Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

РО́СА МО́РА (Ross Sea),

ускраіннае мора Ціхага ак. каля берагоў Зах. Антарктыды, паміж мысамі Адэр і Колбек. Пл. 440 тыс. км². Найб. глыб. 2972 м. Паўд. ч. мора ўкрыта шэльфавым ледавіком Роса, паўн. — круглы год плывучымі льдамі; шмат айсбергаў. Сярэднегадавая т-ра вады на паверхні ніжэй за -1 °C, летам зрэдку павышаецца да 2 °C. Салёнасць 33,75—34,4‰. Прылівы паўсутачныя (да 1 м). Водзяцца цюлень Роса, цюлень Уэдэла, цюлень-крабаед, кіты. Названы імем Дж.​К.​Роса.

т. 13, с. 407

РО́СА ШЭ́ЛЬФАВЫ ЛЕДАВІ́К (Ross Shelf Ісе),

найбуйнейшы шэльфавы ледавік у Антарктыдзе, паміж Зямлёй Мэры Бэрд на З і Зямлёй Вікторыі на У. Працяг з Пд на Пн каля 850 км, з У на З каля 900 км. На Пн абрываецца ў м. Роса стромкай сцяной выш. да 50 м. Пл. больш за 500 тыс. км² (зменьваецца па гадах). Выш. 30—100 м, таўшчыня лёду ў тылавой ч. да 700 м. Р.ш.л. жывяць далінныя ледавікі Бірдмара, Бэрда і інш. Адкрыты ў 1841 англ. экспедыцыяй Дж.​Роса. У 1929—59 (з перапынкамі) на ледавіку існавала база антарктычнай экспедыцыі ЗША Літл-Амерыка.

т. 13, с. 407

РО́СІ (Карл Іванавіч) (29.12.1775, С.-Пецярбург — 18.4.1849),

рускі архітэктар; прадстаўнік позняга класіцызму, адзін са стваральнікаў рус. ампіру. З 1796 пам. арх. В.​Ф.​Брэны. У 1802—03 вучыўся ў Італіі. Працаваў пераважна ў Маскве (пабудовы не захаваліся) і Пецярбургу (з 1816 адзін з гал. архітэктараў К-та для будавання і гідраўлічных работ). Стварыў шэраг манум. ансамбляў Пецярбурга, якія ў многім вызначылі аблічча яго цэнтра: палацава-паркавы комплекс на Ялагіным в-ве (1818—22), Міхайлаўскі палац (1819—25, праекты інтэр’ераў, у т. л. Белая зала; цяпер будынак Рускага музея), ансамблі Міхайлаўскіх плошчы (цяпер Мастацтваў) і вуліцы (цяпер Бродскага), на Дварцовай плошчы — ансамбль Гал. штаба і міністэрстваў (1819—29) з двайной праезнай аркай (у завяршэнні манум. калясніца). У 1816—34 стварыў ансамбль Александрынскага т-ра, у складзе якога Тэатральная вул. (цяпер Дойліда Росі), плошчы Александрынская (цяпер Астроўскага) і Чарнышова (цяпер Ламаносава). Сфарміраваў аблічча Сенацкай пл. з будынкамі Сената і Сінода (1828—34), злучаных аркай. Сярод інш. твораў: павільёны Анічкавага палаца (1817—18) у Пецярбургу, б-ка палаца (1822—24) і чыгунныя вароты з агароджай (1826) у Паўлаўску, званіца Юр’ева манастыра (1838—41) у Ноўгарадзе; аформіў галерэю Айч. вайны 1812 у Зімнім палацы (1826; пасля пажару 1837 адноўлена В.​П.​Стасавым). Творчасць Р. адметная шырынёй у вырашэнні арх. задач (ад планіроўкі буйных ансамбляў да дэтальнай распрацоўкі ўбрання інтэр’ераў), выразнасцю і багаццем ордэрных кампазіцый, гарман. спалучэннем арх. форм з алегарычнай скульптурай, наватарскімі канстр. прыёмамі.

Літ.:

Тарановская М.З. К.​Росси. Л., 1980.

А.​А.​Воінаў.

К.І.Росі.

т. 13, с. 407

РО́СІ ((Rossi) Эрнеста) (27.3.1827, г. Ліворна, Італія —4.6.1896),

італьянскі акцёр. Вучань Г.​Модэны, у трупе якога працаваў з 1846. З 1855 пастаянна гастраліраваў у краінах Еўропы і Амерыкі, у 1877, 1878, 1890, 1895, 1896 — у Расіі. Сусв. вядомасць набыў выкананнем шэкспіраўскага трагедыйнага рэпертуару: Гамлет, кароль Лір, Атэла, Макбет, Рычард III (аднайм. трагедыі У.​Шэкспіра). Сярод інш. роляў: Дон Гуан, Барон («Каменны госць», «Скупы рыцар» А.​Пушкіна), Іаан Грозны («Смерць Іаана Грознага» А.​К.​Талстога), Паала («Франчэска да Рыміні» С.​Пеліка). Мастацтва Р. вызначалася праўдзівасцю пачуццяў, эмацыянальнасцю, паслядоўнасцю развіцця характараў, дасканалай акцёрскай тэхнікай. Аўтар тэатр. мемуараў «40 гадоў артыстычнага жыцця» (т. 1—3, 1887—89).

