Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ВЯЛІ́КІ ІРГІ́З,

рака ў Заволжы, у Расіі, левы прыток Волгі. Даўж. 675 км, пл. бас. 24 тыс. км². Пачынаецца ў адгор’ях Агульнага Сырта, цячэ ў шырокай даліне, упадае ў Валгаградскае вадасховішча. Жыўленне пераважна снегавое. Сярэдні расход вады ў нізоўі каля 23 м³/с. Выкарыстоўваецца для арашэння.

т. 4, с. 384

ВЯЛІ́КІ КА́МЕНЬ з адзнакай, геалагічны помнік прыроды на Беларусі. За 200 м на ПдЗ ад в. Сякераўцы Ашмянскага р-на Гродзенскай вобл. Граніт ружовы біятытавы, лейкакратавы дробназярністы. Па форме нагадвае вялікі прас. Даўж. 4,1 м, шыр. 3,4 м, выш. над паверхняй зямлі 3,2 м, у абводзе 11,6 м, аб’ём 45 м³, маса каля 118 т. На зах. баку высечаны чатырохканцовы крыж. Прынесены ледавіком каля 130—150 тыс. гадоў назад з Балтыйскага шчыта.

В.Ф.Вінакураў.

т. 4, с. 384

ВЯЛІ́КІ КА́МЕНЬ, Чортаў камень,

геалагічны помнік прыроды, самы буйны валун на Беларусі. За 500 м на З ад в. Горкі Шумілінскага р-на Віцебскай вобл., за 400 м ад аўтадарогі Шуміліна—Бешанковічы. Ружовы граніт рапаківі з авоідамі палявога шпату (2—9 см у папярочніку). Па форме нагадвае вялікі прас. Даўж. (бачнай часткі) 11 м, шыр. 5,6 м, выш. над паверхняй зямлі 2,8 м, у абводзе 32 м, аб’ём 173 м³, маса 460 т. Прынесены ў час апошняга зледзянення каля 18 тыс. гадоў назад з Выбаргскага масіву Балтыйскага шчыта.

В.Ф.Вінакураў.

т. 4, с. 384

ВЯЛІ́КІ КАНА́Л

(кіт. Даюньхэ),

суднаходны канал у Кітаі. Важная водная артэрыя краіны; адно са стараж. гідратэхн. збудаванняў. Злучае 2 буйн. парты — Цяньцзінь і Шанхай. Агульная працягласць 1782 км, з адгалінаваннямі ў гарады Ханчжоў, Пекін і Наньтун — 2470 км. Шыр. ад 40 м (правінцыі Шаньдун, Хэбэй) да 3500 м (Шанхай). Глыб. на фарватэры 2—3 м; 21 шлюз. Перасякае рэкі Хуанхэ і Янцзы, уключае натуральныя водныя шляхі (рэчышчы рэк і азёры). Складаецца з некалькіх участкаў: паўднёвы пабудаваны ў 7 ст., паўночны — у 13 ст., частка цэнтр. ўчастка (ад г. Хуайінь да г. Цзянду) праходзіць па канале Ханьгоў. Рэканструяваны ў 1961—62 і 1982—83.

т. 4, с. 384

ВЯЛІ́КІ КАНЬЁН

(Grand Canyon),

Вялікі Каньён Каларада, каньён у ЗША (штат Арызона), на плато Каларада. Выпрацаваны р. Каларада ў тоўшчы вапнякоў, пясчанікаў і сланцаў у выніку рачной эрозіі. Даўж. каля 350 км, глыб. да 1800 м (адзін з найглыбейшых у свеце), шыр. 8—25 км на ўзроўні паверхні плато (на выш. 2100—2500 м) і менш за 1 км (на асобных участках да 120 м) каля ўрэзу вады. Характэрны своеасаблівыя формы схілаў (калоны, піраміды, бастыёны), грандыёзныя агаленні горных парод. Нац. парк Гранд-Каньён (з 1919); уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны. Турызм.

