Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ДЗІ́СЕНСКАЯ КЕРА́МІКА,

ганчарныя вырабы майстроў з г. Дзісна Міёрскага р-на Віцебскай вобл. Промысел вядомы са старажытнасці, у 18 ст. дзейнічаў гаршэчна-мулярскі цэх, куды ўваходзілі і ганчары. Тут выраблялі кухонны, сталовы і тарны посуд, які ў залежнасці ад ёмістасці меў розныя назвы: пецяронка (0,5—0,8 л), чацвяронка (1—1,5 л), траёнка (2—3 л), палавінніца (4—5 л), штука (8—10 л). У канцы 19—1-й пал. 20 ст. посуд выраблялі тачэннем на ганчарным крузе, глазуравалі празрыстай бясколернай, часам зялёнай ці карычневай палівай, аздаблялі выціснутымі прамымі і хвалістымі паяскамі, падпаліўной ангобнай размалёўкай расл. характару. Формы посуду ёмістыя, простых выразных абрысаў. Пашырана была таксама утылітарна-дэкар. кераміка (фігурныя пасудзіны, попельніцы, букетнікі, чарніліцы), дробная пластыка, цацкі.

Я.М.Сахута.

Дзісенская кераміка.

т. 6, с. 117

ДЗІ́СЕНСКАЯ НІЗІ́НА,

частка Полацкай нізіны на ПнЗ Віцебскай вобл. Мяжуе на Пн з Браслаўскай, на Пд са Свянцянскімі градамі. Абс. выш. 135—145 м, найб. нізкая адзнака 130 м (ніжняе цячэнне р. Дзісна). Складзена з азёрных ледавіковых, пераважна стужачных, пясчана-гліністых адкладаў. Фарміраванне нізіны звязана з утварэннем Дзісенска-Полацкага прыледавіковага вадаёма ў браслаўскую стадыю паазерскага зледзянення. Паверхня сучаснай Дз.н. плоска-ўвагнутая, парэзаная далінамі рэк, часта трапляюцца забалочаныя катлавіны з астаткавымі азёрамі. Рачныя даліны слабаўрэзаныя, нявыпрацаваныя, у нізоўях глыбіня ўрэзу да 10 м і больш. У рэльефе вылучаюцца ўчасткі марэнных узвышшаў — былыя астравы Дзісенска-Полацкага вадаёма. Карысныя выкапні: торф, легкаплаўкія гліны. Асн. рака Дзісна з прытокамі Дрысвята, Янка (злева), Бірвета (з Мядзелкай), Галбіца, Бярозаўка, Мнюта, Авута (справа). Азёры: Ельня, Чорнае, Асвята, часткова Богінскае. Сярэдняя т-ра студз. -7 °C, ліп. 17,8 °C, ападкаў 560 мм за год. Пераважаюць дзярнова-падзолістыя слабаглеяватыя, глеяватыя гліністыя і цяжкасугліністыя глебы. На У і 3 нізіны вял. лясныя масівы з хвоі, драбналістых парод і елкі, трапляецца алешнік. Балоты пераходныя і вярховыя. На тэр. Дз.н. гідралагічны заказнік Ельня.

В.П.Якушка.

т. 6, с. 117

ДЗІ́СЕНСКІ ЗА́МАК.

Існаваў у 14—18 ст. Размяшчаўся на в-ве Замак каля сутокаў Дзісны і Зах. Дзвіны ў Міёрскім р-не Віцебскай вобл. У хроніках Лівонскага ордэна згадваецца каля 1374 і 1377. У 14 — пач. 15 ст. выконваў ролю фарпоста Полацка на Зах. Дзвіне. Пасля Грунвальдскай бітвы 1410 страціў стратэг. значэнне. У час Лівонскай вайны 1558—83 прыйшоў у заняпад, 25.7.1654 быў заняты рус. войскам. Замак хутка быў адноўлены, у 1655 меў 14 вежаў, каля 40 гармат. 10.4.1660 заняты войскам ВКЛ. Знішчаны ў час Паўн. вайны 1700—21.

