НОМ (ад грэч. nomos вобласць, акруга),
1) адміністрацыйная акруга ў Стараж. Егіпце. Уяўляе сабой паліт. аб’яднанне, неабходнае для ўтварэння і функцыянавання адзінай ірыгацыйнай сістэмы. Кожны Н. меў дакладна вызначаныя межы, паліт. і рэліг. цэнтр, войска, герб і багоў-апекуноў. Адм. апаратам кіраваў намарх (правіцель Н.). Колькасць Н. і іх плошча не былі пастаяннымі. У спісах Н. Стараж. царства (28—23 ст. да н.э.) у храмах фараонаў Снофру і Неусера пералічаны 37 Н. У «Кнізе мёртвых» (стараж.-егіп. зборнік заклінанняў і гімнаў) названы 42 багі, што адпавядала 42 Н. Новага царства (каля 1580 — каля 1070 да н.э.).
2) Адм.-тэр. адзінка ў сучаснай Грэцыі (52 у 1997).
т. 11, с. 376
НО́МА (ад грэч. nomē язва, якая пашыраецца),
форма вільготнай гангрэны, што хутка пашыраецца. Звычайна ўзнікае пры рэзкім аслабленні ахоўных сіл арганізма. Хварэюць пераважна дзеці пасля цяжкіх інфекц. хвароб. Пашкоджвае слізістыя абалонкі поласці рота, тканкі твару, зрэдку — палавыя органы, прамую кішку і інш. Працякае з высокай т-рай цела, язвамі, ацёчнасцю твару, вакол ачага воскападобная зона, якая паступова мярцвее. На месцы язваў фарміруюцца глыбокія рубцы. Лячэнне тэрапеўт., вітаміны.
М.З.Ягоўдзік.
т. 11, с. 376
НОМАГЕНЕ́З (ад грэч. nomos закон + ...генез),
гіпотэза, у адпаведнасці з якой эвалюцыя арганізмаў ажыццяўляецца на аснове ўнутр. заканамернасцяў. Прапанаваў Л.С.Берг (1922). Н. адмаўляе дарвінаўскае тлумачэнне аб’ектыўнасці і адноснасці арган. мэтазгоднасці і ўстанаўлівае прынцып першапачатковай мэтазгоднасці жывога, якая абумоўлена стэрэахім. ўласцівасцямі бялкоў пратаплазмы. Асн. закон эвалюцыі паводле Берга — сіла, унутрана ўласцівая жывому, якая дзейнічае незалежна ад навакольнага асяроддзя і накіравана да ўскладнення морфафізіял. арганізацыі. У Н. сістэматызаваны раней вылучаныя палажэнні супраць дарвінаўскага вучэння і па сутнасці — гэта яшчэ адна спроба па-новаму асэнсаваць прычыны і заканамернасці эвалюцыі. Канцэпцыя Н. прыцягнула ўвагу да нявырашаных праблем біялогіі.
А.С.Леанцюк.
т. 11, с. 376