Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

МАРТО́ВІЧ (Лесь) (Аляксей Сямёнавіч; 12.2.1871, с. Тарговіца Івана-Франкоўскай вобл., Украіна — 11.1.1916),

украінскі пісьменнік-навеліст. Скончыў Львоўскі ун-т (1909). Друкаваўся з 1889. Адзін з першых твораў — памфлет «Старажытны рукапіс пра ўкраінскі край» (1897), стылізаваны пад стараж. помнікі пісьменнасці. У ім сцвярджэнне ідэй нац.-вызв. барацьбы, маштабнасць сатыр. абагульнення, алегарычнасць вобразаў. Аўтар зб-каў сатыр. і гумарыстычных апавяданняў «Нечытальнік» (1900), «Хітры Панько» (1903), «Падарунак Стрыбога і іншыя апавяданні» (1905), аповесці «Забабоны» (апубл. 1917), у якіх паказаў збядненне сялян Галіччыны, маральную дэградацыю інтэлігенцыі.

Тв.:

Рус. пер. — Подарок Стрибога. М., 1971.

Літ.:

Погребенник Ф.​П.​Лесь Мартович: Життя і творчість. Київ, 1971.

т. 10, с. 138

МАРТО́Н ((Martonne) Эмануэль дэ) (1.4.1873, г. Шабры, Францыя — 25.7. 1955),

французскі географ, прадстаўнік франц. школы «геаграфіі чалавека». Чл. Парыжскай АН (1942). Праф. Сарбоны (1909). Скончыў Вышэйшую нармальную школу ў Парыжы. З 1938 прэзідэнт Міжнар. геагр. саюза (з 1952 ганаровы прэзідэнт). Навук. працы па пытаннях геаграфіі чалавека, агульнай і рэгіянальнай фіз. геаграфіі, краіназнаўстве і інш. Распрацаваў адну з класіфікацый кліматаў Зямлі.

т. 10, с. 139

МАРТЫЛЬЕ́ ((Mortillet) Габрыэль дэ) (29.8.1821, Мелан, каля г. Грэнобль, Францыя — 25.9.1898),

французскі археолаг. У 1868—85 супрацоўнік і кіраўнік аддз. дагіст. старажытнасцей у Сен-Жэрменскім музеі. Распрацаваў археал. класіфікацыю каменнага веку Еўропы (тэнейская, шэльская, мусцьерская, салютрэйская, арыньякская, мадленская і неалітычная робенгаўзенская эпохі), якая захавала значэнне ў сучаснай еўрап. тэрміналогіі.

Т.​С.​Скрыпчанка.

т. 10, с. 139

МАРТЫ́НАВА (Эльвіра Міхайлаўна) (н. 17.2.1923, г. Звянігародка Чаркаскай вобл., Украіна),

бел. літ.-знавец. Канд. філал. н. (1970). Скончыла Адэскі ун-т (1947), у 1949—60 працавала ў ім. У 1961—79 у Ін-це л-ры АН Беларусі. Даследуе праблемы сучаснага літ. працэсу, літ. ўзаемасувязей, маст. перакладу. Адзін з аўтараў кн. «Садружнасць літаратур» (1968), «Старонкі літаратурных сувязей» (1970), «Адзінства і ўзаемаўзбагачэнне» (1980).

Тв.:

Беларуска-ўкраінскі паэтычны ўзаемапераклад. Мн., 1973;

Мастацкая дэталь у літаратурным творы. Мн., 1977.

т. 10, с. 139

МАРТЫ́НАЎ (Аляксандр Сяргеевіч) (н. 29.3.1947, г.Радвілішкіс, Літва),

бел. артыст балета, педагог. Скончыў Рыжскае харэаграфічнае вучылішча (1966), з 1972 выкладаў у ім. З 1964 саліст Рыжскага т-ра оперы і балета. З 1976 саліст, з 1985 педагог-рэпетытар Нац. акад. т-ра балета Беларусі, з 1978 (з перапынкам) адначасова педагог Дзярж. харэаграфічнага каледжа Рэспублікі Беларусь. Яго танцу ўласцівы высокая тэхніка, эмацыянальнасць, сцэн. абаяльнасць. Сярод партый на бел. сцэне: Прынц, Зігфрыд, Дэзірэ і Блакітная птушка («Шчаўкунок», «Лебядзінае возера», «Спячая прыгажуня» П.​Чайкоўскага), Альберт, Алі («Жызэль», «Карсар» А.​Адана), Базіль, Кавалер («Дон Кіхот», «Пахіта» Л.​Мінкуса), Франц («Капелія» Л.​Дэліба), Кален («Ліза і Кален» Ф.​Герольда), Вацлаў («Бахчысарайскі фантан» Б.​Асаф’ева), Кароль Філіп («Тыль Уленшпігель» Я.​Глебава), Юнак («Ленінградская сімфонія» на муз. Дз.​Шастаковіча) і інш. Лаўрэат VII Міжнар. конкурсу артыстаў балета ў Варне (Балгарыя, 1974).

Літ.:

Чурко Ю.М. Белорусский балет в лицах. Мн., 1988. С. 106, 107, 109.

Л.​І.​Вішнеўская.

