт. і дзярж. дзеяч. У 1890—1924 дэп., у 1912—13 старшыня фолькетынга (парламента). У 1891—97 лідэр парламенцкай фракцыі партыі Венстрэ, у 1897—1908 старшыня гэтай партыі. З 1901 міністр культаў і асветы, у 1905—08 прэм’ер-міністр і ваен. міністр, у 1909 ваен. міністр. Урад К. надаў выбарчае права жанчынам, зменшыў мытныя стаўкі на імпартаваныя прадметы шырокага ўжытку, садзейнічаў узмацненню ўзбр. сіл. У 1916—18 міністр без партфеля, у 1920—22 міністр культаў. Пасля 1924 адышоў ад паліт. дзейнасці.

т. 8, с. 519

КРЫ́СЦІ ((Christie) Агата) (15.9.1891, г. Торкі, Вялікабрытанія — 12.1.1976),

англійская пісьменніца, майстар дэтэктыўнага жанру. Дэбютавала раманам «Таямнічая гісторыя» (1920). Шматлікія раманы (больш за 60) «Пуаро расследуе» (1924), «Таямніца камінаў» (1925), «Забойства Роджэра Экрайда» (1926), «Усходні экспрэс» (1934), «Забойства па алфавіце» (1936), «Смерць на Ніле» (1937), «Дзесяць негрыцянят» (1939), «Н або М?» (1941), «Труп у бібліятэцы» (1942), «Крывая хаціна» (1949), «Кот сярод галубоў» (1959) і інш., п’есы «Пастка», «Сведка абвінавачання» (абедзве 1954), «Бледны конь» (1961), «Трэцяя» (1966) і інш. напісаны ў жанры т.зв. інтуітыўнага дэтэктыва. Злачынства ў іх выкрываецца не з дапамогай фактаў і рэчавых доказаў, а дзякуючы выключнай псіхал. праніклівасці і незвычайнай назіральнасці герояў — Джэйн Марпл і прафес. сышчыка Эркюля Пуаро. Творам К. ўласцівы тонкі гумар, дакладнасць дэталяў у абмалёўцы калізій і персанажаў. За літ. творчасць ёй нададзены дваранскі тытул. На бел. мову асобныя творы К. пераклалі П.Марціновіч, В.Чудаў, К.Дзмітрыенка, М.Котаў.

Тв.:

Бел. пер. — Нябожчыкава люстэрка // Замежны дэтэктыў. Мн., 1988;

Апавяданні // Замежны дэтэктыў. Мн., 1991;

Рус. пер. — Пьесы. М., 1991;

Собр. соч. Т. 1—37. Мн., 1997—98.

Літ.:

Кестхейи Т. Анатомия детектива: Пер. с венг. Дебрецен, 1989;

Бавин С.П. Зарубежный детектив XX в. М., 1991.

Е.А.Лявонава.

т. 8, с. 519