НО́ЙМАЕР, Ньюмеер (Neumeier) Джон (н. 24.2.1942, г. Мілуокі, ЗША), амерыканскі артыст балета, балетмайстар. Вучыўся ў школе Каралеўскага балета Вялікабрытаніі. З 1969 гал. балетмайстар опернага т-ра ў Франкфурце-на-Майне, з 1973 кіраўнік балетнай трупы і гал. балетмайстар Гамбургскай дзярж. оперы. У творчасці спалучае традыцыі класічнай харэаграфіі з выразнымі сродкамі танца мадэрн. Сярод пастановак: «Рамэо і Джульета» С.Пракоф’ева, «Шчаўкунок» П.Чайкоўскага (абедзве 1971), «Прыцемкі» на муз. А.Скрабіна, «Пацалунак феі», «Жар-птушка» і «Вясна свяшчэнная» І.Стравінскага (усе 1972), «Гамлет: тое, што падразумяваецца» на муз. А.Копленда, «Ілюзіі як «Лебядзінае возера» (абедзве 1976) і «Элегія» (1978; абедзве на муз. Чайкоўскага), «Спячая прыгажуня» (1978) Чайкоўскага, «Сон у летнюю ноч» на муз. Ф.Мендэльсона і Дз.Лігеці, «Арыэль» на муз. В.А.Моцарта, «Чацвёртая сімфонія Малера» (усе 1977), «Дама з камеліямі» на муз. Ф.Шапэна (1978), «Вацлаў» на муз. І.С.Баха (1979), «Пер Гюнт» А.Шнітке (1989), «Цяпер і потым» на муз. М.Равеля (1992).

т. 11, с. 375

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)