Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

РЭДЭМАРКА́ЦЫЯ ГРАНІ́Ц,

праверка і аднаўленне лініі дзярж. граніцы на мясцовасці і абазначэнне яе пагранічнымі знакамі. Робіцца на падставе дакументаў, як правіла, двухбаковага характару (пратакола-апісання, карт і пратаколаў пагранічных знакаў). Апрача аднаўлення самой лініі граніцы прадугледжвае таксама аднаўленне страчаных пагранічных знакаў, устаноўку новых або дадатковых пагранічных знакаў, складанне новага пратакола-апісання, карт і пратаколаў пагранічных знакаў (пры неабходнасці). Гл. таксама Дэлімітацыя граніц, Дэмаркацыя граніц.

т. 13, с. 555

РЭД-РЫ́ВЕР (Red River),

1) рака на Пд ЗША, правы прыток р. Місісіпі. Даўж. 2050 км, пл. басейна 233 тыс. км² Вытокі на плато Лана-Эстакада, у сярэднім і ніжнім цячэнні перасякае Прымексіканскую нізіну. У нізоўях падзяляецца на рукавы: Олд-Рывер (упадае ў р. Місісіпі) і Атчафалая (упадае ў Мексіканскі зал., сцёк толькі ў разводдзе). Паводкі ў канцы вясны — пач. лета. Сярэдні расход вады 880 м³/с. ГЭС. Буйное вадасх. Тэксома. Суднаходная ад г. Шрыўпарт.

2) Рака ў ЗША і Канадзе. Даўж. 920 км, пл. басейна 297 тыс. км². Цячэ па Цэнтр. раўнінах, упадае ў воз. Вініпег. Веснавое разводдзе. Сярэдні расход вады каля 240 м³/с. Суднаходная ў сярэднім і ніжнім цячэнні. На Р.-Р. — г. Вініпег (Канада).

т. 13, с. 553

РЭЕ́СТР (польск. rejestr ад позналац. registmm спіс, пералік),

спіс, пералік, вопіс эканамічных аб’ектаў, маёмасці; таксама кніга для рэгістрацыі дакументаў, спраў.

т. 13, с. 555

РЭЖЫ́М (франц. régime ад лац. regimen кіраванне),

1) дзяржаўны лад, метад кіравання.

2) Устаноўлены распарадак жыцця (працы, адпачынку, ежы, сну).

3) Сукупнасць правіл, мерапрыемстваў, норм для дасягнення якой-н. мэты (напр., рэжым эканоміі).

т. 13, с. 555

РЭЖЫ́М НАЙБО́ЛЬШАГА СПРЫЯ́ННЯ ў міжнародным праве, прынцып эканам. адносін, у адпаведнасці з якім дагаворныя дзяржавы даюць адна адной на ўзаемавыгаднай аснове пэўныя льготы; гл. Найбольшага спрыяння рэжым.

т. 13, с. 555

РЭЖЫ́М ЭКАНО́МІІ,

спосаб і характар гаспадарання, асновай якога з’яўляецца прынцып эканомнасці, мінімізацыі расходаў рэсурсаў, рэсурсазберажэння, рацыянальнай арганізацыі працы. Прадугледжвае скарачэнне страт, выдаткаў сыравіны, матэрыялаў, абсталявання, энергіі, працы, рабочага часу, выкарыстанне другасных матэрыяльных рэсурсаў і інш. Важны фактар павышэння эфектыўнасці вытв-сці, асабліва ва ўмовах Беларусі, дзе дэфіцыт многіх відаў сыравіны і матэрыялаў.

т. 13, с. 555

РЭЖЫСЁРСКАЕ МАСТА́ЦТВА.

рэжысура, мастацтва ствараць гарманічна цэласнае відовішча, якое вызначаецца пэўным маст. адзінствам (спектакль, кінафільм, тэлефільм і інш.).

