Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

МАРКСІ́ЗМ,

філасофскае, эканам. і сац.-паліт. вучэнне, заснавальнікамі якога з’яўляюцца К.Маркс і Ф.Энгельс. Узнік у 1840-я г. ў Германіі, дзе ў гэты час наспявала бурж.-дэмакр. рэвалюцыя і рабочы клас выступіў як самаст. паліт. сіла. Заснаваны на пазітыўна-крытычным асэнсаванні вопыту папярэдняга развіцця грамадскай і прыродазнаўчай навук. думкі, актуальных праблем і супярэчнасцей станаўлення новага капіталіст. спосабу вытв-сці і сац.-паліт. ладу. Тэарэт. крыніцамі з’яўляюцца ням. класічная філасофія (Г.Гегель, Л.Феербах і інш.), англ. палітэканомія (А.Сміт, Д.Рыкарда і інш.), франц. утапічны сацыялізм (А.Сен-Сімон, Ш.Фур’е і інш.). На аснове гэтых крыніц Маркс і Энгельс распрацавалі дыялектычны матэрыялізм, гістарычны матэрыялізм, тэорыю прыбавачнай вартасці і вучэнне аб камунізме. Грамадства М. разглядае як цэласны арганізм, у структуры якога вылучаюцца прадукцыйныя сілы і заснаваныя на розных формах уласнасці вытворчыя адносіны (базіс грамадства); апошнія ў сваю чаргу абумоўліваюць класавую структуру грамадства, палітыку, права, мараль, філасофію, рэлігію, мастацтва (надбудова над базісам). У працэсе гіст. развіцця адбываецца змена пэўных фармацый грамадска-эканамічных, якія ўтвараюцца на аснове адзінства і ўзаемадзеяння розных сфер жыццядзейнасці грамадства. Паводле марксісцкай канцэпцыі, барацьба пануючых і прыгнечаных класаў — рухаючая сіла гісторыі, а вышэйшым выражэннем класавай барацьбы з’яўляецца сацыяльная рэвалюцыя. М. выявіў асн. супярэчнасць капіталізму — паміж грамадскім характарам працы і прыватнай формай прысваення; адсюль вынікала палажэнне пра неабходнасць знішчэння прыватнай уласнасці і ўстанаўлення пралетарыятам сваёй улады, з дапамогай якой ён здолее ажыццявіць пераход да камунізму.

Вынікі тэарэт. даследаванняў і абагульненняў Маркса і Энгельса праходзілі практычную праверку ў перыяд рэвалюцый 1848—49 у краінах Зах. Еўропы, у дзейнасці створаных імі «Саюза камуністаў» і міжнар. т-ваў рабочых — Інтэрнацыянала 1-га і Інтэрнацыянала 2-га. М. стаў ідэалагічнай асновай с.-д. руху, які з пач. 20 ст. падзяліўся на 2 плыні — рэвалюцыйную (У.І.Ленін і інш.), у якой перамагло бальшавіцкае вытлумачэнне М., і рэфармісцкую (Э.Бернштэйн і інш.), якая падвергла крытыцы тэорыю М. і адмовілася ад яго асн. палажэнняў. Некаторыя прадстаўнікі грамадска-паліт. думкі лічылі, што ў М. перабольшвалася роля эканам. фактараў, сац. антаганізмаў і класавай барацьбы, адмаўлялася значэнне прыватнай уласнасці як асновы грамадзянскай супольнасці, сцвярджалася неабходнасць ліквідацыі парламенцкіх ін-таў і раздзялення ўлад. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 у Расіі ленінскі варыянт М. стаў дзярж. ідэалогіяй у РСФСР, потым у СССР і краінах сацыяліст. сістэмы пад назвай марксізм-ленінізм.

На Захадзе склаліся групы марксісцкіх і па-марксісцку арыентаваных плыней з характэрнымі для іх крытычнымі адносінамі як да капіталіст. сістэмы, так і да сав. варыянта сацыялізму, марксізму-ленінізму (гл. Неамарксізм, Франкфурцкая школа).

Літ.:

Ленін У.І. Тры крыніцы і тры састаўныя часткі марксізму // Тв. Т. 19. (Полн. собр. соч. Т. 23);

Марксистская философия в XIX в. М., 1979;

Андерсон П. Размышления о западном марксизме: Пер. с англ. М., 1991;

Марксизм: pro и contra. М., 1992;

Горский Д.П. Ошибки гения самые опасные: Развитие теории Маркса и ее изъяны. М., 1995.

С.Ф.Дубянецкі.

