комплекс прыёмаў механічнага дазіраванага раздражнення паверхні цела чалавека з лячэбна-прафілактычнымі мэтамі. Рэфлекторна ўплывае на функцыян. стан нерв. сістэмы, актывізуе абмен рэчываў, паляпшае кровалімфазварот і скарачальную здольнасць мышцаў. Бывае агульны (усяго цела) і мясцовы (асобных ч. цела). Адрозніваюць лячэбны М. (назначаецца ўрачом пры комплексным лячэнні хвароб і траўмаў), спартыўны (трэніровачны, папярэдні, аднаўленчы), гігіенічны (садзейнічае ўмацаванню здароўя), касметычны (памяншае завяданне скуры, праяўленне дэфектаў скуры твару і інш.). Паводле тэхнікі выканання М. падзяляюць на класічны, сегментарны, кропкавы, фінскі, шведскі. Робяць рукамі ці спец. апаратамі. Асн. прыёмы М. — пагладжванне, расціранне, размінанне, вібрацыя і інш.
МАСАЛІ́ЦІНАВА (Варвара Восіпаўна) (29.7.1878, г. Ялец Ліпецкай вобл., Расія — 20.10.1945),
расійская актрыса. Сястра М.В.Масаліцінава. Нар.арт. Расіі (1933). Скончыла драм. курсы пры Маскоўскім тэатр. вучылішчы (1901). Працавала ў Малым т-ры. У творчасці спалучала глыбокі псіхалагізм, быт. дакладнасць, заснаваную на жыццёвых назіраннях, з яркай выразнасцю знешняга малюнка вобраза. Сярод роляў: Няніла Сідараўна, Манефа, Кукушкіна («З чужога шалу галава кружыцца», «На ўсякага мудраца хапае прастаты», «Даходнае месца» А.Астроўскага), Хлёстава («Гора ад розуму» А.Грыбаедава), Дзямідзьеўна («Нашэсце» Л.Лявонава). Знялася ў фільмах «Паны Скацініны» (1927), «Навальніца» (1934), «Дзяцінства Горкага» (1938) і «У людзях» (1939; Дзярж. прэмія СССР 1941).
МАСАЛІ́ЦІНАЎ (Канстанцін Іракліевіч) (3.6.1905, г. Варонеж, Расія — 24.1.1979),
расійскі харавы дырыжор, кампазітар. Засл. дз. маст. Расіі (1955). Нар.арт. Расіі (1959). Нар.арт.СССР (1975). Скончыў Варонежскі муз. тэхнікум (1929). Адзін з арганізатараў (1942) і маст. кіраўнік (да 1964) Варонежскага рус.нар. хору. Збіраў сял. фальклор, запісаў больш як 500 нар. песень Варонежскай вобл. Майстар хар. кампазіцый і апрацовак. Сярод твораў: опера-песня «Зямля спявае» (1960), араторыя «Зямля мая» (1970), 3 кантаты, хары, рамансы, песні, апрацоўкі рус.нар. песень. Аўтар кн. «З рускай песняй — па жыцці» (1975), артыкулаў пра нар. творчасць. Дзярж. прэмія СССР 1949.
Літ.:
Емельянова Н.Н. Композитор К.И.Массалитинов. М., 1976.
МАСАЛІ́ЦІНАЎ (Мікалай Восіпавіч) (24.2.1880, г. Ялец Ліпецкай вобл., Расія — 22.3.1961),
расійскі і балгарскі акцёр, рэжысёр. Брат В.В.Масаліцінавай. Нар.арт. Балгарыі (1948). Скончыў драм. школу пры Малым т-ры ў Маскве (1907). У 1907—19 акцёр МХТ. Сярод роляў: Скалазуб («Гора ад розуму» А.Грыбаедава), Салёны («Тры сястры» А.Чэхава). З 1925 у Балгарыі, да 1944 гал. рэжысёр, рэжысёр Нар.т-ра ў Сафіі. Паставіў спектаклі «Беспасажніца» А.Астроўскага, «Квадратура круга» В.Катаева, «Платон Крэчат» А.Карнейчука, «Царская міласць» К.Зідарава і інш. З роляў: Тарцюф («Тарцюф» Мальера), Матыяс Клаўзен («Перад захадам сонца» Г.Гаўптмана). Дзімітраўская прэмія 1950.
МАСА́ЛЬСКІ (Ігнацій Якуб) (30.7.1729, в. Алекшыцы Бераставіцкага р-на Гродзенскай вобл. — 28.6.1794),
рэлігійны і дзярж. дзеяч Рэчы Паспалітай; прадстаўнік Асветніцтва. З роду Масальскіх. Д-р кананічнага і рымскага права (1752). Вучыўся ў Рыме. З 1752 рэферэндарый літоўскі, з 1762 біскуп віленскі. У 1773—88 падтрымліваў, а часам ініцыіраваў рэформы караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага, крытыкаваў прыгоннае права. Першы старшыня Адукацыйнай камісіі (1773—80). У той жа час выкарыстоўваў службовае становішча для асабістага ўзбагачэння (прысвойваў канфіскаваную ў езуітаў маёмасць). На Чатырохгадовым сейме 1788—92 выступіў супраць прагрэс. рэформ, падтрымаў Таргавіцкую канфедэрацыю. Асудзіў паўстанне 1794, за што пакараны смерцю.
