Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ПАГРО́ЗА ў крымінальным праве,

выказаны ў любой форме намер прычыніць фіз., матэрыяльную ці інш. шкоду грамадскім або асабістым інтарэсам. У крымін. праве Рэспублікі Беларусь найб. небяспечныя віды П. — забойствам, нанясеннем цяжкіх цялесных пашкоджанняў або знішчэннем маёмасці шляхам падпалу і да т.п., якія ствараюць самаст. саставы злачынства. Разглядаецца заканадаўствам як сродак псіхічнага насілля над чалавекам і караецца ў крымін. парадку.

т. 11, с. 482

ПАГРУ́ЗАЧНА-РАЗГРУ́ЗАЧНЫЯ МАШЫ́НЫ,

машыны цыклічнага або неперарыўнага дзеяння, прызначаныя для выканання аперацый на пагрузачна-разгрузачных, перагрузачных, складскіх, укладачных работах з насыпнымі, кавалкавымі і штучнымі грузамі. Бываюць стацыянарныя, перасоўныя, самаходныя, на колавым і гусенічным хаду. Падзяляюцца на 2 асн. групы: пагрузчыкі (у т.л. аўтапагрузчыкі) і разгрузчыкі (пераважна для сыпкіх матэрыялаў).

Для пагрузкі і разгрузкі сыпкіх і дробнакавалкавых матэрыялаў выкарыстоўваюць універсальныя адна- і многакаўшовыя пагрузчыкі, разгрузачна-штабелявальныя машыны; для разгрузкі пылаватых матэрыялаў (цэмент, мука) — пнеўмаразгрузчыкі, сыпкіх і дробнакавалкавых матэрыялаў з чыг. рухомага саставу — скрабалкавыя і элеватарныя разгрузчыкі, цэменту з крытых вагонаў — вакуумныя разгрузчыкі. Як П.-р.м. выкарыстоўваюцца канвееры, скрэперы, экскаватары, розных тыпаў краны.

І.І.Леановіч.

т. 11, с. 482

ПАГРУ́ЗЧЫК,

самаходная (гусенічная або колавая) пад’ёмна-транспартная машына для пагрузкі сыпкіх, дробнакавалкавых і штучных грузаў у трансп. сродкі, перамяшчэння іх на невял. адлегласці, укладкі ў штабелі ці адвалы. Бываюць бесперапыннага дзеяння (маюць ланцуговыя ці скрабалкавыя канвееры, на якія груз падаецца заграбнымі лапамі, вінтавымі або ротарнымі сілкавальнікамі) і цыклічнага дзеяння (аснашчаны вілачнымі захопамі, каўшамі, боднямі і інш.); аўтапагрузчыкі і электрапагрузчыкі.

П. агульнага прызначэння (універсальныя) выкарыстоўваюцца ў розных галінах нар. гаспадаркі для пагрузкі разнастайных грузаў. Абсталёўваюцца рознага тыпу грузазахопнымі прыстасаваннямі і зменным абсталяваннем (П.-бульдозеры, -экскаватары, грэйферныя, адна- і многакаўшовыя). П. спецыяльныя прызначаны для работы з грузамі абмежаванай наменклатуры або ў асаблівых умовах (горныя пагрузачныя машыны, с.-г. зернепагрузчыкі, загрузчыкі кармоў, П.-капавозы, -стагакіды, снегапагрузчыкі і інш.).

На Беларусі аднакаўшовыя П. выпускае аб’яднанне «Амкадор», аўтапагрузчыкі — Магілёўскі аўтамаб. з-д.

І.І.Леановіч.

Пагрузчыкі акцыянернага таварыства «Амкадор»: 1 — аднакаўшовы франтальны колавы; 2 неперарыўнага дзеяння з фрэзерным сілкавальнікам і паваротным транспарцёрам.

