НО́А,
археалагічная культура позняга бронзавага веку (апошняя чвэрць 2-га тыс. да н.э.) у Румыніі, Малдове і на ПнЗ Украіны. Назва ад могільніка каля в. Ноўа непадалёку ад г. Брашоў у Румыніі. Насельніцтва займалася жывёлагадоўляй і земляробствам. Для Н. характэрны неўмацаваныя паселішчы са слупавымі наземнымі прамавугольнымі дамамі. Пахавальны абрад — трупапалажэнне ў скурчаным становішчы, сустракаюцца трупаспаленні. Гліняны посуд 2 тыпаў — грубаапрацаваны «мехападобны» з адцягнутым валікам і танкасценны з чорнай або шэрай глянцаванай паверхняй з 2 ручкамі. Знойдзены бронз. наканечнікі дзідаў, утульчатыя́ кельты, люстэркі, шпількі, касцяныя наканечнікі стрэл і псаліі.
І.М.Язэпепка.
т. 11, с. 356
НО́АК (Noak),
балетмайстар 2-й пал. 18 ст. Па паходжанні немец. У 1776—96 (?) працаваў у Слонімскім т-ры М.К.Агінскага. Стваральнік (1777), кіраўнік (да 1781) і педагог Слонімскай балетнай школы. Верагодна, выконваў і гал. мужчынскія партыі ў балетах т-ра. Мяркуюць, што ў яго абавязкі ўваходзіла і назіранне за балетам у Целяханах. З 1777 на слонімскай сцэне. выступала жонка Н., прымадонна слонімскага балета (апошнія звесткі пра яе адносяцца да 1785).
А.А.Саламаха.
т. 11, с. 356