У тэатры рэжысёр паводле сваёй творчай задумы кіруе работай усіх удзельнікаў пастаноўкі (акцёраў, сцэнографа, кампазітара і інш), знітоўвае ўсе элементы спектакля і падпарадкоўвае іх раскрыццю ідэйна-маст. сутнасці драм. твора. Рэжысёрская задума ўключае ідэйнае вытлумачэнне (інтэрпрэтацыю) п’есы, вызначэнне яе жанру, стылю і адпаведна манеру акцёрскага выканання, характарыстыку персанажаў, вырашэнне спектакля ў часе і прасторы (тэмп, рытм, мізансцэны, арганізацыя сцэнічнай пляцоўкі), а таксама прынцыпы маст. афармлення спектакля (з мастаком і кампазітарам). У залежнасці ад асаблівасцей п’есы, яе тэмы, ідэі, жанру, стылю і інш. вынікае форма спектакля. Гал. сфера дзейнасці ў Р.м. — работа рэжысёра з акцёрам на рэпетыцыі над увасабленнем пастановачнай задумы спектакля. Адносіны паміж рэжысёрам і акцёрам у працэсе работы маюць характар творчага ўзаемадзеяння. Р.м. прайшло шлях ад спалучэння ў адной асобе драматурга, выканаўцы і рэжысёра да трансфармацыі рэжысёра як асн. творчага інтэрпрэтатара і арганізатара сцэн. твора.

Р.м. ў сучасным разуменні ўзнікла ў канцы 19 ст. і звязана з дзейнасцю рэжысёраў Л.​Кронека, О.​Брама, М.​Райнгарта (Германія), А.​Антуана (Францыя), Г.​Крэга (Вялікабрытанія) і інш., якія імкнуліся да ўзнаўлення на сцэне «кавалка жыцця», ансамбля. Дынамічнаму развіццю Р.м. садзейнічалі вял. рус. рэжысёры К.​Станіслаўскі (гл. Станіслаўскага сістэма), У.​Неміровіч-Данчанка (стваральнік школы рэжысёрскага і акцёрскага майстэрства), У.​Меерхольд (прынцыпы ўмоўнага т-ра, біямеханіка, адкрытая паліт. тэндэнцыёзнасць тэндэнцыйнасць*, эксперыменты ў форме спектакля і г.д.), Я.​Вахтангаў (сінтэз рэжысёрскіх пошукаў Станіслаўскага і Меерхольда), А.​Таіраў (імкненне да арган. суіснавання ўсіх элементаў сцэн. мастацтва: слова, спеваў, пантамімы, танца і г.д.). Пад уплывам іх творчых ідэй працавалі рэжысёры Ж.​Капо, Ш.​Дзюлен, Л.​Жувэ (Францыя), М.​Валенцін (Германія), Ю.​Астэрва, Л.​Шылер (Польшча), Э.​Бурыян (Чэхія), Е. Ле Гальен (ЗША) і інш. Новы творчы імпульс Р.м. дала творчасць Б.​Брэхта, які стварыў тэорыю эпічнага т-ра. Рэжысёрскім пазіцыям Брэхта блізкія Ж.​Вілар, Ж.​Баро (Францыя), П.​Брук (Вялікабрытанія), Дж.​Стрэлер (Італія) і інш. Прынцыпы Р.м. ў рас. т-ры 2-й пал. 20 ст. развівалі і развіваюць М.​Акімаў, М.​Ахлопкаў, А.​Васільеў, А.​Дзікі, Л Додзін, Ю.​Завадскі, Б.​Захава, М.​Захараў, М.​Кнебель. А.​Лабанаў, Ю.​Любімаў, А.​Папоў, Р.​Сіманаў, Г.​Таўстаногаў, Л.​Хейфіц, А.​Эфрас, А.​Яфрэмаў і інш.