т. 13, с. 407

РО́СІЦА,

рака ў Латвіі і Верхнядзвінскім р-не Віцебскай вобл., правы прыток р. Зах. Дзвіна. Даўж. 51 км, у т. л. ў межах Беларусі 36 км. Пл. вадазбору 279 км², у т. л. на Беларусі 150 км². Пачынаецца за 2 км на ПдЗ ад в. Пустыня Краслаўскага р-на Латвіі, вусце на мяжы з Латвіяй за 700 м на З ад в. Новае Сяло Верхнядзвінскага р-на. Цячэ ў межах Латгальскага ўзвышша. Рэчышча на тэр. Латвіі і 1 км на Беларусі каналізаванае, далей сярэдне звілістае.

т. 13, с. 407

РО́СІЦА,

возера ў Верхнядзвінскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Росіца, за 9 км на ПнЗ ад г. Верхнядзвінск. Пл. 0,4 км², даўж. больш за 2 км, найб. шыр. 260 м, даўж. берагавой лініі 4,43 км. Пл. вадазбору 46,9 км². Катлавіна лагчыннага тыпу. Схілы выш. 12—13 м, пад хмызняком, у верхняй ч. разараныя. Берагі пераважна зліваюцца са схіламі. Упадаюць 3 ручаі, выцякае ручай у р. Росіца.

т. 13, с. 408

РО́СІЦА,

вёска ў Бігосаўскім с/с Верхнядзвінскага р-на Віцебскай вобл., на левым беразе р. Росіца. Цэнтр саўгаса. За 31 км на ПнЗ ад г. Верхнядзвінск, 206 км ад Віцебска, 10 км ад чыг. ст. Бігосава. 495 ж., 202 двары (2001). Базавая школа, клуб, б-ка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Магіла ахвяр фашызму. Помнік архітэктуры — Троіцкі касцёл (1884).

т. 13, с. 408

РО́СКАЕ ГЕАЛАГІ́ЧНАЕ АГАЛЕ́ННЕ,

геалагічны помнік прыроды рэсп. значэння (з 1963). За 500 м на У ад чыг. ст. Рось Ваўкавыскага р-на Гродзенскай вобл. У агаленні, прымеркаваным да сценкі закінутага кар’ера, выступаюць у парушаным заляганні мелавыя пароды верхнемелавога ўзросту з рэшткамі марской фауны і жаўлакамі крэменю. Слаі пад вуглом да 70° нахілены на Пн. Бачная магутнасць выхаду каля 4—5 м. Парушанае заляганне мелу абумоўлена ўздзеяннем сожскага ледавіка. Р.г.а. дазваляе рэканструяваць асаблівасці будовы і фарміравання парушэнняў, выкліканых ледавіком.

Э.​А.​Ляўкоў.

т. 13, с. 408

РО́СКАЯ ТРО́ІЦКАЯ ЦАРКВА́,

помнік архітэктуры псеўдарускага стылю ў г.п. Рось Ваўкавыскага р-на Гродзенскай вобл. Закладзена ў 1908 з цэглы на бутавым цокалі, неатынкавана. Уяўляе сабой квадратны ў плане асн. аб’ём, да якога далучаны 3-гранная апсіда з рызніцамі і 2-ярусная вежа-званіца (1-ы ярус — чацвярык, 2-і — 8-гранны, завершаны шатром з галоўкай). Асн. аб’ём вылучаны 8-гранным светлавым барабанам з цыбулепадобным купалам. Над апсідай — невял. галоўка. Гал. ўваход аформлены кілепадобным франтонам на паўкалонках, 2 бакавыя ўваходы з масіўнымі слупамі і кілепадобным казырком. У інтэр’еры драўляны іканастас, дэкарыраваны паўкалонкамі, накладной разьбой.

Т.​І.​Чарняўская.

т. 13, с. 408

РО́СКІ ТРО́ІЦКІ КАСЦЁЛ,

помнік архітэктуры класіцызму ў г.п. Рось Ваўкавыскага р-на Гродзенскай вобл. Пабудаваны ў 1801 з цэглы. У 1908 на ПдУ ад касцёла пастаўлена 2-ярусная мураваная званіца. Храм прамавугольны ў плане, з крыху выступаючым трансептам і паўцыркульнай апсідай. Гал. (паўд.) фасад завершаны трыгліфным фрызам з развітым карнізам, над якім атыкавы франтон з паўкруглым аконным праёмам у тымпане. Бакавыя фасады дэкарыраваны рустоўкай і завершаны прафіляваным карнізам. На сценах, скляпеннях асн. аб’ёму і алтарнай ч. жывапісныя кампазіцыі на біблейскія тэмы і дэкар.-арх. размалёўка, якая стварае ілюзорнае ўяўленне прасторы. Драўляны разны алтар 2-ярусны, расчлянёны калонамі карынфскага ордэра, дэкарыраваны накладной пазалочанай разьбой і скульптурай. Захаваўся абраз 17 ст. «Маці Божая з дзіцем» (перанесены з капліцы в. Мачульна ў 1945).

В.​В.​Церашчатава, Т.​І.​Чарняўская.

Роскі Троіцкі касцёл.
Роскі Троіцкі касцёл. Фрагмент галоўнага алтара.

т. 13, с. 408