Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

МА́РЧАНКА (Уладзімір Мікітавіч) (7.8. 1915, в. Губарэвічы Хойніцкага р-на Гомельскай вобл. — май 1945),

поўны кавалер ордэна Славы. У Вял. Айч. вайну на фронце з 1941, старшына, камандзір гарматы. Вызначыўся ў 1944 і 1945 у наступальных баях на левым беразе р. Одэр і каля Кюстрына. Памёр ад ран.

т. 10, с. 150

МА́РЧАНКА (Яўхім Цімафеевіч) (1.1.1913, в. Мікалаеўка Магілёўскага р-на — 24.1.1980),

генерал-лейтэнант (1959). Скончыў ВНУ начсаставу НКУС (1936), Ваен. акадэмію Генштаба (1948). У Чырв. Арміі з 1939. Удзельнік сав.-фінл. вайны 1939—40. У Вял. Айч. вайну на Зах., Паўд.-Зах., 3-м Укр. і 1-м Бел. франтах. Удзельнік абарончых баёў на Беларусі, Смаленшчыне, пад Масквой, вызвалення Данбаса, Адэсы, Варшаўска-Пазнанскай і Берлінскай аперацый. З 1945 на адказных пасадах у Сав. Арміі, з 1966 1-ы нам. камандуючага войскамі ваен. акругі, з 1969 1-ы нам. начальніка Вышэйшых афіцэрскіх курсаў «Выстрал».

т. 10, с. 150

МА́РЧАНКІ,

вёска ў Гарадоцкім р-не Віцебскай вобл., на беразе воз. Ужо. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 46 км на Пн ад г. Гарадок, 85 км ад Віцебска, 14 км ад чыг. ст. Езярышча. 268 ж., 112 двароў (1999). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Помнік Ц.Ц.Рамашкіну. Каля вёскі гарадзішча днепра-дзвінскай культуры.

т. 10, с. 150

МАРЧУ́К (Георгій Васілевіч) (н. 1.1.1947, г. Давыд-Гарадок Столінскага р-на Брэсцкай вобл.),

бел. пісьменнік. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1973) і Вышэйшыя курсы сцэнарыстаў і рэжысёраў у Маскве (1977). З 1970 працаваў на кінастудыі «Беларусьфільм», у 1980—82 заг. літ. часткі, рэдактар-кансультант Т-ра-студыі кінаакцёра, з 1996 дырэктар выд-ва «Мастацкая літаратура». Друкуецца з 1966. Дылогія «Крык на хутары» (1981), «Прызнанне ў забойстве» (1985) пра падзеі ў б. Зах. Беларусі. Раманы «Кветкі правінцыі» (1986), «Вочы і сон», «Сава Дым і яго палюбоўніцы» (абодва 1990) на маральна-этычную праблематыку. У кнізе навел «Хаос» (1997) роздум пра хаос і гармонію, дзень сённяшні і Вечнасць, прызначэнне чалавека. Даследаванне бел. нац. характару ў аповесці «Паляшук» (1987), рамане «Без ангелаў» (1993). Аўтар рамана «Год дэманаў» (1995), камедый «Люцікі-кветачкі» (паст. 1974), «Цвярозы дзень Сцяпана Крываручкі» (паст. 1985), «Вясёлыя, бедныя, багатыя», «Альдона, Анета, Анфіса» (абедзве паст. 1986), «Дарога ў рай», «Калі заспявае певень» (абедзве паст. 1990), «Варвара і яе блудны муж» (паст. Бел. т-рам імя Я.​Коласа, 1998), аднаактовых п’ес, апавяданняў, сцэнарыяў тэле- («Вясковы эрудзіт», 1985; «Запрашэнне», 1988) і кіна- («Кветкі правінцыі», 1994) фільмаў, дакумент. фільма «Вяртанне Забэйды-Суміцкага» (1990, у сааўт.) і інш. Творам М. ўласцівы псіхалагізм, філасафічнасць, спавядальнасць, дынамізм дзеяння. Піша для дзяцей: кн. казак «Жылі-былі дзед Васільчык і баба Кацярына» (1987), п’есы-казкі «Чаканне сабакі Тэафіла» (паст. Дзярж. т-рам лялек Беларусі, 1979), «Тушканчык і чароўны чамаданчык» (1984), «Чужое багацце» (паст. 1999) і інш. Дзярж. прэмія Беларусі 1996.