т. 6, с. 117

ДЗІ́СЕНСКІ ЗВОН,

помнік ліцця мастацкага. Адліты з бронзы 30.8.1751 ліцейшчыкамі Іванам, Сцяпанам і Максімам Сініцамі для царквы г. Дзісна Міёрскага р-на Віцебскай вобл. Выш. каля 40 см, найб. дыяметр 30 см. Аздоблены раслінным і хвалістым арнаментам. Дата і фундацыйны надпіс размешчаны ў выглядзе фрызаў, імёны ліцейшчыкаў на тулаве звона. Знаходзіцца ў Дзісенскай царкве.

М.М.Яніцкая.

т. 6, с. 117

ДЗІ́СЕНСКІ ПАВЕ́Т,

адм.-тэр. адзінка на тэр. Беларусі ў 18—20 ст. Утвораны ў крас. 1793 у Мінскай губ., з 1843 у Віленскай губ. Цэнтр — г. Дзісна. Пл. 507,8 кв. вёрст, нас. 208,3 тыс. чал. (1897). У 1886 у павет уваходзілі 2125 нас. пунктаў, 22 воласці: Богінская, Варапаншчынская, Верхненская (Вярхнянская), Глыбоцкая, Друйская, Залеская, Ігуменская, Іодкаўская (Ёдская), Лужкоўская (Лужэцкая), Луцкая, Лявонпальская, Міёрская (Мёрская), Мікалаеўская, Новапагосцкая, Пастаўская. Перабродская, Пліская, Празароцкая, Стафанпольская, Чарневіцкая, Чарэская, Язненская; заштатны г. Друя, 18 мястэчак. З 18.8.1919 да ліп. 1920 Дз. п. у Віцебскай губ. У 1921 у складзе Зах. Беларусі адышоў да Польшчы, уваходзіў у Віленскае ваяв. З 1939 у БССР, са снеж. ў Вілейскай вобл. Скасаваны 15.1.1940.

т. 6, с. 117

ДЗІ́СЕНСКІ РАЁН,

адм.-тэр. адзінка на Беларусі ў 1940—59. Утвораны 15.1.1940 у Вілейскай вобл. Цэнтр — г. Дзісна. 12.10.1940 падзелены на 12 сельсаветаў. Пл. 800 км2, 1 горад і 560 сельскіх нас. пунктаў (1947). З 20.9.1944 у Полацкай, з 8.1.1954 у Маладзечанскай абласцях. Скасаваны 3.10.1959, тэр. перададзена ў Міёрскі і Пліскі р-ны.

т. 6, с. 118

ДЗІ́СЕНСКІ УВАСКРАСЕ́НСКІ МАНАСТЫ́Р.

Дзейнічаў у 1633—1810 у г. Дзісна (цяпер Міёрскі р-н Віцебскай вобл.). Засн. пры Уваскрасенскай царкве. вядомай з 1568. Прыналежнасць манастыра да праваслаўя пацверджана каралеўскімі прывілеямі Уладзіслава IV, Яна Казіміра (1661), Яна III Сабескага (1678), Аўгуста II, Аўгуста III (1736). Існаваў на ахвяраванні мяшчан, у 17 ст. меў невял. маёнтак Горкі. Пры царкве былі тры брацтвы. У 1770 у час пажару Дзісны Уваскрасенская царква згарэла, у 1730-я г. пабудавана новая. У 1810 манастыр зачынены, царква стала прыходскай (згарэла ў 1882). Брацкі крыж 1673, які раней знаходзіўся ў манастыры, украдзены з Адзігітрыеўскай царквы (Дзісна) у 1980-я г.

А.А.Ярашэвіч.

т. 6, с. 118

ДЗІСНА́,

рака ў Віцебскай вобл. і Літве, левы прыток Зах. Дзвіны. Даўж. 178 км, у межах Беларусі каля 149 км. Пл. вадазбору 8180 км2, у межах Беларусі каля 7730 км2. Выцякае з воз. Дзіснай (Літва), цячэ па тэр. Браслаўскага (на мяжы з Літвой), Пастаўскага, Шаркаўшчынскага і Міёрскага р-наў па Дзісенскай нізіне — зах. ч. Полацкай нізіны. У верхнім цячэнні называецца Дзісенка. Асн. прытокі: Бірвета, Галбіца, Бярозаўка, Мнюта, Авута (справа), Дрысвята, Янка, Маціца (злева).

