ДО́ЎГАЕ ВО́ЗЕРА,
у Полацкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Крашанка, за 20 км на Пд ад г. Полацк. Пл. 0,26 км², даўж. 800 м, найб. шыр. 420 м, найб. глыб. 2,8 м, даўж. берагавой лініі каля 3 км. Пл. вадазбору 4 км². Схілы катлавіны выш. 5 м, пад лесам. Берагавая лінія звілістая, утварае некалькі заліваў. У цэнтры возера востраў пл. 0,4 га. Дно выслана сапрапелем. Злучана ручаём з воз. Уклеенка.
т. 6, с. 188
т. 6, с. 188
ДО́ЎГАЕ ВО́ЗЕРА,
у Полацкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Нача, за 25 км на ПдЗ ад г. Полацк. Пл. 0,23 км², даўж. 930 м, найб. шыр. 270 м, даўж. берагавой лініі больш за 2 км. Пл. вадазбору 1,75 км². Схілы катлавіны выш. да 10 м, пад хмызняком, на Пд разараныя.
т. 6, с. 188
ДО́ЎГАЕ ВО́ЗЕРА,
у Бешанковіцкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Астроўніца (выцякае з возера), за 26 км на ПнУ ад г.п. Бешанковічы. Пл. 0,21 км², даўж. 980 м, найб. шыр. 220 м, даўж. берагавой лініі больш за 2 км. Пл. вадазбору 38,9 км². Схілы катлавіны выш. да 8 м, пад хмызняком. Берагі высокія. У возера ўпадаюць ручаі з азёр Астроўна і Мелкае.
т. 6, с. 188
ДО́ЎГАЕ ВО́ЗЕРА,
ва Ушацкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Тураўлянка, за 25 км на ПнУ ад г.п. Ушачы. Пл. 0,21 км², даўж. 1,3 км, найб. шыр. 240 м, найб. глыб. 5 м, даўж. берагавой лініі 3 км. Пл. вадазбору 5,8 км². Схілы катлавіны выш. 8—10 м (на 3 да 6 м), пераважна пад хмызняком, на З месцамі разараныя. Берагі высокія, на У зліваюцца са схіламі, на Пд і 3 месцамі сплавінныя. На Пн упадае ручай з воз. Рукшанскае, злучана ручаём з воз. Плацішна.
т. 6, с. 188
ДО́ЎГАЯ ЛІ́НІЯ,
электрычная лінія, утвораная 2 доўгімі праваднікамі, адлегласць паміж якімі значна меншая за даўжыню хвалі электрамагнітных ваганняў, што па ёй перадаюцца. Асн. характарыстыкі: хвалевае супраціўленне і каэфіцыент распаўсюджвання эл.-магн. хваль. З’яўляецца сістэмай з размеркаванымі параметрамі (кожны элемент даўжыні Д.л. мае адначасова пэўныя значэнні індуктыўнасці, ёмістасці, актыўнага супраціўлення і інш.). Адрозніваюць Дл. аднародныя (з нязменнымі параметрамі ўздоўж лініі), нескажальныя (захоўваюць форму пададзенага сігналу) і ўзгадняльныя (нагрузка роўная хвалеваму супраціўленню). Працуюць у рэжыме стаячай хвалі (поўнае адбіццё энергіі ад канца лініі), бягучай хвалі (поўнае паглынанне энергіі на канцы лініі) або прамежкавым. Адрэзкі Дл. выкарыстоўваюцца ў якасці вагальных контураў, ізалятараў, узгадняльных трансфарматараў, а таксама для перадачы інфармацыі ў тэлеф.-тэлегр. сувязі, тэлебачанні, радыёлакацыі, эл.-энергетыцы. Гл. таксама Лінія сувязі.
А.П.Ткачэнка.