т. 4, с. 384

ВЯЛІ́КІ КАНЬЁН Крыма,

цясніна ў Крымскіх гарах, на паўн. схіле Ай-Петрынскай Яйлы, на Украіне. Даўж. каля 3 км, шыр. 2—4 м, глыб. да 350 м. Эразійна-тэктанічнага паходжання; утварыўся ў вапняках. Па дне цячэ р. Аўзун-Узень. Парогі, вадаспады, паглыбленні, т.зв. катлы і ванны (больш як 150). Помнік прыроды. Турызм.

т. 4, с. 384

ВЯЛІ́КІ КАЎКА́З,

горная сістэма, якая цягнецца з З на У паміж Чорным і Каспійскім морамі. Даўж. больш за 1100 км, шыр. да 180 км. У восевай ч.Галоўны, або Водападзельны, хрыбет і Бакавы хрыбет, ім спадарожнічаюць перадавыя і папярочныя ланцугі выш. да 4000 і 5000 м (найб. 5642 м, г. Эльбрус). Вялікі Каўказ падзяляюць на 3 часткі: Зах. Каўказ (да Эльбруса), Цэнтр. Каўказ (паміж Эльбрусам і Казбекам) і Усх. Каўказ (на У ад Казбека). На схілах — горна-лясныя, горна-лугавыя і горна-стэпавыя ландшафты. Значнае сучаснае зледзяненне (каля 200 ледавікоў, агульная пл. 1424 км²). Гл. таксама Каўказ.

т. 4, с. 384

ВЯЛІ́КІ КНЯЗЬ,

найвышэйшы княжацкі тытул на Русі і ў ВКЛ. Вядомы з 10 ст., належаў феад. сюзерэну ўсіх князёў (Вялікі князь кіеўскі), у 12—14 ст. — правіцелям буйнейшых феад. княстваў і асобным прадстаўнікам уплывовых княжацкіх родаў. Пасля стварэння Рус. цэнтралізаванай дзяржавы (канец 15 — пач. 16 ст.) належаў Вялікім князям маскоўскім, з 1547 увайшоў у царскі, а з 1721 у імператарскі тытулы. У ВКЛ афіц. тытул Вялікі князь літоўскі, рускі, жамойцкі і інш. зямель; называўся таксама гаспадаром. Быў кіраўніком дзяржавы. Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай у канцы 18 ст. тытулам Вялікі князь літоўскі да 1917 карысталіся рас. імператары. Тытул Вялікага князя насілі члены рас. імператарскай сям’і.

т. 4, с. 384

ВЯЛІ́КІ КРАХА́ЛЬ,

птушка, гл. ў арт. Крахалі.

т. 4, с. 384

ВЯЛІ́КІ КУЛО́Н

(Numenius arquata),

птушка сям. бакасавых атр. сеўцападобных. Пашыраны ў Еўропе, Зах. Азіі, Манголіі, на ПнУ Кітая. Жыве пераважна на вярховых балотах, у поймах азёр і рэк, радзей на сухіх травяністых астравах, лугах і палях побач з мокрымі поймамі. На Беларусі рэдкі від, занесены ў Чырв. кнігу. Трапляецца на ўсёй тэр., часцей у Бел. Паазер’і і на Палессі. Нар. назвы вялікі кулён, вялікі бакас.

Даўж. да 70 см, маса да 1 кг, самкі большыя за самцоў. Афарбоўка бура-шэрая з чорнымі падоўжнымі стракацінамі, надхвосце і бруха белыя. Дзюба даўж 12—18 см, загнутая ўніз. Ногі доўгія. Гняздуецца невял. калоніямі або асобнымі парамі; гняздо на зямлі або на купіне. Выседжвае 4, вельмі рэдка 3 або 5 птушанят. Корміцца малюскамі, чарвямі, насякомымі і іх лічынкамі, дробнымі жабамі, зрэдку ягадамі і насеннем.

т. 4, с. 384