Даліна трапецападобная, шыр. 400—600 м, месцамі да 1,5 км. Рэчышча звілістае, на працягу 7,7 км каналізаванае, шыр. ад 20—30 м да 100 м у нізоўях. Берагі ў вярхоўях нізкія, часткова забалочаныя, на астатнім працягу стромкія, выш. 2—7 м, у месцах выхаду грунтавых вод забалочаныя. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 52,4 м3/с. Рака замярзае ў 2-й дэкадзе снеж., крыгалом у 1-й дэкадзе сакавіка.

Рака Дзісна ў ніжнім цячэнні.

т. 6, с. 118

ДЗІСНА́,

горад у Міёрскім р-не Віцебскай вобл., на р. Дзісна, пры ўпадзенні яе ў Зах. Дзвіну. За 45 км ад г. Міёры, 12 км ад чыг. ст. Боркавічы на лініі Полацк—Даўгаўпілс (Латвія). Аўтадарогамі злучана з Полацкам, Глыбокім, Міёрамі. 2,7 тыс. ж. (1995).

У 10—11 ст. полацкія крывічы заснавалі тут невял. крэпасць — Капец-гарадок, тэр. вакол яго заселена да 13 ст. З 1301 Дз. ў ВКЛ. З 14 ст. згадваецца Дзісенскі замак. З 1563 сяло. У 1567 атрымала герб, у 1569 новы герб (у блакітным полі ладдзя з разгорнутым ветразем) і стала горадам. У 16—17 ст. пабудаваны правасл. Уваскрасенская (гл. Дзісенскі Уваскрасенскі манастыр), Узвіжанская, Спаса-Праабражэнская і уніяцкая Міхайлаўская цэрквы, парафіяльны касцёл, францысканскі кляштар. У 17 ст. цэнтр староства. Вял. страты нанесены Дз. ў часы Лівонскай вайны 1558—89, вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 і Паўн. вайны 1700—21, пажараў і эпідэмій. З 1793 у Рас. імперыі, з 1795 цэнтр Дзісенскага павета Мінскай, з 1842 Віленскай губ. У 1897 у Дз. 6,7 тыс. ж. З 1922 у Дзісенскім пав. Віленскага ваяв. Польшчы. 6073 ж. (1939). З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр Дзісенскага раёна. У Вял. Айч. вайну з 5.7.1941 да 4.7.1944 акупіравана ням. фашыстамі, якія ў горадзе і раёне загубілі 4584 чал., у горадзе стварылі лагер смерці. З 1959 Дз. ў Міёрскім р-не. 2,5 тыс. ж. (1959).

Прадпрыемствы буд. матэрыялаў, харч. прам-сці. Помнік архітэктуры — царква Адзігітрыі (19 ст.). Брацкая магіла сав. воінаў і партызан, магілы ахвяр фашызму. Помнік Вызвалення.

т. 6, с. 118

ДЗІ́ТВА,

рака на тэр. Літвы і Воранаўскага і Лідскага р-наў Гродзенскай вобл., правы прыток р. Нёман. Даўж. 93 км (у межах Беларусі каля 90 км). Пл. вадазбору 1220 км2. Пачынаецца каля г. Эйшышкес у Літве, цячэ ў межах Лідскай раўніны, у нізоўі — па Нёманскай нізіне. Асн. прытокі: Каменка, Восава, Няшкрупа, Крупка, Лідзея (злева), Радунька, Чарняўка (справа). Даліна выразная, яе шыр. да ўпадзення р. Крупка 1—2,5 км, ніжэй 600 м — 1,1 км. Рэчышча ад мяжы з Літвой на працягу 50 км каналізаванае, ніжэй моцназвілістае, падзяляецца на рукавы. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 8,2 м3/с.

т. 6, с. 118