МАСА́ЛЬСКІ (Павел Уладзіміравіч) (4.9. 1904, Масква — 15.12.1979),
расійскі акцёр. Нар.арт.СССР (1963). У 1922—24 у Студыі пад кіраўніцгвам Ю.Завадскага. З 1925 у МХАТ. З 1947 выкладаў у Школе-студыі імя У.І.Неміровіча-Данчанкі (з 1961 праф.). Выканальніцкае майстэрства было адметнае пластычнасцю, завершанасцю, выверанасцю сцэн. малюнка, у камед. ролях — непасрэднасць, лёгкасць. Сярод роляў: князь Дзмітрый Шуйскі («Цар Фёдар Іаанавіч» А.Талстога), Вронскі («Ганна Карэніна» паводле Л.Талстога), Малчалін («Гора ад розуму» А.Грыбаедава), Джынгль («Піквікскі клуб» паводле Ч.Дзікенса), Чарльз Сэрфес («Школа зласлоўя» Р.Шэрыдана), лорд Горынг («Ідэальны муж» О.Уайльда) і інш. З 1927 здымаўся ў кіно: «Цырк» (1936), «Іван Грозны» (2-я серыя, 1958) і інш.Дзярж. прэмія СССР 1952.
Літ.:
Павел Массальский: Документы. Статьи. Воспоминания. М., 1985.
МАСА́ЛЬСКІ (Канстанцін Пятровіч) (25.9.1802, г. Яраслаўль, Расія — 21.9.1861),
рускі пісьменнік. У 1842—52 рэдагаваў час. «Сын отечества». Друкаваўся з 1821. Выступаў супраць натуральнай школы і В.Бялінскага. Раман «Стральцы» (1832), аповесці «Цярпі казак — атаман будзеш» (1829, новая назва «Мадэст Праўдзін, ці Цярпі казак — атаманам будзеш»), «Чорная скрынка» (1833), «Рэгенцтва Бірона» (1834), «Асада Угліча» (1841), «Лейтэнант і паручнік» (1853) і інш. на гіст. тэматыку. Напісаў пародыю на «Мёртвыя душы» М.Гогаля — «Аповесць пра тое, як панове Петушкоў, Цыплёнкін і Цяцеркін пісалі аповесць» (1843). Аўтар камедыі ў вершах «Класік і рамантык, ці Не ў тым сіла» (1830), кн. «Байкі» (1851), вершаў, літ.-крытычных артыкулаў і інш. Першы перакладчык на рус. мову «Дон Кіхота» М.Сервантэса (1838-49).
МАСА́ЛЬСКІ (Рыгор Ігнатавіч) (н. 18.6. 1926, Мінск),
бел. кінааператар. Засл. дз. маст. Беларусі (1969). У 1947—90 працаваў на кінастудыі «Беларусьфільм». Для яго творчасці характэрна імкненне да дакумент. праўдзівасці адлюстравання падзей і асяроддзя дзеяння, прастата і выразнасць партрэтаў персанажаў. Сярод найб. значных фільмаў: дакументальныя — «Разведчыкі будучыні» (1957), «Цытадэль славы» (1961), «Янка Купала» (1962), «Ёсць такая зямля» (1964), «Арліная крыніца» (1966), «А зязюля кукавала...» (1972, прысвечаны Я.Купалу), «Магілёў. Дні і ночы мужнасці» (1974); мастацкія — «Паланэз Агінскага» (1971, Дзярж. прэмія Беларусі 1972), «Вуліца без канца» (1973), «Таму што кахаю» (1974), «Братушка» (з Ц.Цанчавым), «Усяго адна ноч» (абодва 1976), «Расклад на паслязаўтра» (1979), «Трэцяга не дадзена» (1981), «Ветразі майго дзяцінства» (1982), «Белыя росы» (1983), «Мама, я жывы» (1985), «Восеньскія сны» (1987); тэлевізійны «Незвычайныя прыгоды Дзяніса Караблёва» (1979).
МАСА́ЛЬСКІ (Уладзімір Рыгоравіч) (22.1.1920, г. Рэчыца Гомельскай вобл. — 21.7.1965),
Герой Сав. Саюза (1944). Скончыў курсы мал. лейтэнантаў (1942), Ленінградскае артыл. вучылішча. У Чырв. Арміі з 1939. Удзельнік сав.-фінл. вайны 1939—40. У Вял.Айч. вайну з 1941 на Ленінградскім фронце. Рота аўтаматчыкаў на чале з капітанам М. вызначылася ў студз. 1944 у наступальных баях на ўчастку Пулкава—Краснае Сяло пад Ленінградам. Да 1954 у Сав. Арміі.
МАСА́ЛЬСКІ ((Massalski) Эдвард Тамаш Ануфрыевіч) (23.9.1799, в. Рудаўка Нясвіжскага р-на Мінскай вобл. — 28.6.1879),
польскі пісьменнік. З роду Масальскіх, брат Ю.А.Масальскага. Вучыўся ў Магілёве, Полацку, Віленскім ун-це. У 1823 арыштаваны як член тайнага студэнцкага т-вафіларэтаў. З 1832 рэдактар сатыр.час. «Bałamut» («Баламут») у Пецярбургу. З 1853 жыў у Варшаве. У дыдактычным рамане «Пан Падстоліч, або Чым з’яўляемся мы і чым быць можам» (ч. 1—5, Вільня; Пецярбург, 1831—33, адначасова выйшаў на рус. мове ў перакладзе П.Гаеўскага) паказаў цяжкае жыццё бел. сялян, стварыў вобраз ідэальнага пана. Аўтар прац «Пра славянскія скарбы» (1853), «Звычай пінчукоў і беларусаў» (не апубл.), «Граматыка польскай мовы» (1858), артыкулаў па эканоміцы сельскай гаспадаркі, мемуараў пра сваё знаходжанне на Беларусі (часткова апубл. Г.Масціцкім у кн. «З філарэцкага свету». Вільня, 1924).