НО́ЙБЕР, Нейбер (Neuber) Фрыдэрыка Караліна (9.3.1697, г. Райхенбах, Германія — 30.11.1760), нямецкая актрыса, рэфарматар ням. т-ра. З 1717 выступала ў прыдворных т-рах Дрэздэна, Гановера, Гамбурга. У 1727—50 узначальвала ўласную трупу ў Лейпцыгу. Актрыса шырокага дыяпазону. Іграла ў трагедыях П.Карнеля і Ж.Расіна, камедыях (часта імправізацыйных); была першай ням. травесці. Імкнулася да пераўтварэння рэпертуару, выступала супраць грубага натуралізму, перабольшаных пафасу і буфанады, заклікала да адмовы ад імправізацыі, да ўмоўнасці акцёрскага выканання (дэкламацыі). Ставіла франц. класіцыстычныя трагедыі, асветніцкія драмы і літ. камедыі, юнацкія камедыі Г.Лесінга.
т. 11, с. 375
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)