НО́А,

археалагічная культура позняга бронзавага веку (апошняя чвэрць 2-га тыс. да н.э.) у Румыніі, Малдове і на ПнЗ Украіны. Назва ад могільніка каля в. Ноўа непадалёку ад г. Брашоў у Румыніі. Насельніцтва займалася жывёлагадоўляй і земляробствам. Для Н. характэрны неўмацаваныя паселішчы са слупавымі наземнымі прамавугольнымі дамамі. Пахавальны абрад — трупапалажэнне ў скурчаным становішчы, сустракаюцца трупаспаленні. Гліняны посуд 2 тыпаў — грубаапрацаваны «мехападобны» з адцягнутым валікам і танкасценны з чорнай або шэрай глянцаванай паверхняй з 2 ручкамі. Знойдзены бронз. наканечнікі дзідаў, утульчатыя́ кельты, люстэркі, шпількі, касцяныя наканечнікі стрэл і псаліі.

І.М.Язэпепка.

т. 11, с. 356

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)