Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Вільдфлуш Ігар Робертавіч

т. 18, кн. 1, с. 364

ВІ́ЛЬДЭ Ірына

(сапр. Палатнюк Дар’я Дзмітрыеўна; 5.5.1907, г. Чарнаўцы, Украіна — 30.10.1982),

украінская пісьменніца. У 1928—33 вучылася ў Львоўскім ун-це. Друкавалася з 1930. Аўтар кніг аповесцей, апавяданняў і нарысаў «Гісторыя аднаго жыцця» (1946), «Яблыні зацвілі ў другі раз» (1949), «Ружы і церні» (1961), «Чалавечае цяпло» (1964), зб. «Мініяцюры» (1969) і інш. У рамане «Сёстры Рычынскія» (кн. 1—2, 1958—64; Дзярж. прэмія Украіны імя Т.Р.Шаўчэнкі 1965) намалявала шырокую панараму міжваеннага дваццацігоддзя ва Усх. Галіцыі. На бел. мову творы Вільдэ перакладалі Я.Брыль, А.Васілевіч, Л.Салавей, Я.Скрыган, А.Шарахоўская.

Тв.:

Твори. Т. 1—5. Киів, 1967—68.

Літ.:

І.Вільде: Бібліогр. покажчик. Львів, 1972.

т. 4, с. 172

ВІ́ЛЬДЭ (Vilde) Эдуард

(4.3.1865, Сімуна Ракверэскага р-на, Эстонія — 26.12.1933, эстонскі пісьменнік. У 1875—82 вучыўся ў Таліне. З 1883 журналіст у эст. і ням. газетах. У 1906—17 у эміграцыі (Германія, Швейцарыя, ЗША, Данія). Раннія творы — бытавыя, пераважна гумарыстычныя, апавяданні-фельетоны. Аўтар гіст. трылогіі «Вайна ў Махтра» (1902),

«Калі сяляне з Анія наведалі Талін» (1903), «Прарок Мальтсвет» (1905—08) пра сял. рух 1850—60-х г. у Эстоніі. Псіхал. раман «Малочнік з Мяэкюлы» (1916), апавяданні і нарысы (зб. «Усмешкі», 1913), драма «Няўлоўны цуд» (1912), камедыя «Дамавік» (1913) і інш. вызначаюцца драматызмам канфліктаў, напружанасцю дзеяння, эмацыянальнасцю мовы.

т. 4, с. 172

ВІЛЬЕ́ ДЭ ЛІЛЬ-АДА́Н (Villiers de l’Isle-Adam) Філіп Агюст Матыяс

(7.11.1838, г. Сен-Брыё, Францыя — 18.8.1889),

французскі пісьменнік. Граф. На яго творчасць паўплывалі філасофія Г.Гегеля, навелістыка Э.По, эстэтыка Р.Вагнера. Зб. «Першыя вершы» (1858), драмы «Элен» (1865) і «Маргана» (1866) характарызуюцца вызначальным уздзеяннем рамантычнай паэтыкі. Раман «Ізіда» (1862, не завершаны) папярэднічаў філас. прозе 20 ст. У аповесці «Клер Ленуар» (1867) і зб. апавяд. «Трыбула Банамэ» (1887) стварыў вобраз сярэдняга франц. буржуа — недалёкага і бяздушнага абывацеля, выступіў супраць пануючых у грамадстве меркантылізму і пазітывізму. У раманах «Ева будучага» (1886), зб-ках «Жорсткія апавяданні» (1883), «Высокая страсць» (1886), «Новыя жорсткія апавяданні», «Незвычайныя гісторыі» (абодва 1888) вострая сац. сатыра спалучана з элементамі навук. фантастыкі і антыутопіі.

Аўтар драм «Бунт» (1870), «Новы свет» (1880), «Аксель» (выд. 1890).

Тв.:

Рус. пер. — Жестокие рассказы. М., 1975;

Избранное. Л., 1988.

К.М.Міхееў.

т. 4, с. 172

ВІЛЬЁМ, Віём (Vuillaume) Жан Батыст (7.10.1798, г. Мірэкур, Францыя — 19.3.1875), французскі майстар смычковых інструментаў. У 1828 адкрыў у Парыжы ўласную майстэрню, дзе з 1835 вырабляў скрыпкі, альты, віяланчэлі паводле ўзораў А.Страдывары, Дж.Гварнеры дэль Джэзу і інш., з 1865 — інструменты ўласных мадэлей; вырабляў і смычкі. Яму належаць некалькі эксперым. інструментаў: актабас (вял. кантрабас, даўж. 345 см), кантральта (альт, 413 мм, амаль удвая шырэйшы за звычайны). У 1867 вынайшаў мех. педаль-сурдзіну (прымацоўвалася да падгрыфка).

