Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

НАВУХАДАНО́САР II, Набу-кудуры-уцур,

цар Новававілонскага царства [605—562 да н.э.]. Сын Набапаласара. Пасля перамогі ў 605 да н.э. над егіп. войскам каля Кархемыша падпарадкаваў Сірыю і Палесціну. У 599 да н.э. рэарганізаваў армію, у 598 да н.э. здзейсніў паход у Паўн. Аравію. У 586 да н.э. захапіў Іерусалім. Ператварыў Іудзею ў вавілонскую правінцыю, вял. частку яе насельніцтва перасяліў у Вавілонію. У 575 да н.э. захапіў Тыр, чым завяршыў падпарадкаванне Вавілону Усх. Міжземнамор’я. Праўленне Н.II адзначана эканам. і культ. росквітам Вавілона. Пры ім ўзведзены шматлікія культавыя і грамадскія збудаванні, у т. л. вежы храма Эсагіла і славутыя вісячыя сады («сады Семіраміды»).

Літ.:

Белявский В.А. Вавилон легендарный и Вавилон исторический М., 1971;

Кленгель-Брандт Э. Вавилонская башня: Легенда и история: Пер. с нем. М., 1991.

Я.У.Новікаў.

т. 11, с. 112

НА́ВУЦЬ, Роў,

рака ў Жыткавіцкім р-не Гомельскай вобл., левы прыток р. Скрыпіца (бас. р. Прыпяць). Даўж. 31 км. Пл. вадазбору 269 км². Пачынаецца за 3,5 км на ПнЗ ад в. Навуць, вусце за 3,8 км на Пд ад в. Пасека. Даліна невыразная, рэчышча ад вытоку на працягу 22 км каналізаванае. Водапрыёмнік меліярац. каналаў. Выкарыстоўваецца для напаўнення вадой сажалак рыбгаса «Чырвоная Зорка».

т. 11, с. 113

НАВУЧА́ННЕ,

мэтанакіраваны працэс перадачы і засваення ведаў і практычных навыкаў, фарміраванне ўменняў іх выкарыстання; сродак усебаковага развіцця і падрыхтоўкі асобы да жыццядзейнасці. Пры Н. рэалізуюцца мэты адукацыі і выхавання. У аснову Н. пакладзены гал. прынцыпы дыдактыкі. Ажыццяўляецца ў навуч. установах рознага тыпу (школа, каледж, ун-т і інш.), у сям’і, на вытв-сці і інш. сферах жыццядзейнасці чалавека. Мэты і задачы Н. змяняюцца гістарычна, абумоўлены ўзроўнем матэрыяльнага і духоўнага развіцця грамадства і залежаць ад функцый навуч. устаноў. У розных грамадствах існуюць адметныя сістэмы каштоўнасцей, што ўплывае на дыферэнцыяцыю метадаў і праграм Н. У залежнасці ад крыніцы ведаў метады Н. падзяляюць на славесныя (тлумачэнне, урок-дыскусія, гутарка, лекцыя і інш.), наглядныя (экскурсія, дэманстрацыя ілюстрацый, дыяпазітываў, кінафільмаў і інш.) і практычныя (лабараторныя заняткі, праца ў майстэрнях, вытв. практыка і інш.). Метады Н. могуць быць актыўныя, пасіўныя, маналагічныя, дыялагічныя, эўрыстычныя, дагматычныя і інш. Існуюць розныя сістэмы арганізацыі Н. Гістарычна найб. пашыранымі сістэмамі былі індывідуальная (гл. Індывідуальнае навучэнне) і індывід.-групавая. Адной з першых форм масавага Н. з’явілася арганізацыя калектыўнага Н., напр., у брацкіх школах, у дзейнасці якіх выявіліся асн. элементы класна-ўрочнай сістэмы. Імкненне забяспечыць найб. эфектыўнае вырашэнне задач Н. абумовіла пошук новых, нетрадыц. форм і методык (Бел-Ланкастэрская сістэма, батаўская сістэма дыферэнцыраванага Н. ў ЗША, Мангеймская школьная сістэма). У 1920-я г. распрацавана сістэма праектнага Н. (У.Кіркпатрык, ЗША), у працэсе якога вучні разам з настаўнікам праектуюць рашэнні практычных задач. Вальдорфская сістэма Н. (Р.Штайнер, Германія), сістэмы М.Мантэсоры (Італія), С.Фрэнэ (Францыя) і інш. ставяць гал. мэтай раскрыццё індывідуальнасці навучэнца. У сучаснай практыцы Н. выкарыстоўваюцца таксама лекцыйна-семінарская, курсавая, прадметна-курсавая, індывідуальна-брыгадная і інш. навуч. сістэмы. Увайшлі ў практыку праграмаванае Н., элементы праблемнага Н., заснаванага на стварэнні праблемных сітуацый з мэтай актывізацыі пазнавальнай дзейнасці навучэнцаў, назіраецца тэндэнцыя далейшай гуманізацыі і гуманітарызацыі навучальна-выхаваўчага працэсу (гл. Гуманітарная адукацыя). Набыць веды можна і самаадукацыяй, з выкарыстаннем камп’ютэрных методык.

Літ.:

Баранов С.П. Сущность процесса обучения. М., 1981;

Клингберг Л. Проблемы теории обучения: Пер. с нем. М., 1984;

Оконь В. Введение в общую дидактику: Пер. с пол. М., 1990;

Szkoły dialogu. Warszawa, 1993.

С.Л.Яцкевіч.

т. 11, с. 113

НАВЯ́ТА,

возера ў межах г. Браслаў Віцебскай вобл., у бас. р. Друйка. Пл. 0,68 км², даўж. 1,5 км, найб. шыр. 670 м, найб. глыб. 5 м, даўж. берагавой лініі 4,3 км. Пл. вадазбору 3,7 км². Катлавіна падпруднага тыпу. Схілы на Пн і 3 выш. 10—13 м, спадзістыя, сугліністыя; на Пд і У — да 20 м, стромкія, пясчаныя, у верхняй ч. разараныя. Берагавая лінія слабазвілістая. Берагі выш. да 0,3 м, на ПдЗ — да 0,5 м, пясчаныя і сугліністыя. 3 астравы агульнай пл. 3 га. Мелкаводная зона шыр. 100—150 м. Дно да глыб. 1,5 м выслана пяском і апясчаненым ілам, глыбей — сапрапелем. Уздоўж берагоў паласа надводнай расліннасці шыр. 5—40 м да глыб. 0,5—1 м. Упадаюць 2 меліярац. канавы, выцякае ручай у воз. Дрывяты.

т. 11, с. 113