ВІЛЬКАНЕ́Ц Мар’ян Фёдаравіч

(каля 1799—?),

дзекабрыст. З дваран Віленскай губ. У 1814—19 выхоўваўся ў Дваранскім палку пры 2-м кадэцкім корпусе; выпушчаны прапаршчыкам у Нясвіжскі карабінерны полк. З 1824 паручнік. У 1825 прыняты ў тайнае т-ва «Ваенныя сябры». Удзельнічаў у падрыхтоўцы выступлення Літ. піянернага батальёна (1825). 22.3.1826 арыштаваны, знаходзіўся пад следствам у Беластоку. Прыгавораны да пакарання смерцю. Па царскай канфірмацыі (1827) пазбаўлены чыноў, дваранства, разжалаваны ў радавыя. На 6 месяцаў зняволены ў Бабруйскую крэпасць, потым служыў у Грузіі, Каўказскім асобным корпусе, у 1830 — у 10-м лінейным батальёне. Далейшы лёс невядомы.

В.В.Швед.

т. 4, с. 172

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)