НО́ВЫ СТЫЛЬ,
сістэма летазлічэння, якую ўвёў у 1582 рымскі папа Грыгорый XIII (адсюль назва — грыгарыянскі каляндар). Гл. ў арт. Каляндар.
т. 11, с. 373
НО́ВЫ УРЭНГО́Й,
горад у Расіі, у Ямала-Ненецкай аўт. акрузе, на р. Еваяха (прыток р. Пур), за 60 км на Пд ад Паўн. палярнага круга. Горад з 1980. Узнік у сувязі з асваеннем Урэнгойскага радовішча. 90 тыс. ж. (1996). Чыг. станцыя. Аэрапорт. ВА «Урэнгойгазпрам» (здабыча і перапрацоўка газу і нафты).
т. 11, с. 373
«НО́ВЫ ШЛЯХ»,
часопіс, орган Беларускай нацыянал-сацыялістычнай партыі (БНСП). Выдаваўся ў ліст. 1933 — ліст. 1937 у Вільні на бел. мове кірыліцай і лацінкай. Меў падтрымку ведамства замежнай палітыкі Нацыянал-сацыялісцкай рабочай партыі Германіі. Рэдактар-выдавец У.Казлоўскі. Прапагандаваў ідэі нацыянал-сацыялізму, друкаваў дакументы і матэрыялы БНСП, рэзка крытыкаваў нац. і эканам. палітыку, будаўніцтва сацыялізму ў БССР, дзейнасць Камінтэрна і КПЗБ. Шмат увагі аддаваў падзеям у свеце, асабліва ў Германіі, узнімаў праблемы асветы і жыцця бел. вёскі, палемізаваў з час. «Золак», газ. «Наша воля», «Родны край». Змясціў біяграфіі лідэраў БНСП Ф.Акінчыца, Казлоўскага і К.Юхневіча, літ. і публіцыстычныя творы, Казлоўскага і А.Стаповіча, крытычныя агляды асобных нумароў час. «Маладая Беларусь», «Калоссе». Публікаваў хроніку. Выйшла 26 нумароў (апошні ў Лідзе), з іх некат. канфіскаваны. Казлоўскі неаднойчы меў справы з судом. Забаронены польскімі ўладамі.
С.І.Ёрш.
т. 11, с. 373
«НО́ВЫ ШЛЯХ»,
часопіс. Выдаваўся ў студз. 1942 — маі 1944 у Рызе з дазволу і пры падтрымцы герм. улад на рус. (наз. «Новый путь») і бел. мовах. Матэрыялы агульнапаліт. характару былі аднолькавыя. Рэдакцыя бел. варыянта знаходзілася ў Мінску (гал. рэдактар У.Сядура), у Рызе выданне рыхтаваў да друку К.Езавітаў. У падрыхтоўцы матэрыялаў прымаў удзел аддзел прэсы рэйхскамісарыята «Остланд». Друкаваў агульнапаліт. і ваен. агляды, артыкулы, у якіх усхваляліся лад жыцця, навука і культура фаш. Германіі, нарысы і фотанарысы пра розныя краіны і рэгіёны свету. Змясціў шмат публікацый пра бел. нар. творчасць, архітэктуру, жывапіс, музыку, тэатр, дзейнасць Беларускага культурнага згуртавання, матэрыялы да юбілеяў Ф.Аляхновіча, К.Каганца, А.Кіркора, І.Насовіча, Е.Раманава і інш., успаміны Аляхновіча, Я.Лёсіка, літ. творы Н.Арсенневай, У.Дудзіцкага, М.Кавыля, У.Клішэвіча, Т.Лебяды, А.Салаўя, М.Сяднёва і інш. фотанарысы «Вуліцамі Менска», «25 год Віленскай беларускай гімназіі», «Першае пасяджэнне аб урачыстым адкрыцці і дзейнасці Беларускай цэнтральнай рады» і інш. Друкаваў хроніку з гарадоў Беларусі. Выйшла 45 нумароў.
С.У.Жумар.
т. 11, с. 373
НО́ЖНІЦЫ,
возера ў Расонскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Дрыса, за 36 км на У ад г.п. Расоны. Пл. 0,72 км2, даўж. 1,4 км, найб. шыр. 630 м, найб. глыб. 5,6 м, даўж. берагавой лініі 5,6 км. Аб’ём вады 2,6 млн. м³. Пл. вадазбору 1,76 км2. Катлавіна тэрмакарставага тыпу. Схілы выш. 5—9 м, пясчаныя, параслі лесам і хмызняком, на Пд разараныя. Берагі пясчаныя, пад хмызняком. Дно сапрапелістае. Празрыстасць 5 м. Зарастае. Бяссцёкавае. Упадаюць 3 ручаі.