Тв.:

Крык на хутары;

Кветкі правінцыі. Мн., 1998;

Вясёлыя, бедныя, багатыя: Камедыі. Мн., 1998.

А.​В.​Спрынчан.

Г.В.Марчук.

т. 10, с. 150

МАРЧУ́К (Гурый Іванавіч) (н. 8.6.1925, с. Петра-Херсонец Грачоўскага р-на Арэнбургскай вобл., Расія),

расійскі матэматык і фізік. Акад. Рас. АН (1968; чл.-кар. з 1962). Замежны чл. Нац. АН Беларусі (2000). Герой Сац. Працы (1975). Скончыў Ленінградскі ун-т (1949). У 1975—80 віцэ-прэзідэнт і старшыня Сібірскага аддз., у 1986—91 прэзідэнт АН СССР. У 1980—86 нам. старшыні СМ СССР і старшыня Дзярж. к-та па навуцы і тэхніцы, адначасова з 1980 дырэктар Ін-та вылічальнай матэматыкі Рас. АН. Навук. працы па вылічальнай і прыкладной матэматыцы, па метадах разліку ядз. рэактараў і матэм. мадэліраванні ў задачах фізікі атмасферы і акіяна, навакольнага асяроддзя, у імуналогіі і медыцыне. Ленінская прэмія 1961, Дзярж. прэмія СССР 1979.

Літ.:

Г.​И.​Марчук. М., 1985.

Г.І.Марчук.

т. 10, с. 151

МАРЧЫЯ́НА ((Marciano) Рока Фрэнсіс) (1923, г. Броктан, штат Масачусетс, ЗША — 1969),

амерыканскі прафесійны спартсмен (бокс). Чэмпіён свету ў цяжкай вазе (1952, 1953, 1954, 1955, 1956).

т. 10, с. 151

МАРШ (ад франц. marche шэсце, рух наперад) (ваен.), арганізаванае перамяшчэнне войск у паходных калонах на трансп. сродках, баявых машынах або ў пешым парадку, у т. л. на лыжах. Як правіла, праводзіцца скрытна, пераважна ноччу. Пры арганізацыі М. забяспечваюцца: разведка, ахова, абарона ад зброі масавага паражэння, маскіроўка, інжынернае, тэхн. і тылавое забеспячэнне. М. можа праводзіцца на вял. (больш як 1 сутачны пераход) і малыя адлегласці. М.-кідкі — імклівае перамяшчэнне падраздзяленняў на кароткія дыстанцыі — адначасова з’яўляюцца адной з форм фіз. трэніроўкі ваеннаслужачых. Тэрміны «М.-манеўр» і «фарсіраваны М.» выйшлі з ужытку. У сучасных умовах войскі на М. за суткі здольны прайсці: аўтамаб. калоны да 400 км, змешаныя (танкі, аўтамабілі і інш.) — 300 км, пешым парадкам або на лыжах — 30—50 км.

У.​І.​Грынюк.

т. 10, с. 151

МАРШ,

музычны жанр. Склаўся ў інстр. музыцы. Яго вызначальныя рысы: дакладны рытм з вострымі пункцірнымі фігурамі і сінкопамі, мелодыка з «фанфарнымі» інтанацыямі, скачкамі, паўторамі гукаў, квадратнасць пабудовы, устойлівы тэмп. Памер пераважна ​2/4, ​4/4.

М. сфарміраваўся ў далёкім мінулым на аснове інстр. сігналаў (гл. Сігнальная музыка), паходнай салдацкай песні, некат. форм танц. музыкі (напр., паланэза). Разнастайнасць характару і зместу М. абумоўлена яго канкрэтным прызначэннем (страявы, жалобны, канцэртны і інш.), сац.-грамадскімі ўмовамі эпохі і традыцыямі нац. муз. культур. М. — адзін з вядучых жанраў духавой музыкі, які садзейнічае арганізацыі руху і стварэнню адзінага эмац. настрою. Сярод ваен. М. вылучаюць страявы (парадны), цырыманіяльны (калонны і фанфарны), паходны, або «хуткі», сустрэчны, пахавальны (жалобны), кожны з якіх мае свае муз.-стылявыя асаблівасці. На ранняй ступені развіцця М. стаў таксама жанрам тэатр., канцэртнай і быт. музыкі. Развіваецца ў пастаяннай сувязі яго прыкладной і «мастацкай» форм.