На Беларусі ў нар. т-ры (паказах скамарохаў, батлейкі, нар. драмы) своеасаблівым рэжысёрам была нар. традыцыя, якой прытрымліваліся ўсе ўдзельнікі прадстаўленняў. Станаўленне Р.м. звязана з тэатр. дзейнасцю ў 1840—50-я г. В.​Дуніна-Марцінкевіча (гл. Дуніна-Марцінкевіча тэатр), у 1-й пал. 20 ст. з творчасцю І.​Буйніцкага, А.​Бурбіса, Ф.​Ждановіча, У.​Фальскага. Яны апіраліся на нар. тэатр. традыцыі: стваралі сінт. па характары паказы, у якіх шырока выкарыстоўвалі муз. і харэагр. нар. творчасць; іх спектаклі вызначаліся моцным нац. каларытам, жыццёвай верагоднасцю, дакладнасцю нар. характараў і побыту. Традыцыі бел. нар. т-ра, Першай бел. трупы Буйніцкага прадаўжалі Ждановіч і У.​Галубок. Параўнальна вял. ўвагу яны аддавалі раскрыццю сац. зместу твора, яго ідэйна-маст. гучанню, імкнуліся да больш глыбокай псіхал. распрацоўкі вобразаў. Прыкметна паўплывала на развіццё бел. Р.м. сістэма Станіслаўскага. Традыцыі рус. рэаліст. школы з прынцыпамі бел. нар. т-ра спалучаў у сваёй творчасці Е.​Міровіч, які ўмела садзейнічаў раскрыццю творчай індывідуальнасці акцёра. Пастаўленыя ім спектаклі вызначаліся акцёрскім ансамблем, пластычнай выразнасцю і рэжысёрскім вынаходніцтвам, стыліст. своеасаблівасцю і адзінствам, дакладна распрацаванымі масавымі сцэнамі. У канцы 1920—30-я г. паявіліся рэжысёры, творчасць якіх вызначыла асаблівасці бел. Р.м. наступных гадоў. Глыбіня думкі, вострая форма, лаканізм выразных сродкаў, лірызм уласцівы рэжысуры М.​Міцкевіча. Адчуванне сучаснасці, эмацыянальнасць і рамантычная афарбоўка — адметныя рысы рэжысуры К.​Саннікава. Яркая відовішчнасць, тэатральнасць, майстэрства сцэн. кампазіцыі характэрны рэжысуры Л.​Літвінава. Уклад у развіццё Р.м. зрабілі А.​Аркадзьеў, Дз.​Арлоў, Ю Арынянскі, Г.​Волкаў, В.​Галаўчынер, М.​Зораў, М.​Кавязін, С.​Казіміроўскі, У.​Кумельскі, Н.​Лойтар, Л.​Мазалеўская, У.​Маланкін, А.​Міронскі, І.​Папоў, В.​Пацехін, М.​Рафальскі, Л.​Рахленка, В.​Рэдліх, А.​Скібнеўскі, М.​Співак, А.​Струнін, С.​Уладычанскі, В.​Фёдараў, Ю.​Шчарбакоў, Б.​Эрын. Р.м. 1970—90-х г. характарызуецца ў пэўнай ступені абнаўленнем тэатр. выразных сродкаў, імкненнем да філасофска-абагульненай задумы спектакля і трактоўкі характараў, да сцэн. метафарычнасці, асацыятыўнасці. Пераемнасць творчых традыцый, пошукі сучаснага стылю характэрны для лепшых спектакляў Р.​Баравіка (акрэсленасць грамадскай пазіцыі і глыбокая распрацоўка сцэн. характараў), У.​Караткевіча (сацыяльна-паліт. распрацоўка матэрыялу п’есы, удумлівая работа з акцёрам), Б.​Луцэнкі (пошук новых выразных магчымасцей драматургічнага матэрыялу п’есы і імкненне іх спалучыць з сучаснымі эксперыментальнымі пошукамі Р.м.), В.​Раеўскага (канцэптуальныя падыходы да з’яў сучаснасці і выяўленне іх у яркай сцэн. форме), В.​Мазынскага (імкненне ўзнавіць прынцыпы нар. т-ра з улікам сучасных тэатр. навацый), В.​Баркоўскага (эксперыменты ў галіне формы і зместу спектакля), А.​Андросіка (наследаванне традыцый рус. Р.м.), В.​Катавіцка, Р.​Таліпава (імкненне асвоіць прынцыпы сучаснага зах.-еўрап. Р.м.) і інш. Рэжысёрскія кадры рыхтуюць Бел. дзярж. АМ і Бел. ун-т культуры.

У кіно рэжысёр узначальвае творчы і вытворчы працэс па стварэнні фільма. Ён вызначае паводле сцэнарыя ідэйна-маст. задуму фільма і даводзіць яго да цэласнага ўвасаблення, кіруе сумеснай работай акцёраў, аператара, мастака, кампазітара і інш. удзельнікаў пастаноўкі.

