КРЫ́СЦІ ((Christie) Агата) (15.9.1891, г. Торкі, Вялікабрытанія — 12.1.1976),
англійская пісьменніца, майстар дэтэктыўнага жанру. Дэбютавала раманам «Таямнічая гісторыя» (1920). Шматлікія раманы (больш за 60) «Пуаро расследуе» (1924), «Таямніца камінаў» (1925), «Забойства Роджэра Экрайда» (1926), «Усходні экспрэс» (1934), «Забойства па алфавіце» (1936), «Смерць на Ніле» (1937), «Дзесяць негрыцянят» (1939), «Н або М?» (1941), «Труп у бібліятэцы» (1942), «Крывая хаціна» (1949), «Кот сярод галубоў» (1959) і інш., п’есы «Пастка», «Сведка абвінавачання» (абедзве 1954), «Бледны конь» (1961), «Трэцяя» (1966) і інш. напісаны ў жанры т.зв. інтуітыўнага дэтэктыва. Злачынства ў іх выкрываецца не з дапамогай фактаў і рэчавых доказаў, а дзякуючы выключнай псіхал. праніклівасці і незвычайнай назіральнасці герояў — Джэйн Марпл і прафес. сышчыка Эркюля Пуаро. Творам К. ўласцівы тонкі гумар, дакладнасць дэталяў у абмалёўцы калізій і персанажаў. За літ. творчасць ёй нададзены дваранскі тытул. На бел. мову асобныя творы К. пераклалі П.Марціновіч, В.Чудаў, К.Дзмітрыенка, М.Котаў.
Тв.:
Бел. пер. — Нябожчыкава люстэрка // Замежны дэтэктыў. Мн., 1988;
Апавяданні // Замежны дэтэктыў. Мн., 1991;
Рус. пер. — Пьесы. М., 1991;
Собр. соч. Т. 1—37. Мн., 1997—98.
Літ.:
Кестхейи Т. Анатомия детектива: Пер. с венг. Дебрецен, 1989;
Бавин С.П. Зарубежный детектив XX в. М., 1991.
Е.А.Лявонава.
т. 8, с. 519
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)