На Беларусі М. выкарыстоўваецца ў нар. і прафес. муз. практыцы; абавязковы кампанент традыц. вясельнага рытуалу, дзе стварае атмасферу ўсеагульнай радасці і ўрачыстасці. У кожнай мясцовасці ёсць свае традыц. папулярныя маршы, у т. л. рус. ваен. М. «Развітанне славянкі», «Туга па Радзіме», «Егерскі марш», «Парыжскі марш 1814 г.», бел. нар. песня «Бывайце здаровы», польск. застольная песня «Сто год» і інш., розныя па месцы і па часе ўзнікнення. У 2-й пал. 19 ст. да жанру М. звярталіся І.​Глінскі, Я.​Ёдка і інш. М. зрабіў вял. ўплыў на развіццё масавай песні. У 20 ст. М. пісалі бел. кампазітары Р.​Бутвілоўскі, Ю.​Бяльзацкі, Я.​Глебаў, І.​Лучанок, П.​Падкавыраў, Р.​Сурус, Я.​Цікоцкі, М.​Чуркін. М.-парафразы створаны на тэмы песень У.​Алоўнікава, Лучанка, Ю.​Семянякі і інш. М. распрацоўваецца ў бел. сімф., опернай, балетнай, фп. музыцы і інш.

Літ.:

Городецкая 3., Магазинер Л. Типичные черты жанра, композиции и музыкального языка маршей // В помощь военному дирижеру. М., 1955. Вып. 2.

І.​Дз.​Назіна.

т. 10, с. 151

МАРШ (Marche),

гістарычная вобласць у цэнтр. ч. Францыі. Уключае дэпартаменты Кроз і Верхняя В’ена (часткова). Пл. каля 8,1 тыс. км². Нас. каля 300 тыс. чал. (1997). Адм. ц.г. Герэ. Паверхня ўзвышаная (плато Марш выш. да 697 м; плато Мільваш выш. да 984 м). Рэкі бас. Луары цякуць у глыбокіх далінах. Пераважна аграрны раён. Гадоўля мясной буйн. раг. жывёлы (у т. л. племянной), свіней, авечак. Пасевы пшаніцы, ячменю, бульбы, фуражных культур. Прам-сць: тэкст. (Абюсон), харч., гарбарна-абутковая, маш.-буд., фарфора-фаянсавая.

т. 10, с. 151

МАРША́К ((Marshak) Роберт Юджын) (11.10.1916, Нью-Йорк — 23.12.1992),

амерыканскі фізік. Чл. Нац. АН ЗША (1958), Амер. акадэміі навук і мастацтваў (1962). Бацькі М. паходзяць з Мінска. Скончыў Калумбійскі ун-т (1936). З 1939 у Рочэстэрскім ун-це (з 1949 праф.), з 1970 у Нью-Йоркскім ун-це (прэзідэнт Сіці-каледжа), з 1979 праф.

Ун-та штата Вірджынія (г. Блэксберг). Навук. працы па астрафізіцы, ядз. фізіцы, фізіцы элементарных часціц. Даследаваў генерацыю энергіі ў белых карліках, ударныя хвалі пры ядз. выбуху (хвалі М.). Разам з Г.А.Бетэ прадказаў існаванне 2 розных тыпаў мезонаў (1947). Прапанаваў незалежна ад М.Гел-Мана і Р.Фейнмана універсальную тэорыю слабых узаемадзеянняў (разам з Э.​Сударшанам, 1957).

Тв.:

Рус. пер. — Введение в физику элементарных частиц. М., 1962 (разам з Э.​Сударшанам).

М.​М.​Касцюковіч.

Р.​Маршак.

т. 10, с. 151