У кіно Р.м. зарадзілася ў пач. 20 ст. У зах. кінематографе ў розныя часы высокім узроўнем вызначалася Р.м. Л.​Буньюэля (Іспанія), Ж.​Л.​Гадара, Л.​Дэлюка, Р.​Клера, Ф.​Лежэ. Ж.​Мельеса, А.​Рэне, Ж.​Рэнуара, Ф.​Труфо (Францыя); Д.​Грыфіта, Т.​Інса, Ф.​Капры, Ф.​Ф.​Копалы. С.​Крамера, С.​Кубрыка, Дж.​Лукаса, Э.​Портэра, М.​Скарсезе, С.​Спілберга, Дж.​Форда, Ч.​Чапліна (ЗША); Р.​Віне, Ф.​Ланга, Ф.​В.​Мурнаў, Р.​В.​Фасбіндэра (Германія); Л.​Андэрсана, Т.​Рычардсана (Вялікабрытанія); М.​Антаніёні, Л.​Вісконці, П.​П.​Пазаліні, Р.​Раселіні, В.​Дэ Сікі. Ф.​Феліні (Італія); І.​Бергмана (Швецыя); А.​Курасавы (Японія); А.​Вайды, Е.​Гофмана, К.​Занусі (Польшча). У Расіі Р.м. звязана з дзейнасцю В.​Абдрашытава, Р.​Аляксандрава. бр. Васільевых, С.​Бандарчука, Дз.​Вертава, У.​Гардзіна, С.​Герасімава, А.​Германа, М.​Губенкі, Г.​Данеліі, М.​Калатозава, Р.​Кармэна, Р.​Козінцава, Л.​Куляшова, М.​Міхалкова, А.​Міхалкова-Канчалоўскага, Г.​Панфілава, Я.​Пратазанава, У.​Пудоўкіна, І.​Пыр’ева, Э.​Разанава, М.​Рома, А.​Сакурава, А.​Таркоўскага, В.​Шукшына, С.​Эйзенштэйна, Ф.​Эрмлера, С.​Юткевіча.

Станаўленне Р.м. ў бел. кіно адбывалася ў 1920—30-я г. і звязана з дзейнасцю Э.​Аршанскага, Я.​Дзігана, У.​Корш-Сабліна, Ю.​Тарыча, з пошукамі рэжысуры ў адлюстраванні героікі рэвалюцыі і сучаснай праблематыкі, у распрацоўцы тэмы перавыхавання чалавека ва ўмовах новага грамадства. Р.м. Тарыча ўласцівы рамант. ўзнёсласць з даследаваннем жыццёвага асяроддзя, дакладнасць у перадачы каларыту эпохі і гіст. падзей. Фільмы Корш-Сабліна вызначаюцца экспрэсіўнасцю буйных планаў, выразнымі дэталямі, плакатна-гратэскавай абмалёўкай адмоўных персанажаў, увагай да псіхалогіі чалавека-працаўніка, да рэаліст. быт. падрабязнасцей. Традыцыі героіка-рамант. вырашэння тэмы прадоўжаны ў фільмах 1940—50-х г., прысвечаных Вял. Айч. вайне (Л.​Голуб, М.​Фігуроўскі) і гіст.-рэв. падзеям (Корш-Саблін). Адметнасць Р.м. 1960—1-й пал. 1970-х г. звязана з новым пакаленнем бел. кінематаграфістаў, сцвярджэннем імі дакумент. стылістыкі як дамінуючага маст. прынцыпу адлюстравання рэчаіснасці. Свабоднае, раскаванае апавяданне, будзённая плынь жыцця, адмаўленне ад знешняга пафасу, патэтыкі, здымкі «пад хроніку» выразна выявіліся ў фільмах пра Вял. Айч. вайну П.​Арманда, Р.​Віктарава, І.​Дабралюбава, В.​Турава, А.​Спешнева, Б.​Сцяпанава. Рэжысёры імкнуліся да маст. рэканструкцыі гіст. фактаў, уключалі ў ігравыя фільмы кінахроніку, фотаздымкі і інш., прынцыпы дакументалізму часам спалучаліся з вобразна-паэт. абагульненнямі і сімволікай. У 2-й пал. 1970-х — 1990-я г. з пашырэннем жанравай і стылявой палітры Р.м. пераважнае развіццё атрымалі эпічныя і публіцыст. кінастужкі. Для Р.м. гэтага часу характэрны пошукі сац. і філасофскіх абагульненняў, увага да маст. даследавання стыхіі нар. жыцця, паглыбленая цікавасць да паўсядзённага побыту, імкненне ствараць каларытныя нар. характары (Тураў, В.​Рыбараў). Прыкметнымі сталі публіцыст. прынцыпы вырашэння творчай задумы, што выявілася ў падкрэслена вострых характарыстыках драм. канфліктаў і герояў у фільмах В.​Нікіфарава, М.​Пташука, Турава. Схільнасць да яркай відовішчна-выяўл. формы вылучае рэжысуру В.​Рубінчыка. Высокім майстэрствам у даследаванні трагічных падзей Вял. Айч. вайны на Беларусі, сінтэзам стылявых прыёмаў ігравога і дакумент. кіно, арганічным спалучэннем эпасу і публіцыстыкі вылучаецца Р.м. Э.​Клімава. У 1960—90-я г. значна вырасла Р.м. і ў бел. дакумент. кіно (І.​Вейняровіч, М.​Гарбуноў, М.​Жданоўскі, Ю.​Лысятаў, Дз.​Міхлееў, І.​Пікман, В.​Сукманаў, М.​Хубаў, У.​П.​Цяслюк, У.​У.​Цяслюк, Р.​Ясінскі і інш.), асабліва ў цыклах В.​Дашука.