т. 11, с. 482

ПА́ГУАШСКІ РУХ,

міжнародны рух вучоных за мір, ядз. раззбраенне і навук. супрацоўніцтва ўсіх краін. Каля яго вытокаў стаялі вядомыя вучоныя, у т.л. А.Эйнштэйн, Ф.Жаліо-Кюры, Б.Расел і інш., якія ў 1955-заклікалі вучоных усіх краін выступіць супраць выкарыстання ядз. энергіі ў ваен. мэтах. У ліп. 1957 у канадскім г. Пагуаш (адсюль назва) адбылася 1-я Пагуашская канферэнцыя. Тады ж быў утвораны пастаянны Пагуашскі к-т са штаб-кватэрай у Лондане. З таго часу рэгулярна праводзяцца канферэнцыі П.р., на якіх абмяркоўваюцца пытанні захавання міру і ролі ў гэтым вучоных. Нобелеўская прэмія міру 1995 (разам з Дж.Ротблатам).

т. 11, с. 482

ПАДАБЕ́Д (Аляксандр Станіслававіч) (н. 30.5.1951, Мінск),

бел. акцёр. Засл. арт. Беларусі (1989). Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1972). З 1972 працуе ў Нац. акад. т-ры імя Я.Купалы, адначасова выкладае ў Бел. АМ (з 1995 праф.). Выканаўца характарных і драм. роляў. Творчасці ўласцівы завершанасць унутр. і знешняга малюнка ролі: Незнаёмы («Раскіданае гняздо» Я.Купалы), Гатоўчык («Апошні шанц» В.Быкава), Салянік («Радавыя» А.Дударава), Дзергачоў («Апошняя ахвяра» А.Астроўскага), Чапурной («Дзеці сонца» М.Горкага), Княжко («Бераг» Ю.Бондарава), Арыэль («Бура» У.Шэкспіра), Тоні («Шкляны звярынец» Т.Уільямса), Ахіл («Ромул Вялікі» Ф.Дзюрэнмата) і інш. Здымаецца ў кіно: «Плач перапёлкі», «Справа Лахоўскага», «Чалавек са звалкі», «Маскоўская сувязь» (бел.-амер.). Удзельнічае ў тэле- («Сіняя-сіняя», «Доктар Фауст», «Подых навальніцы») і радыё- («Спартак», «Па кім звоніць звон») пастаноўках.

Р.Л.Баравік.

т. 11, с. 482

ПАДАВА́НА ((Padovano) Джавані) (Ян) Марыя [сапр. Моска да Падова (Mosca da Padova) Джанмарыя; каля 1493, г. Падуя (?),

Італія — 31.3.1574], італьянскі скульптар і архітэктар; прадстаўнік Адраджэння. У 1515—30 працаваў у Падуі і Венецыі, з 1532 у Рэчы Паспалітай, у т.л. ў Вільні. Прыдворны мастак вял. князя ВКЛ Жыгімонта I Старога. Майстар надмагільнай пластыкі. Сярод твораў: барэльеф «Цуд са шклянкай» для базілікі св. Антоніа ў Падуі, надмагіллі Б.Тарноўскай (каля 1536), Я.Тарноўскага і яго сына (1561—70) у саборы ў Тарнуве, С.Алясніцкага (1450) у кафедральным касцёле ў Познані, П.Гамрата (1545) і С.Мацеёўскага (1552) у кафедральным касцёле на Вавелі ў Кракаве, жонак Жыгімонта II Аўгуста Лізаветы (1546—52) і Барбары Радзівіл (1553—63, абодва не захаваліся) у Вільні, ківорый для касцёла Дзевы Марыі ў Кракаве (1551—54) і інш. Аўтар 4 медалёў з партрэтамі Жыгімонта I Старога і яго сям’і (1532), арх. праектаў атыкаў і лесвіцы ў «Сукеніцэ» (1555—59) і нішаў для каралеўскіх надмагілляў у капліцы Жыгімонтаў на Вавелі (1571—74).