т. 10, с. 121

МАРКСІ́ЗМ-ЛЕНІНІ́ЗМ,

спалучэнне філасофскіх, эканам. і сац.-паліт. поглядаў К.Маркса і Ф.Энгельса з тэарэтыка-філас. сістэмай, распрацаванай У.І.Леніным. Тэрмін «М.-л.» уведзены ў навук. ўжытак І.В.Сталіным у пач. 1920-х г. для абазначэння новага этапу развіцця марксізму, звязанага з творчасцю і дзейнасцю Леніна. Сам Ленін ніколі не прэтэндаваў на стварэнне асобнай цэласнай навук. сістэмы і разглядаў сябе толькі вучнем Маркса і Энгельса, а свой уклад у тэорыю — як частку марксісцкага вучэння. Таму ў афіц. дакументах КПСС, міжнар. камуніст. і рабочага руху ленінізм разглядаўся як асобны этап у развіцці марксізму, як марксізм эпохі імперыялізму і пралетарскіх рэвалюцый, эпохі пераходу чалавецтва ад капіталізму да сацыялізму і будаўніцтва камуніст. грамадства. У ленінізме, на аснове абагульнення вопыту і актуальных праблем рэв. руху, дасягненняў прыродазнаўчых навук на мяжы 19 і 20 ст. атрымалі далейшае развіццё матэрыяліст. дыялектыка і тэорыя пазнання, марксісцкае вучэнне аб дзяржаве і рэвалюцыі, сацыяліст. дэмакратыі і класавай барацьбе. Акрамя філас. пытанняў Ленін развіваў палажэнні і вывады марксізму ў дастасаванні да канкрэтных умоў Расіі (напр., палажэнне аб магчымасці перамогі сацыяліст. рэвалюцыі ў Расіі як найб. слабым звяне імперыялізму, аб сувязі масавай барацьбы пралетарыяту з нац.-вызв. барацьбой). Пасля Леніна тэарэт. распрацоўка М.-л. звязана з абгрунтаваннем шляхоў і метадаў сацыяліст. будаўніцтва, развіцця розных сфер жыццядзейнасці грамадства, сучаснай НТР, вырашэння глабальных праблем чалавецтва. Аднак М.-л. быў абвешчаны адзіна правільным вучэннем аб грамадстве, а ўсё, што выходзіла за яго межы — ненавуковым. Рамкі М.-л. абмяжоўваліся трыма састаўнымі часткамі: філасофіяй, паліт. эканоміяй і навук. сацыялізмам. Тым самым шэраг іншых сац. і гуманіт. навук (напр., сацыялогія, дэмаграфія, псіхалогія) апынуліся па-за М-л. Сур’ёзную шкоду М.-л. прычынілі дэфармацыі ідэалаў і прынцыпаў сацыялізму, якія прывялі да яго дагматызацыі і вульгарызацыі, адрыву ад рэальных праблем жыцця. Непаслядоўнымі былі спробы абнаўлення М.-л. ў перыяд перабудовы; не была рэалізавана на практыцы абвешчаная КПСС праграма дэмакратызацыі паліт. сістэмы сацыялізму, радыкальнай эканам. рэформы, пераўтварэнняў у сферы грамадскай свядомасці і культуры.

Літ.:

История марксизма-ленинизма. Ч. 1—2. М., 1990;

Вильчек В.М. Прощание с Марксом: (Алгоритмы истории). М., 1993;

Зиновьев А.А. Коммунизм как реальность;

Кризис коммунизма. М., 1994.

С.Ф.Дубянецкі.

т. 10, с. 121

МАРКУ́ЗЕ ((Marcuse) Герберт) (19.7.1898, Берлін — 29.7.1979),

нямецка-амерыканскі філосаф і сацыёлаг, прадстаўнік франкфурцкай школы. З 1934 у ЗША. З 1954 праф. Брандэйскага, з 1965 — Каліфарнійскага ун-таў. Яго погляды фарміраваліся пад уплывам М.Хайдэгера, Г.Гегеля, З.Фрэйда, К.Маркса. Лічыў, што «індустрыяльнае грамадства» забяспечвае лаяльнасць сваіх «функцыянераў», фарміруючы ў іх «аднамерную» структуру схільнасцей, якія не выходзяць за сацыякульт. межы гэтага грамадства. Магчымасць рэв. змен на сац. узроўні звязваў з грамадскімі групамі людзей, якія яшчэ не інтэграваны індустр. грамадствам (моладзь, люмпены, нац. меншасці, насельніцтва краін «трэцяга свету»); на антрапалагічным узроўні — з адвечнымі эратычнымі схільнасцямі людзей (называў «сексуальнай рэвалюцыяй»), на культ. узроўні — з авангардысцкім сюррэалістычным мастацтвам, што адлюстроўвае бунт гэтых схільнасцей супраць «рэпрэсіўнай» культуры. У 1960-я г. яго ідэі былі папулярныя сярод «новых левых» экстрэмістаў, якія ставілі за мэту «таталітарную рэвалюцыйную вайну» супраць «познакапіталістычнага грамадства», яго культуры і «аўтарытарнай асобы». Аўтар прац: «Трансцэндэнтальны марксізм» (1930), «Аднамерны чалавек» (1964), «Контррэвалюцыя і бунт» (1972) і інш.

