МАСА́ЛЬСКІ (Ігнацій Якуб) (30.7.1729, в. Алекшыцы Бераставіцкага р-на Гродзенскай вобл. — 28.6.1794),

рэлігійны і дзярж. дзеяч Рэчы Паспалітай; прадстаўнік Асветніцтва. З роду Масальскіх. Д-р кананічнага і рымскага права (1752). Вучыўся ў Рыме. З 1752 рэферэндарый літоўскі, з 1762 біскуп віленскі. У 1773—88 падтрымліваў, а часам ініцыіраваў рэформы караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага, крытыкаваў прыгоннае права. Першы старшыня Адукацыйнай камісіі (1773—80). У той жа час выкарыстоўваў службовае становішча для асабістага ўзбагачэння (прысвойваў канфіскаваную ў езуітаў маёмасць). На Чатырохгадовым сейме 1788—92 выступіў супраць прагрэс. рэформ, падтрымаў Таргавіцкую канфедэрацыю. Асудзіў паўстанне 1794, за што пакараны смерцю.

В.​Ф.​Шалькевіч.

т. 10, с. 165

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)