С.У.Пешын.

т. 11, с. 483

ПАДА́ГРА [грэч. podagra ад pus (podos) нага + agra пастка],

захворванне арганізма, якое абумоўлена парушэннем пурынавага абмену. Праявы: прыступападобны артрыт, пашкоджанне нырак і інш. органаў у выніку адкладання ў тканках солей мачавой к-ты, павышаны ўзровень мачавой к-ты ў крыві. Прыкметы: прыступы моцнага болю ў адным ці некалькіх суставах, прыпухласць сустава, пачырваненне скуры над ім, павышаная т-ра цела, немагчымасць рухаў і інш. Прыступы П. паўтараюцца, пашкоджваюцца новыя суставы. Вострыя прыступы бываюць ад фіз. нагрузкі, траўмы, ужывання алкаголю і інш. Паступова П. набывае хранічнае цячэнне: акрамя артрыту з’яўляюцца намнажэнні солей мачавой к-ты (тофусы) у вобл. вушных ракавін, суставаў і інш. Часта П. спадарожнічае атлушчэнне, парушэнне вугляводнага абмену і інш. Лячэнне: дыета, тэрапеўт., фізкультура.

М.Ф.Сарока.

т. 11, с. 483

ПАДАЗРО́НЫ,

асоба, затрыманая па падазрэнні ва ўчыненні злачынства, а таксама асоба, якой абрана мера стрымання да прад’яўлення абвінавачання. Паводле крымін.-працэсуальнага заканадаўства Рэспублікі Беларусь, П. з’яўляецца ўдзельнікам крымін. працэсу, які ўступае ў працэсуальныя адносіны на стадыі ўзбуджэння крымін. справы і папярэдняга следства. У працэсуальным становішчы ён можа знаходзіцца толькі на працягу вельмі кароткага тэрміну (не больш за 3 сутак), пасля чаго павінна быць вырашана пытанне пра прад’яўленне яму абвінавачання і меры стрымання, калі для гэтага будуць законныя падставы.

Э.І.Кузьмянкова.

т. 11, с. 483

ПАДАЛЕ́ШНІК (Asarum),

род кветкавых раслін сям. кірказонавых. Каля 100 відаў. Пашыраны ва ўмераным поясе Паўн. паўшар’я. На Беларусі 1 від — П. еўрапейскі (A. europaeum), нар. назвы канячыя капыткі, дзікі перац, церазгрывіца. Трапляецца ў цяністых лясах, хмызняках.

Шматгадовыя карэнішчавыя травы выш. да 10 см з вострым пахам перцу. Сцёблы кароткія, слабаразвітыя з лускавінкамі. Лісце (2—3) буйное, зялёнае, скурыстае, зімуючае, на доўгіх чаранках з глыбокай выемкай. Кветкі адзіночныя, званочкавыя, на паніклых кветаножках. Плод — каробачка. Ядавітыя, лек., дэкар. расліны.

В.В.Маўрышчаў.

Падалешнік еўрапейскі.

т. 11, с. 483

ПАДАЛІ́НСКІ (Міхал) (1783, Мінск — 1856),

бел. гравёр, педагог. У 1802—08 вучыўся ў Пецярбургскай АМ (у 1806 атрымаў 2-і, у 1808 — 1-ы сярэбраныя медалі). Пасля сканчэння Віленскага ун-та (1825) выкладаў малюнак у гімназіях Вільні, Маладзечна, пазней працаваў настаўнікам малявання ў Мінску. Аўтар серыі партрэтаў прафесараў Віленскага ун-та (В.Герберскага, І.Франка і інш.), партрэта канцлера ВКЛ Л.Сапегі (паводле жывапіснага арыгінала 17 ст.), ілюстрацый да кнігі «Гісторыя царавання Жыгімонта III» і інш.

Л.Н.Дробаў.

т. 11, с. 483