ВЯЛІ́КІ УЗЕ́НЬ,
рака на ПдУ еўрапейскай ч. Расійскай Федэрацыі і на З Казахстана. Даўж. 650 км, пл. бас. 15,6 тыс. км². Упадае ў бяссцёкавыя Камыш-Самарскія азёры. Жыўленне пераважна снегавое. Сцёк вясной. Летам на асобных участках перасыхае. Ледастаў з канца ліст. да красавіка. Сярэдні расход вады каля г. Новаўзенск 6,7 м³/с. Выкарыстоўваецца для арашэння.
т. 4, с. 386
ВЯЛІ́КІ У́СЦЮГ,
горад у Расіі, цэнтр раёна ў Валагодскай вобл., на р. Сухана. Вядомы з 1212. 47,5 тыс. ж. (1994). Чыг. станцыя. Рачны порт. Аэрапорт. Суднабудаванне і суднарамонт (грузавыя цеплаходы, баржы, краны, буксірныя лябёдкі і інш.), металаапр., лёгкая (шчацінна-шчотачная, швейная, гарбарна-галантарэйная і інш.), дрэваапр. (вытв-сць фанеры, мэблі, буд. матэрыялаў), харч. прам-сць. Краязнаўчы музей.
Шматлікія помнікі архітэктуры надаюць гораду маляўнічасць і непаўторнасць (цэрквы Ушэсця і Спаса-Праабражэнская, саборы Міхаіла-Архангельскага і Троіца-Гледзенскага манастыроў, усе 17 ст., царква Дзмітрыя Салунскага, 1700—08, і інш., будынкі ў стылі барока і класіцызму). З 17 ст. Вялікі Усцюг — цэнтр маст. рамёстваў: прасечанае жалеза, рознакаляровая эмаль, сярэбраная філігрань, акоўка бляхай з малюнкам («мароз на блясе»), чаканка. З 18 ст. развіваецца велікаусцюжскае чарненне па серабры.
т. 4, с. 386
ВЯЛІ́КІ ФАНТА́Н,
прыморскі кліматычны і бальнеагразевы курорт на Украіне, у складзе Адэскай групы курортаў. За 9 км ад чыг. ст. Адэса. Засн. ў 1946. Інтэнсіўная сонечная радыяцыя спрыяе кліматалячэнню, гразі Куяльніцкага лімана — гразелячэнню. Марская вада выкарыстоўваецца для штучных мінер., газавых, радонавых і інш. ваннаў, мінер. вада — на лячэнне хвароб страўніка, кішэчніка. Практыкуецца фізіятэрапія. Праводзіцца лячэнне органаў дыхання, апоры і руху, перыферычнай нерв. і сардэчна-сасудзістай сістэм.
т. 4, с. 386
ВЯЛІ́КІ ФЕРГА́НСКІ КАНА́Л,
арашальны канал на тэр. Узбекістана (283 км) і Таджыкістана (62 км). Пабудаваны ў 1939—40. Злучае р. Нарын з Сырдар’ёй. Больш за 1000 гідратэхн. збудаванняў, з іх 50 буйных.
т. 4, с. 386
ВЯЛІ́КІ ХІНГА́Н,
горы на ПнУ Кітая і У Манголіі. Працягласць з ПдЗ на ПнУ каля 1200 км. Выш. да 1949 м. Складзены з гранітаў, ліпарытаў, андэзітаў. Вяршыні плоскія, схілы спадзістыя. На Пн светлахвойная тайга, участкі шматгадовай мерзлаты, больш на Пд — участкі шыракалістых лясоў, лесастэп, стэп. Рэзерват Дахінганлін (Кітай). Важны прыродны рубеж, умоўная мяжа паміж Цэнтр. і Усх. Азіяй.
т. 4, с. 386
ВЯЛІ́КІ ШАЎКО́ВЫ ШЛЯХ,
караванны шлях з Кітая ў краіны Сярэдняй і Пярэдняй Азіі ў 2 ст. да н.э. — 15 ст. н.э. Адкрыты ў час падарожжа Чжан Цяня. Ішоў з Сіяня праз Ланьчжоў у Дуньхуан, дзе раздвойваўся: паўн. дарога ішла ў Ферганскую даліну, паўд. перасякала горныя хрыбты Паміра, вяла ў Індыю і на Б. Усход. Гал. таварам быў кіт. шоўк, асн. гандлярамі — сярэднеазіяцкія купцы-пасрэднікі. Актыўна выкарыстоўваўся для дыпламат. сувязей, асабліва на мяжы 1—2 ст., калі ў Кітай і з Кітая штогод адпраўляліся пасольствы, якія суправаджаліся гандл. караванамі. У 3—6 ст. выкарыстоўваўся як «дарога пілігрымаў», па якой будыйскія манахі ішлі з Кітая ў Індыю і назад. У 10 ст. па шляху ўстанавіліся сувязі Кітая з Візантыяй, арабамі. У 13—14 ст. злучыў аддаленыя раёны Манг. імперыі. Заняпаў з развіццём марскіх зносін.
т. 4, с. 386
ВЯЛІ́КІ ЮГА́Н,
рака ў Зах. Сібіры, у Расіі, левы прыток Обі. Даўж. 1063 км, пл. бас. 34,7 тыс. км². Пачынаецца ў балотах Васюгання, цячэ па цэнтр. ч. Зах.-Сібірскай раўніны, упадае ў Юганскую пратоку. Асн. прыток — Малы Юган (справа). Жыўленне пераважна снегавое. Ледастаў з кастр.—ліст. да канца крас. — пачатку мая. Сярэдні расход вады 230 м³/с. У бас. Вялікага Югана больш як 7,5 тыс. азёр. Сплаўная. Суднаходная на 457 км ад вусця.
т. 4, с. 387
ВЯЛІ́ЧКА
(Wieliczka),
горад і бальнеалагічны курорт у Польшчы, у Кракаўскім ваяв. Вядомы з 11 ст., гар. правы з 1290. На Пд ад Кракава, у перадгор’ях Карпат. Мяккі клімат, мінер. воды і аэразольнае паветра саляных падземных вырабатак спрыяльныя для лячэння хвароб органаў руху і апоры, бранхіяльнай астмы і інш. хвароб лёгкіх. Алергалагічны санаторый. Буйны цэнтр адпачынку і міжнар. турызму. Захаваліся сярэдневяковыя касцёлы (у т. л. драўляны 16 ст.), руіны замка караля Казіміра Вялікага (каля 1350, 18 ст., разбураны ў 1945). Саляная шахта (13 ст.) з падземнымі капліцамі (17 ст.), у стараж. частцы якой адзіны ў свеце такога роду Музей кракаўскіх капальняў солі. Саляная шахта ўключана ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.
т. 4, с. 389
ВЯЛІ́ЧКА Генадзь Іосіфавіч
(н. 15.2.1922, в. Лутна Шклоўскага р-на Магілёўскай вобл.),
Герой Сав. Саюза (1943). Скончыў школу авіямеханікаў (1941), эл.-мех. тэхнікум (1963). У Вял. Айч. вайну снайпер ст. сяржант Вялічка на фронце з чэрв. 1941 знішчыў 330 гітлераўцаў, падрыхтаваў каля 200 снайпераў. Удзельнік баёў пад Сталінградам, на Доне, вызвалення Украіны, Польшчы, Чэхаславакіі. Да 1946 у Сав. Арміі.
т. 4, с. 389