ВЯЛІ́КІЯ НЯМКІ́,
вёска ў Веткаўскім р-не Гомельскай вобл., на р. Беседзь. Цэнтр сельсавета і саўгаса. За 46 км на ПнУ ад г. Ветка, 68 км ад Гомеля. 573 ж., 252 двары (1996). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі.
т. 4, с. 388
ВЯЛІ́КІЯ НЯСТА́НАВІЧЫ,
вёска ў Нястанавіцкім с/с Лагойскага р-на Мінскай вобл. Цэнтр калгаса. За 45 км ад Лагойска, 86 км ад Мінска, 59 км ад чыг. ст. Крывічы. 102 ж., 52 двары (1996). Брацкая магіла сав. воінаў.
т. 4, с. 388
ВЯЛІ́КІЯ РАЎНІ́НЫ
(Great Plains),
перадгорныя плато на У Кардыльераў Паўн. Амерыкі, у ЗША і Канадзе. Выш. ад 500 м на У да 1700 м на З. Працягласць з ПнЗ на Пд і ПдУ каля 3600 км, шыр. 500—800 км. Сфарміраваны на дакембрыйскім крышт. фундаменце Паўн.-Амерыканскай платформы, перакрытай тоўшчамі вапнякоў і лёсападобных суглінкаў. Уступы падзяляюць Вялікія раўніны на адасобленыя ўчасткі — плато: Эдуардс, плато Льяна-Эстакада, Высокія раўніны, Місуры.
Вялікія раўніны месцамі моцна расчлянёныя сеткай яроў, трапляюцца ўчасткі бедленду, на Пд — карст. Радовішчы нафты і прыроднага газу, каменнага і бурага вугалю, лігнітаў, поліметалаў, калійных солей. Клімат кантынентальны, на Пн умераны, на Пд субтрапічны. Сярэднія т-ры студз. -28 °C на Пн і 12 °C на Пд, ліп. адпаведна 13 °C і 28 °C. Гадавая колькасць ападкаў памяншаецца з У на З ад 500 мм да 250 і з Пн на Пд ад 600 мм да 300 мм. Вял. рэкі: Місуры, Плат, Арканзас, Каларада, Пекас. Глебы пераважна каштанавыя, на Пн ад 51° паўн. ш. чарназёмныя, шэрыя лясныя і дзярнова-падзолістыя; на крайнім Пд карычневыя і шэра-карычневыя. Пашырана стэпавая расліннасць, на Пн — лесастэп; на Пд — участкі саваннаў. Пашавая жывёлагадоўля. Земляробства: пасевы бавоўніку, бульбы, цукр. буракоў, кармавых траў.
т. 4, с. 388
ВЯЛІ́КІЯ СЛАВЕ́НІ,
вёска ў Шклоўскім р-не Магілёўскай вобл. Цэнтр Славенскага с/с і калгаса. За 13 км на ПнУ ад г. Шклоў, 43 км ад Магілёва, 15 км ад чыг. ст. Шклоў. 144 ж., 78 двароў (1996). Дом культуры.
т. 4, с. 388
ВЯЛІ́КІЯ СУРВІЛІ́ШКІ,
возера, гл. Вялікае Сурвілішскае.
т. 4, с. 388
ВЯЛІ́КІЯ ЧУ́ЧАВІЧЫ,
вёска ў Лунінецкім р-не Брэсцкай вобл. Цэнтр Чучавіцкага с/с і калгаса. За 48 км на Пн ад г. Лунінец, 288 км ад Брэста, 21 км ад чыг. ст. Люшча. 2502 ж., 866 двароў (1996). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Малітоўны дом евангельскіх хрысціян. Помнік архітэктуры — Пакроўская царква (1846—51).
т. 4, с. 389
ВЯЛІ́КІЯ ШВА́КШТЫ,
Вялікая Швакшта, возера ў Пастаўскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Страча, за 22 км на ПдЗ ад г. Паставы. Пл. 9,56 км², даўж. 4,2 км, найб. шыр. 3,4 км, найб. глыб. 5,3 м, даўж. берагавой лініі 13 км. Пл. вадазбору 94,2 км². Схілы катлавіны выш. да 6 м, парослыя хмызняком, на ПнУ пад лесам. Берагі нізкія, пясчаныя, на З тарфяністыя і сплавінныя. Дно плоскае, выслана сапрапелем, уздоўж усх. берага да глыб. 2 м пясчанае. Шырыня паласы надводнай расліннасці да 150 м, харавыя водарасці ўкрываюць дно да глыб. 3,5 м. Упадаюць 5 ручаёў. Злучана пратокай з воз. М. Швакшты. На паўд.-зах. беразе паляўніча-рыбалоўная база.
т. 4, с. 389
ВЯЛІ́КІЯ ШЫ́ЛАВІЧЫ,
вёска ў Слонімскім р-не Гродзенскай вобл., на р. Шчара. Цэнтр Велікашылавіцкага с/с і саўгаса. За 13 км на Пд ад г. Слонім, 161 км ад Гродна, 11 км ад чыг. ст. Слонім. 994 ж., 362 двары (1996). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Помнік архітэктуры — Мікалаеўская царква (2-я пал. 19 ст.) і археалогіі — стаянкі неаліту і бронзавага веку, гарадзішча жал. веку.
т. 4, с. 389
ВЯЛІ́КІЯ Э́ЙСМАНТЫ,
вёска ў Бераставіцкім р-не Гродзенскай вобл. Цэнтр Эйсмантаўскага с/с і калгаса. За 28 км на Пн ад г.п. Вял. Бераставіца, 40 км ад Гродна, 38 км ад чыг. ст. Бераставіца. 829 ж., 278 двароў (1996). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Помнікі архітэктуры — касцёл Яна Непамука (1850) і цэнтр. сядзіба калгаса імя А.М.Варанецкага (1968).
т. 4, с. 389
ВЯЛІ́КІ АРТЭЗІЯ́НСКІ БАСЕ́ЙН
(Great Artesian Basin),
Вялікі Аўстралійскі басейн, у Аўстраліі. Пл. каля 1,7 млн. км². Цягнецца больш як на 2200 км з Пн на Пд ад узбярэжжа зал. Карпентарыя да сярэдняга цячэння р. Дарлінг і амаль на 1800 км з З на У. Размешчаны ў прагіне стараж. крышт. фундамента; гал. ваданосныя гарызонты — мезазойскія пясчанікі, якія залягаюць на глыб. да 1200 м. Дэбіты свідравін ад некалькіх л/с да 25—40 л/с, самавыліванне да 60 л/с. Воды пераважна прэсныя ці слабамінералізаваныя (да 3—6 г/л). Жыўленне за кошт інфільтрацыі атм. ападкаў і паверхневых вод. Патэнцыяльныя эксплуатацыйныя рэсурсы падземных вод 1772 млн. м³/год (у т. л. прэсных 872 млн. м³/год). Вада выкарыстоўваецца для гасп.-пітных мэт і на арашэнне.
т. 4, с. 383