т. 6, с. 188
ДО́ЎГІРД (Анёл) (2.12.1776, маёнтак Юркаўшчына, Мсціслаўскі р-н Магілёўскай вобл. — 26.4.1835),
бел. філосаф, логік, псіхолаг. Скончыў Віленскую акадэмію. Выкладаў у піярскіх школах. У 1818—32 праф. Віленскага ун-та. Лічыў, што сусвет, аднойчы створаны Богам, надалей падпарадкоўваецца натуральным законам. Прадметы і іх уласцівасці існуюць незалежна ад нашай свядомасці. Крытыкаваў філасофію І.Канта, фармалізм і схематызм яго логікі і трансцэндэнтальнай эстэтыкі. Псіхал. і пед. погляды Д. абапіраліся на даследаванні здольнасцей чалавека, а яго эстэт. канцэпцыя своеасабліва спалучала класіцызм і рамантызм. Паэзію лічыў гал. жанрам мастацтва, пісаў вершы. Падрыхтаваў 3 тамы твораў па логіцы (т. 1, Полацк, 1828), манаграфію «Аб логіцы, метафізіцы і маральнай філасофіі» (Вільня, 1821). Абараніў доктарскую дысертацыю па тэалогіі «Аб цудзе» і інш.
Тв.:
У кн.: Из истории философской и общественно-политической мысли Белоруссии. Мн., 1962.
Літ.:
Дорошевич Э.К. Аниол Довгирд — мыслитель эпохи Просвещения. Мн., 1967.
Э.К.Дарашэвіч.
т. 6, с. 188
ДО́ЎГІЯ КУРГАНЫ́,
валападобныя пахавальныя насыпы 2-й пал. 1-га тысячагоддзя ў Бел. Падзвінні і Верхнім Падняпроўі, у вярхоўях р. Вялікая і каля Пскоўскага возера Расіі. Нар. назва на Пн Беларусі — валатоўкі. Даўжыня курганоў у 2 і больш разоў перавышае шырыню, часам дасягае некалькіх дзесяткаў метраў. На Беларусі выяўлены Д.к. 5—6 і 8—10 ст. Яны адлюстроўваюць перыяд, калі на Пн лясной паласы Беларусі з’явіліся славяне, якія асімілявалі мясц. балцкае і фіна-угорскае насельніцтва, утварылі групоўку ўсх. славян — крывічоў, вылучана археал. культура доўгіх курганоў паўн. Беларусі. Пахавальны абрад — трупаспаленне (у больш ранніх — за межамі пахавання). У кургане звычайна некалькі пахаванняў у ляпных гаршках-урнах ці ямках. Пахавальны інвентар некаторых курганоў — бронзавыя бранзалеты, ланцужкі, падвескі, шкляныя пацеркі сіняга колеру, жал. спражкі, нажы, касцяныя падвескі-птушкі. Большасць пахаванняў амаль без інвентару, што сведчыць пра асаблівасці рытуалу.
Літ.:
Седов В.В. Длинные курганы кривичей. М., 1974;
Штыхаў Г.В. Крывічы. Мн., 1992.
Г.В.Штыхаў.
т. 6, с. 188
ДО́ЎГІ ПАРЛА́МЕНТ (Long parliament),
скліканы 3.11.1640 англійскім каралём Карлам I пасля няўдалай спробы атрымаць падаткі ад Кароткага парламента і чарговага паражэння ў барацьбе з шатл. прэсвітэрыянамі. Праіснаваў больш за 12 гадоў (адсюль назва). У 1641 пад уплывам антыкаралеўскай большасці Д.п. сфармуляваў свае патрабаванні да караля аб рэформе англіканскага права, ліквідацыі каталіцкага ўплыву, змене ў сістэме кіравання і інш. («Вялікая рэманстрацыя»). У 1642—46 кіраваў вайной супраць Карла I. У 1653 разагнаны О.Кромвелем. У 1660 адноўлены ген. Дж.Монкам, ухваліў правядзенне выбараў і распусціўся.
т. 6, с. 188
ДО́ЎЖА,
возера ў Пастаўскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Мядзелка, за 7 км на Пд ад г. Паставы. Пл. 1,04 км², даўж. 4,9 км, найб. шыр. 420 м, найб. глыб. 13,7 м, даўж. берагавой лініі больш за 12 км. Пл. вадазбору 10,3 км². Схілы катлавіны выш. 2—6 м (на ПдУ да 20 м), разараныя. Берагі нізкія, пад хмызняком, у асобных месцах абразійныя. Мелкаводная зона пясчаная, глыбакаводная выслана глеямі. Зарастае. Паласа расліннасці ўздоўж берагоў да 20 м. На ПнЗ злучана пратокай з воз. Глодава.
т. 6, с. 188