На тэлебачанні рэжысёр увасабляе ідэйна-маст. задуму ў цэласную структуру тэлевізійнага твора (тэлефільма, тэлеспектакля, тэлеперадачы); стварае гукапластычнае экраннае відовішча, у якім сінтэтычна аб’яднаны выяўл. сродкі тэлевізійнага мастацтва: тэледраматургія, акцёрскае мастацтва, пластыка экраннай мовы, гукарытмічны строй дзеяння (музыка, мова і шумы). Станаўленне бел. тэлерэжысуры пачалося ў 2-й пал. 1960-х г. і звязана з выпускам кароткаметражных маст. стужак. Псіхалагічнай дакладнасцю, лірыка-паэт. бачаннем свету, мяккім гумарам вызначаюцца тэленавелы В.​Басава, Ю.​Дубровіна, М.​Кожына, Нікіфарава, В.​Панамарова, Рубінчыка, В.​Урагава. Р.м. 1970—90-х г. наследавала і творча пераасэнсоўвала вопыт, набыты ў кіно. Значнае месца занялі шматсерыйныя тэлетворы, засн. на дакумент.-маст. трактоўцы падзей гісторыі. Арганічнае ўвядзенне ў маст. палатно ўрыўкаў з дакумент. стужак, фатаграфій, дакументаў, дыктарскага тэксту як прынцыпова важнага структураўтваральнага элемента, што пашырыла рамкі дзеяння, наблізіла гіст. час экранных падзей да рэальнага часу (творы А.​Гутковіча, Дубровіна, В.​Карпілава, Сцяпанава). Асабліва прыкметны рост Р.м. ў экранізацыях твораў бел. і рус. класічнай л-ры: з дапамогай багатых выяўл. сродкаў відэатэхнікі пластычна, выразна прачытана паэт. спадчына Я.​Купалы; рысы эпічнасці, паэтычна-метафарычная, пластычная вобразнасць, паглыбленае даследаванне псіхалогіі герояў у часы драм. і трагічных выпрабаванняў, дакумент. выразнасць у перадачы атмасферы вайны вылучаюць экранізацыі твораў В.​Быкава і В.​Казько; сугучнасцю інтанацыі аўтарскага апавядання і рэжысёрскай, выяўл., акцёрскай культуры адзначана экраннае ўвасабленне твораў І.​Тургенева, І.​Мележа, У.​Караткевіча. Плённа працавалі і працуюць рэжысёры-тэледакументалісты С.​Агеенка, Г.​Адамовіч, У.​Арлоў, В.​Аслюк, Басаў, У.​Бокун, І.​Волах, С.​Гайдук, Н.​Гаркунова, Ю.​Гарулёў, Л.​Гедравічус, Ф.​Грыцкова, В.​Жыгалка, І.​Калоўскі, А.​Карпаў, М.​Князеў, В.​Шавялевіч, М.​Якжэн і інш. Гл. таксама Кінамастацтва, Тэлевізійнае мастацтва.