т. 10, с. 139

МАРТЫ́НАЎ (Аляксандр Яўстаф’евіч) (20.7.1816, С.-Пецярбург — 28.8.1860),

расійскі акцёр; адзін з заснавальнікаў рэалізму ў рус. тэатры. Скончыў Пецярбургскае тэатр. вучылішча (1835). З 1836 у трупе Александрынскага т-ра. Ролі вызначаліся псіхалагізмам, віртуозным майстэрствам пераўвасаблення, шырокім творчым дыяпазонам — ад вострай сатырычнасці, часам парадыйна-гратэскнага камізму, да трагедыйнасці: Хлестакоў, Падкалёсін («Рэвізор», «Жаніцьба» М.​Гогаля), Мошкін («Халасцяк» І.​Тургенева), Мітрафан («Недаростак» Дз.​Фанвізіна), Фамусаў («Гора ад розуму» А.​Грыбаедава), Ціхан («Навальніца» А.​Астроўскага), Сінічкін («Леў Гурыч Сінічкін» Дз.​Ленскага) і інш.

А.Я.Мартынаў.

т. 10, с. 139

МАРТЫ́НАЎ (Віктар Уладзіміравіч) (н. 25.1.1924, г. Адэса, Украіна),

бел. мовазнавец. Д-р філал. н. (1969), праф. (1971). Засл. дз. нав. Беларусі (1990). Скончыў Адэскі ун-т (1948), з 1952 працаваў у ім. З 1960 у Ін-це мовазнаўства АН Беларусі, у 1994—96 у Мінскім лінгвістычным ун-це. З 1998 у Еўрап. гуманітарным ун-це (Мінск). Даследуе агульнае, слав. і прыкладное мовазнаўства. Аўтар кніг: «Славяна-германскае лексічнае ўзаемадзеянне найстаражытнейшай пары: (Да праблемы прарадзімы славян)» (1963), «Кібернетыка. Семіётыка. Лінгвістыка» (1966), «Славянская і індаеўрапейская акамадацыя» (1968), «Семіялагічныя асновы інфарматыкі» (1974), «Катэгорыі мовы» (1982), «Мова ў прасторы і часе: Да праблемы глатагенезу славян» (1983), «Універсальны семантычны код: УСК-3» (1984), «Этнагенез славян: Мова і міф» (1993), «Прарадзіма славян. Лінгвістычная верыфікацыя» (1998), сааўтар «Лексікі Палесся ў прасторы і часе» (1971), «Этымалагічнага слоўніка беларускай мовы» (т. 1—8, 1978—93) і інш.

т. 10, с. 139

МАРТЫ́НАЎ (Георгій Раманавіч) (н. 28.8.1925, г. Іванава, Расія),

бел. артыст балета. Засл. арт. Беларусі (1955). Скончыў Бел. харэаграфічнае вучылішча (1954). З 1948 у Іванаўскім т-ры муз. камедыі. З 1952 саліст Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі, з 1963 2-і балетмайстар Дзярж. ансамбля танца Беларусі; у 1967—75 саліст балета Бел. філармоніі. Выконваў пераважна партыі характарнага плана: Хмель («Палымяныя сэрцы» В.​Залатарова), Мацей і бацька Анежкі («Падстаўная нявеста» і «Святло і цені» Г.​Вагнера), Блазан і Кот у ботах («Лебядзінае возера» і «Спячая прыгажуня» П.​Чайкоўскага) і інш. Танец М. вызначаўся пластычнай выразнасцю і артыстызмам. Паставіў шэраг эстр. харэаграфічных нумароў, у т. л. «Паўлінка», «Лявоніха», «Перапёлачка»; танцы да драм. спектакляў, у т. л. «Эдзіт Піяф» В.​Легентава ў Бел. рэсп. т-ры юнага гледача.

т. 10, с. 139

МАРТЫ́НАЎ (Іван Аляксеевіч) (19.9. 1923, с. Нікола-Сергіеўка Тамбоўскай вобл., Расія — 25.6.1944),

удзельнік баёў на Беларусі ў Вял. Айч. вайну, Герой Сав. Саюза (1944). Скончыў Хабараўскае кулямётна-мінамётнае вучылішча (1943). У Вял. Айч. вайну з вер. 1943 на 1-м Прыбалт. фронце. Старшы лейт. М. вызначыўся 23—25 чэрв. ў баях пры фарсіраванні Зах. Дзвіны каля в. Дворышча Бешанковіцкага р-на Віцебскай вобл. Загінуў у баі.

т. 10, с. 139

МАРТЫ́НАЎ (Іван Платонавіч) (н. 12.8.1938, в. Антонаўка Жлобінскага р-на Гомельскай вобл.),

бел. матэматык. Д-р фіз.-матэм. н. (1989), праф. (1990). Скончыў Гродзенскі пед. ін-т (1961). З 1965 у Гродзенскім ун-це (з 1997 прарэктар). Навук. працы па аналіт. тэорыі дыферэнцыяльных ураўненняў. Распрацаваў новыя метады даследавання аналіт. уласцівасцей рашэння дыферэнцыяльных сістэм вышэйшых парадкаў.

Тв.:

Об уравнениях третьего порядка без подвижных критических особенностей // Дифференц. уравнения. 1985. Т. 21, № 6;

О классификации дифференциальных уравнений в частных производных третьего порядка типа Пенлеве (разам з Н.​С.​Бярозкінай, В.​А.​Пранько) // Там жа. 1994. Т. 30, № 10.

т. 10, с. 139