самаходная (гусенічная або колавая) пад’ёмна-транспартная машына для пагрузкі сыпкіх, дробнакавалкавых і штучных грузаў у трансп. сродкі, перамяшчэння іх на невял. адлегласці, укладкі ў штабелі ці адвалы. Бываюць бесперапыннага дзеяння (маюць ланцуговыя ці скрабалкавыя канвееры, на якія груз падаецца заграбнымі лапамі, вінтавымі або ротарнымі сілкавальнікамі) і цыклічнага дзеяння (аснашчаны вілачнымі захопамі, каўшамі, боднямі і інш.); аўтапагрузчыкі і электрапагрузчыкі.
П. агульнага прызначэння (універсальныя) выкарыстоўваюцца ў розных галінах нар. гаспадаркі для пагрузкі разнастайных грузаў. Абсталёўваюцца рознага тыпу грузазахопнымі прыстасаваннямі і зменным абсталяваннем (П.-бульдозеры, -экскаватары, грэйферныя, адна- і многакаўшовыя). П. спецыяльныя прызначаны для работы з грузамі абмежаванай наменклатуры або ў асаблівых умовах (горныя пагрузачныя машыны, с.-г.зернепагрузчыкі, загрузчыкі кармоў, П.-капавозы, -стагакіды, снегапагрузчыкі і інш.).
На Беларусі аднакаўшовыя П. выпускае аб’яднанне «Амкадор», аўтапагрузчыкі — Магілёўскі аўтамаб.з-д.
І.І.Леановіч.
Пагрузчыкі акцыянернага таварыства «Амкадор»: 1 — аднакаўшовы франтальны колавы; 2 неперарыўнага дзеяння з фрэзерным сілкавальнікам і паваротным транспарцёрам.