т. 4, с. 172

ВІЛЬКАНЕ́Ц Мар’ян Фёдаравіч

(каля 1799—?),

дзекабрыст. З дваран Віленскай губ. У 1814—19 выхоўваўся ў Дваранскім палку пры 2-м кадэцкім корпусе; выпушчаны прапаршчыкам у Нясвіжскі карабінерны полк. З 1824 паручнік. У 1825 прыняты ў тайнае т-ва «Ваенныя сябры». Удзельнічаў у падрыхтоўцы выступлення Літ. піянернага батальёна (1825). 22.3.1826 арыштаваны, знаходзіўся пад следствам у Беластоку. Прыгавораны да пакарання смерцю. Па царскай канфірмацыі (1827) пазбаўлены чыноў, дваранства, разжалаваны ў радавыя. На 6 месяцаў зняволены ў Бабруйскую крэпасць, потым служыў у Грузіі, Каўказскім асобным корпусе, у 1830 — у 10-м лінейным батальёне. Далейшы лёс невядомы.

В.В.Швед.

т. 4, с. 172

ВІЛЬКІ́ЦКАГА ПРАЛІ́Ў,

праліў паміж п-вам Таймыр і в-вам Паўн. Зямля. Злучае моры Карскае і Лапцевых. Даўж. 104 км, шыр. 55 км, глыб. да 210 м. Б. ч. года ўкрыты плывучымі льдамі. Адкрыты ў 1914 рус. гідраграфічнай экспедыцыяй і названы імем Б.А.Вількіцкага.

т. 4, с. 172

ВІЛЬКІ́ЦКІ Андрэй Іпалітавіч

(1.7.1858, Мінская губ. — 26.2.1913),

расійскі гідрограф-геадэзіст. Ген.-лейтэнант. Скончыў Марскую акадэмію ў Пецярбургу (1880). Узначаліў экспедыцыю на Новую Зямлю, дзе вёў гравітацыйныя назіранні (1887). У 1894—1901 пад яго кіраўніцтвам праводзіліся гідраграфічныя даследаванні ад вусця Пячоры да р. Енісей, у Енісейскім заліве і Обскай губе. У 1907—13 узначальваў Гал. гідраграфічнае ўпраўленне. Асн. працы па гідраграфіі і геадэзіі.

т. 4, с. 172

ВІЛЬКІ́ЦКІ Барыс Андрэевіч

(3.4.1885, Пулкава, цяпер у межах С.-Пецярбурга — 6.3.1961),

рускі гідрограф-геадэзіст. Сын А.І Вількіцкага. Скончыў Марскую акадэмію ў Пецярбургу (1908). Узначальваў гідраграфічную экспедыцыю Паўн. Ледавітага ак. на суднах «Таймыр» і «Вайгач» (1913—15), якая адкрыла Паўн. Зямлю, а-вы Малы Таймыр і Старакадамскага, у 1914—15 ажыццявіла першае (скразное) плаванне Паўн. марскім шляхам з Уладзівастока ў Архангельск, сабрала картаграфічны, акіяналагічны і метэаралагічны матэрыял. У 1918 начальнік 1-й сав. гідраграфічнай экспедыцыі, з усімі суднамі захоплены ў Архангельску інтэрвентамі. З 1920 у эміграцыі. Імем Вількіцкага названы праліў паміж Паўн. Зямлёй і Таймырскім п-вам.

т. 4, с. 172

ВІЛЬКО́ЦКІ Марат Антонавіч

(н. 2.1.1947, в. Блонь Пухавіцкага р-на Мінскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне радыёфізікі. Д-р тэхн. н. (1989), праф. (1990). Скончыў БДУ (1970). З 1973 у НДІ прыкладных фіз. праблем пры БДУ, з 1995 у ін-це Дзіпрасувязь. Навук. працы па тэорыі і тэхніцы антэн, радыёпразрыстых акон і радыёфіз. вымярэнняў. Распрацаваў метады памяншэння радыёлакацыйнай прыкметнасці антэн, стат. аналізу дыфракцыйных абцякальнікаў і вымяральных сістэм. Дзярж. прэмія Беларусі 1974.

Тв.:

Применение статистических методов для анализа характеристик радиоголографических измерительных систем (у сааўт.) // Вопр. радиоэлектроники. Сер. ОВР. М., 1986. Вып. 13.

А.І.Болсун.

т. 4, с. 173