МАРКСІ́ЗМ-ЛЕНІНІ́ЗМ,
спалучэнне філасофскіх, эканам. і сац.-паліт. поглядаў К.Маркса і Ф.Энгельса з тэарэтыка-філас. сістэмай, распрацаванай У.І.Леніным. Тэрмін «М.-л.» уведзены ў навук. ўжытак І.В.Сталіным у пач. 1920-х г. для абазначэння новага этапу развіцця марксізму, звязанага з творчасцю і дзейнасцю Леніна. Сам Ленін ніколі не прэтэндаваў на стварэнне асобнай цэласнай навук. сістэмы і разглядаў сябе толькі вучнем Маркса і Энгельса, а свой уклад у тэорыю — як частку марксісцкага вучэння. Таму ў афіц. дакументах КПСС, міжнар. камуніст. і рабочага руху ленінізм разглядаўся як асобны этап у развіцці марксізму, як марксізм эпохі імперыялізму і пралетарскіх рэвалюцый, эпохі пераходу чалавецтва ад капіталізму да сацыялізму і будаўніцтва камуніст. грамадства. У ленінізме, на аснове абагульнення вопыту і актуальных праблем рэв. руху, дасягненняў прыродазнаўчых навук на мяжы 19 і 20 ст. атрымалі далейшае развіццё матэрыяліст. дыялектыка і тэорыя пазнання, марксісцкае вучэнне аб дзяржаве і рэвалюцыі, сацыяліст. дэмакратыі і класавай барацьбе. Акрамя філас. пытанняў Ленін развіваў палажэнні і вывады марксізму ў дастасаванні да канкрэтных умоў Расіі (напр., палажэнне аб магчымасці перамогі сацыяліст. рэвалюцыі ў Расіі як найб. слабым звяне імперыялізму, аб сувязі масавай барацьбы пралетарыяту з нац.-вызв. барацьбой). Пасля Леніна тэарэт. распрацоўка М.-л. звязана з абгрунтаваннем шляхоў і метадаў сацыяліст. будаўніцтва, развіцця розных сфер жыццядзейнасці грамадства, сучаснай НТР, вырашэння глабальных праблем чалавецтва. Аднак М.-л. быў абвешчаны адзіна правільным вучэннем аб грамадстве, а ўсё, што выходзіла за яго межы — ненавуковым. Рамкі М.-л. абмяжоўваліся трыма састаўнымі часткамі: філасофіяй, паліт. эканоміяй і навук. сацыялізмам. Тым самым шэраг іншых сац. і гуманіт. навук (напр., сацыялогія, дэмаграфія, псіхалогія) апынуліся па-за М-л. Сур’ёзную шкоду М.-л. прычынілі дэфармацыі ідэалаў і прынцыпаў сацыялізму, якія прывялі да яго дагматызацыі і вульгарызацыі, адрыву ад рэальных праблем жыцця. Непаслядоўнымі былі спробы абнаўлення М.-л. ў перыяд перабудовы; не была рэалізавана на практыцы абвешчаная КПСС праграма дэмакратызацыі паліт. сістэмы сацыялізму, радыкальнай эканам. рэформы, пераўтварэнняў у сферы грамадскай свядомасці і культуры.
Літ.:
История марксизма-ленинизма. Ч. 1—2. М., 1990;
Вильчек В.М. Прощание с Марксом: (Алгоритмы истории). М., 1993;
Зиновьев А.А. Коммунизм как реальность;
Кризис коммунизма. М., 1994.
С.Ф.Дубянецкі.
т. 10, с. 121
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)