Тв.:

Рус. пер. — Одномерный человек. М., 1994;

Эрос и цивилизация. Киев, 1995.

т. 10, с. 122

МА́РКУС ((Marcus) Рудольф Артур) (н. 21.7.1923, г. Манрэаль, Канада),

амер. фізікахімік. Чл. Нац. АН ЗША (1970), Амер. акадэміі навук і мастацтваў (1973). Скончыў ун-т Мак-Джыла (Манрэаль; 1946). З 1949 выкладаў у розных навуч. установах ЗША. З 1978 праф. Каліфарнійскага тэхнал. ін-та (Пасадэна). Навук. працы па тэорыі хім. рэакцый электроннага пераносу. Нобелеўская прэмія 1992.

Б.В.Корзун.

Р.Маркус.

т. 10, с. 122

МАРКШЭЙДЭРЫ́Я (ням. Markscheiderei ад Mark мяжа + scheiden раздзяляць),

галіна горнай навукі, звязаная з прасторава-геам. вымярэннямі (маркшэйдэрскімі здымкамі) у нетрах Зямлі або на ўчастках яе паверхні пры распрацоўцы і эксплуатацыі радовішчаў карысных выкапняў і горных работах. Маркшэйдэрскія работы выконваюць з дапамогай дальнамераў, нівеліраў, тэадалітаў, лазерных прылад і інш.

т. 10, с. 122

МАРК АЎРЭ́ЛІЙ (Marcus Aurelius),

рымскі імператар; гл. Аўрэлій Марк.

т. 10, с. 114

МА́РЛА ((Marlowe) Крыстафер) (6.2.1564, г. Кентэрберы, Вялікабрытанія — 30.5. 1593),

англійскі драматург; заснавальнік жанру «высокай трагедыі» эпохі Адраджэння. Скончыў Кембрыджскі ун-т (1587). У сваёй творчасці спалучаў гуманіст. погляды і вучонасць з традыцыямі англ. нар. т-ра. Першая трагедыя «Тамерлан Вялікі» (паст. 1587—88) — драматызаваная біяграфія чалавека, надзеленага незвычайнай воляй. У п’есах «Мальтыйскі яўрэй» (паст. каля 1588) і «Трагічная гісторыя доктара Фауста» (паст. 1592) выступіў з сатырай на тагачаснае грамадства. Аўтар гіст. хронікі «Эдуард II» (паст. 1593), паэмы на міфалагічны сюжэт «Геро і Леандр», трагедыі «Парыжская разня» (абедзве не закончаны). Узбагаціў мову трагедыі інтанацыямі, вобразнасцю і фразеалогіяй лірычнай паэзіі.

Тв.:

Рус. пер.Соч. М., 1961.

Літ.:

Парфенов А.Т. Кристофер Марло. М., 1964.

т. 10, с. 122

МА́РЛЯ (ад франц. marli кісяя),

лёгкая, празрыстая, гіграскапічная баваўняная тканіна. Звычайна белага колеру. Выкарыстоўваюць пераважна ў медыцыне (перавязачны матэрыял), а таксама ў швейнай вытв-сці, паліграфіі.

т. 10, с. 122

МАРМАВІ́ЦКАЕ РАДО́ВІШЧА НА́ФТЫ.

У Светлагорскім р-не Гомельскай вобл., каля в. Мармавічы. Адкрыта ў 1972. Распрацоўваецца з 1977. Паклады нафты пл. 14,5 км² прымеркаваны да міжсалявых і падсалявых верхнедэвонскіх адкладаў на Пн Прыпяцкага прагіну, у межах Рэчыцка-Вішанскай тэктанічнай зоны. Нафтаносныя гарызонты залягаюць на глыб 2400—2750 м. Пароды-калектары — кавернозна-поравыя даламіты. Агульныя запасы нафты 16,5 млн. т. Нафта лёгкая, маласярністая і сярністая, маласмалістая, парафінавая.

А.П.Шчураў.

т. 10, с. 122

МАРМЕЛА́Д (франц. marmelade ад партуг. marmelada ад marmelo айва),

жэлепадобны кандытарскі выраб (цукеркі). Адрозніваюць М. фруктова-ягадны, які атрымліваюць уварваннем фруктова-ягаднага пюрэ з цукрам і патакай (дадаюць харч. к-ты і фарбавальнікі, пахучыя рэчывы), і жэлейны, у састаў якога ўваходзіць таксама агар-агар або пекцін.

т. 10, с. 122