Літ.:

Гісторыя беларускага тэатра. Т. 1—3. Мн., 1983—87;

История белорусского кино. [Кн. 1—2]. Мн., 1969—70;

Майстры беларускай сцэны. Мн., 1960;

Сабалеўскі А. Ад п’есы — да спектакля. Мн., 1965;

Яго ж. Жыццё тэатра. Мн., 1980;

Яго ж: Сучаснасць і гісторыя: Крытыч. арт. Мн., 1985;

Слова пра майстроў сцэны Мн., 1967;

Майстры беларускай сцэны. Кн. 3. Мн., 1978;

Атрошчанка А. Уладзіслаў Галубок. Мн., 1969;

Яго ж. Фларыян Ждановіч: Біягр. нарыс. Мн., 1972;

Адхінуўшы заслону часу...: Успаміны пра Уладзіслава Галубка. Мн., 1979;

Пятровіч С. Еўсцігней Міровіч 2 выд. Мн., 1978;

Смольскі Р. Пазначана часам: Пошукі сучаснай бел. рэжысуры. Мн., 1984;

Баравік Р.І. Рэжысура Беларусі: прабл. канцэптуальнасці спектакляў. Мн., 2000;

Красинский А.В. Юрий Тарич. Мн, 1971;

Кино Советской Белоруссии М., 1975;

Современное белорусское кино. Мн., 1985;

Бондарева Е.Л. Кинолента длиною в жизнь. Мн., 1980;

Павлючик Л. От исповеди к эпосу: Судьбы и фильмы Виктора Турова. М., 1985;

Нечай О.Ф. Большой мир малого экрана. Мн., 1979;

Яе ж. Телевидение как художественная система. Мн., 1981.

А.​К.​Саннікаў, Р.​І.​Баравік (рэжысёрскае мастацтва ў тэатры), А.​В.​Красінскі (у кіно), В.​Ф.​Нячай (на тэлебачанні).

т. 13, с. 555

РЭ́ЖЫЦКА-ДЗВІ́НСКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1944,

наступальная аперацыя сав. войск 2-га Прыбалт. фронту (ген. арміі А.​І.​Яроменка) 10—27 ліп. ў Вял. Айч. вайну. Удзельнічалі 10-я гвардз., 3-я і 4-я ўдарныя, 22-я арміі, 5-ы танк. корпус. Ім процістаялі часці 16-й ням. арміі групы армій «Цэнтр» з глыбокаэшаланіраванай сістэмай і 5 умацаванымі лініямі. Задача аперацыі: разграміць групоўку праціўніка ў раёне гарадоў Ідрыца, Себеж (Расія), Дрыса (Верхнядзвінск), авалодаць рубяжом Рэзекне (Рэжыца)—Даўгаўпілс (Латвія), развіць наступленне на Рыжскім напрамку і ва ўзаемадзеянні з войскамі 1-га Прыбалт. фронту адрэзаць прыбалт. групоўку ворага ад камунікацый, што звязвалі яе з Германіяй. У ходзе аперацыі вызвалены райцэнтры Расоны, Верхнядзвінск (12 ліп.), Асвея (17 ліп.), чыг. ст. Бігосава (18 ліп.) і інш. нас. пункты Беларусі; фронт выканаў пастаўленую задачу, былі створаны спрыяльныя ўмовы для пераходу ў наступленне войск 3-га Прыбалт. фронту.

т. 13, с. 556

РЭЗАЙЕ́,

бяссцёкавае салёнае возера на ПнЗ Ірана, гл. Урмія.

т. 13, с. 557

РЭЗАЛЮ́ЦЫЯ (ад лац. resolutio рашэнне),

1) рашэнне, прынятае ў выніку абмеркавання якога-н. пытання на пасяджэнні (з’ездзе, канферэнцыі, сесіі) калегіяльнага органа, сходу і г.д. 2) Надпіс на дакуменце, які зроблены службовай асобай і змяшчае прынятае рашэнне.

т. 13, с. 557