т. 11, с. 375
НО́ЙБЕР, Нейбер (Neuber) Фрыдэрыка Караліна (9.3.1697, г. Райхенбах, Германія — 30.11.1760), нямецкая актрыса, рэфарматар ням. т-ра. З 1717 выступала ў прыдворных т-рах Дрэздэна, Гановера, Гамбурга. У 1727—50 узначальвала ўласную трупу ў Лейпцыгу. Актрыса шырокага дыяпазону. Іграла ў трагедыях П.Карнеля і Ж.Расіна, камедыях (часта імправізацыйных); была першай ням. травесці. Імкнулася да пераўтварэння рэпертуару, выступала супраць грубага натуралізму, перабольшаных пафасу і буфанады, заклікала да адмовы ад імправізацыі, да ўмоўнасці акцёрскага выканання (дэкламацыі). Ставіла франц. класіцыстычныя трагедыі, асветніцкія драмы і літ. камедыі, юнацкія камедыі Г.Лесінга.
т. 11, с. 375
НО́ЙБЕРГ, Нейберг (Neuberg) Карл (29.7.1877, г. Гановер, Германія — 30.5.1956), нямецкі біяхімік, адзін з заснавальнікаў сучаснай біяхіміі. Замежны чл. АН СССР (1925). Скончыў Берлінскі ун-т (1898), працаваў у ім. З 1920 у Ін-це біяхіміі ў Берліне (дырэктар). У 1938 эмігрыраваў. З 1938 у Іерусалімскім ун-це (Палесціна), у 1941—50 у Нью-Йоркскім ун-це і Бруклінскім політэхн. ін-це. Навук. працы па абмене вугляводаў, браджэнні, ферментах. Высветліў ключавое месцазнаходжанне піравінаграднай к-ты ў вугляводным абмене, адкрыў фруктоза-6-фасфат, шэраг ферментаў, распрацаваў сінтэз шэрагу цукроў і амінакіслот, схему спіртавога браджэння.
т. 11, с. 375
НОЙБРА́НДЭНБУРГ, Нёйбрандэнбург (Neubrandenburg),
горад на ПнУ Германіі, зямля Мекленбург — Пярэдняя Памеранія, на воз. Толензе. Засн. ў 1248. Каля 100 тыс. ж. (1997). Вузел чыгунак і аўтадарог. Прам-сць: маш.-буд., эл.-тэхн., гумавая (вытв-сць шын), буд. матэрыялаў. Арх. помнікі 15 ст. (гатычныя муры з 4 брамамі-вежамі).
т. 11, с. 375
НО́ЙМАЕР, Ньюмеер (Neumeier) Джон (н. 24.2.1942, г. Мілуокі, ЗША), амерыканскі артыст балета, балетмайстар. Вучыўся ў школе Каралеўскага балета Вялікабрытаніі. З 1969 гал. балетмайстар опернага т-ра ў Франкфурце-на-Майне, з 1973 кіраўнік балетнай трупы і гал. балетмайстар Гамбургскай дзярж. оперы. У творчасці спалучае традыцыі класічнай харэаграфіі з выразнымі сродкамі танца мадэрн. Сярод пастановак: «Рамэо і Джульета» С.Пракоф’ева, «Шчаўкунок» П.Чайкоўскага (абедзве 1971), «Прыцемкі» на муз. А.Скрабіна, «Пацалунак феі», «Жар-птушка» і «Вясна свяшчэнная» І.Стравінскага (усе 1972), «Гамлет: тое, што падразумяваецца» на муз. А.Копленда, «Ілюзіі як «Лебядзінае возера» (абедзве 1976) і «Элегія» (1978; абедзве на муз. Чайкоўскага), «Спячая прыгажуня» (1978) Чайкоўскага, «Сон у летнюю ноч» на муз. Ф.Мендэльсона і Дз.Лігеці, «Арыэль» на муз. В.А.Моцарта, «Чацвёртая сімфонія Малера» (усе 1977), «Дама з камеліямі» на муз. Ф.Шапэна (1978), «Вацлаў» на муз. І.С.Баха (1979), «Пер Гюнт» А.Шнітке (1989), «Цяпер і потым» на муз. М.Равеля (1992).
т. 11, с. 375