РО́СІ ((Rossi) Эрнеста) (27.3.1827, г. Ліворна, Італія —4.6.1896),

італьянскі акцёр. Вучань Г.​Модэны, у трупе якога працаваў з 1846. З 1855 пастаянна гастраліраваў у краінах Еўропы і Амерыкі, у 1877, 1878, 1890, 1895, 1896 — у Расіі. Сусв. вядомасць набыў выкананнем шэкспіраўскага трагедыйнага рэпертуару: Гамлет, кароль Лір, Атэла, Макбет, Рычард III (аднайм. трагедыі У.​Шэкспіра). Сярод інш. роляў: Дон Гуан, Барон («Каменны госць», «Скупы рыцар» А.​Пушкіна), Іаан Грозны («Смерць Іаана Грознага» А.​К.​Талстога), Паала («Франчэска да Рыміні» С.​Пеліка). Мастацтва Р. вызначалася праўдзівасцю пачуццяў, эмацыянальнасцю, паслядоўнасцю развіцця характараў, дасканалай акцёрскай тэхнікай. Аўтар тэатр. мемуараў «40 гадоў артыстычнага жыцця» (т. 1—3, 1887—89).

т. 13, с. 407

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)