Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ПАТУ́ЖНІКІ,

гл. ў арт. Сябры.

т. 12, с. 186

ПА́ТУС (Patos),

возера-лагуна на ПдУ Бразіліі. Даўж. 241 км, шыр. да 48 км. Пл. 10,1 тыс. км². Найб. глыб. 10 м. Вузкай пратокай злучана з Атлантычным ак., пратокай Сан-Гансалу — з воз. Лагоа-Мірын. Рыбалоўства. У паўн.-зах. частцы г. Порту-Алегры.

т. 12, с. 186

ПА́ТЫО (ісп. patio),

унутраны дворык, адкрыты ці перакрыты зашклёнымі рамамі, часта абкружаны галерэямі. Тып П. ўзыходзіць да класічнага перыстылю (прамавугольнай пляцоўкі, абкружанай з 4 бакоў крытай каланадай) і пашыраны ў міжземнаморскіх краінах (асабліва ў Іспаніі), Лац. Амерыкі. П. выкарыстоўваюцца таксама ў бел. архітэктуры (Дамы кнігі, літаратара, Мастацкая галерэя ў Мінску, гал. корпус мед. ін-та ў Гродне і інш.).

Патыо Хенераліфэ («Сада будаўніка») каля комплексу Альгамбра ў Гранадзе (Іспанія). 14 ст.

т. 12, с. 186

ПАТЫСО́Н (Cucurbita pepo var. patisson),

разнавіднасць гарбуза цвёрдакорага. Радзіма — Паўд. і Цэнтр. Амерыка. Культывуецца ўсюды.

Аднагадовая травяністая расліна кустовай формы. Сцябло і чаранкі лісця граністыя, апушаныя. Лісце буйное, востравугольнае, рассечанае. Кветкі жоўтыя, званочкападобныя, аднаполыя. Плады пляскатыя, талеркападобныя, белыя або жоўтыя. Ужываюцца ў ежу недаспелыя (4—8-дзённыя завязі), перарослыя ідуць на корм жывёле. Харч., кармавая расліна.

Патысон.

т. 12, с. 186

ПАТЭ́НТ [ад лац. patens (patentis) адкрыты, яўны],

1) дакумент, які сведчыць аб прызнанні заяўленага аб’екта вынаходствам, прыярытэце вынаходства, аўтарстве і выключным праве на вынаходства. Выдаецца кампетэнтным дзярж. органам. На Беларусі П. выдаецца аўтару або яго правапераемнікам на 20 гадоў.

2) У шэрагу краін П. — спец. дазвол на занятак пэўнымі відамі прадпрымальніцкай дзейнасці. Купля П. ў дзяржавы вызваляе прадпрымальніка (звычайна індывід.) ад далейшай уплаты падаткаў (на вызначаны перыяд).

т. 12, с. 186

ПАТЭ́НТНАЕ ПРА́ВА,

галіна заканадаўства, нормы якой рэгулююць маёмасныя і звязаныя з імі асабістыя немаёмасныя правы на стварэнне, прававую ахову і выкарыстанне вынаходстваў, карысных мадэлей і прамысл. узораў; састаўная частка заканадаўства аб інтэлектуальнай уласнасці. Сістэма аховы правоў — выдача патэнта. У Рэспубліцы Беларусь гал. крыніцай П.п. з’яўляецца Закон «Аб патэнтах на вынаходствы і карысныя мадэлі» (1997).

т. 12, с. 186

ПАТЭНЦЫ́РАВАННЕ (ад ням. potenziren падвышаць у ступень),

аперацыя, адваротная лагарыфмаванню; знаходжанне значэння велічыні па яе лагарыфме.

т. 12, с. 186

ПАТЭНЦЫЯ́Л (ад лац. potentia сіла),

магчымасці, сродкі, энергет. і інш. рэсурсы, якія могуць быць выкарыстаны для вырашэння якой-н. задачы, дасягнення пэўнай мэты; магчымасці канкрэтнай асобы, грамадства, дзяржавы ў пэўнай галіне дзейнасці (напр., творчы П., эканамічны П.).

т. 12, с. 186

ПАТЭНЦЫЯ́Л у фізіцы,

характарыстыка фіз. сілавых палёў (эл., магн., гравітацыйных), а таксама палёў вектарных фіз. велічынь (напр., поля скарасцей у вадкасці). Ідэя П. напанавана прапанавана Ж.Л.Лагранжам (1775) і П.С.Лапласам (1782), тэорыя створана незалежна Дж.Грынам (1828) і К.Ф.Гаўсам (1840).

Для вектарнага поля a = a ( x, y, z ) , зададзенага ў пункце з каардынатамі x, y, z, П. (патэнцыяльнай функцыяй) з’яўляецца такая скалярная функцыя U = U(x, y, z), што a = gradU (гл. Градыент); у гэтым выпадку вектарнае поле a наз. патэнцыяльным. Часам П. наз функцыю φ(x, y, z) = −U(x, y, z). П. выкарыстоўваецца для апісання узаемадзеяння часціцы з полем і адшукання фіз. палёў па зададзеных размеркаваннях іх крыніц (гл. Поля тэорыя). П. электрастатычны — энергетычная характарыстыка электрастатычнага поля. Вызначаецца формулай φ = W/q, дзе W — патэнцыяльная энергія ўзаемадзеяння эл. зараду q з электрастатычным полем, напружанасць якога E = −gradφ . П. вызначаецца з дакладнасцю да адвольнай пастаяннай (найб. важнае значэнне мае рознасць патэнцыялаў). Адзінка П. электрастатычнага ў СІвольт.

А.​І.​Болсун.

т. 12, с. 186

ПАТЭНЦЫЯЛАСКО́П (ад патэнцыял + ...скоп),

запамінальная электроннапрамянёвая трубка. Запісвае і захоўвае на мішэні інфармацыю, якая паступае на яе ў выглядзе эл. сігналаў, з мэтай далейшага ўзнаўлення на люмінесцэнтным экране. Выкарыстоўваўся для назірання аднаразовых ці рэдкіх (у часе) сігналаў у асцылографах, радыёлакацыйных станцыях, прыладах вываду інфармацыі ЭВМ і інш. Замяняецца больш дасканалымі прыладамі, напр. ПЗС-матрыцамі.

т. 12, с. 186