ВІЛЬКІ́ЦКІ Барыс Андрэевіч
(3.4.1885, Пулкава, цяпер у межах С.-Пецярбурга — 6.3.1961),
рускі гідрограф-геадэзіст. Сын А.І Вількіцкага. Скончыў Марскую акадэмію ў Пецярбургу (1908). Узначальваў гідраграфічную экспедыцыю Паўн. Ледавітага ак. на суднах «Таймыр» і «Вайгач» (1913—15), якая адкрыла Паўн. Зямлю, а-вы Малы Таймыр і Старакадамскага, у 1914—15 ажыццявіла першае (скразное) плаванне Паўн. марскім шляхам з Уладзівастока ў Архангельск, сабрала картаграфічны, акіяналагічны і метэаралагічны матэрыял. У 1918 начальнік 1-й сав. гідраграфічнай экспедыцыі, з усімі суднамі захоплены ў Архангельску інтэрвентамі. З 1920 у эміграцыі. Імем Вількіцкага названы праліў паміж Паўн. Зямлёй і Таймырскім п-вам.
т. 4, с. 172
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)