Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

МАРГАРЫ́Н (франц. margarine),

штучна прыгатаваны цвёрды харч. тлушч. Па знешнім выглядзе, каларыйнасці, засваяльнасці арганізмам блізкі да сметанковага масла.

Атрымліваюць эмульгаваннем сумесі саламасу (гідрагенізаваны алей, рыбін тлушч; гл. Гідрагенізацыя), жывёльных тлушчаў, какосавага і інш. алеяў з вадой, малаком (цалкам ці часткова сквашаным), смакавымі і пахучымі дабаўкамі, фарбавальнікамі. Вырабляюць М. малочны і кулінарны, ці безмалочны. Малочны М. (сметанковы, сталовы, экстра і інш.), які мае 82—84% тлушчу, спажываюць у ежу, а таксама выкарыстоўваюць ў кулінарыі ў асн. для выпечкі (перашкаджае чарсцвенню мучных вырабаў). Кулінарны М. паводле паходжання зыходнай сыравіны падзяляюць на раслінны (напр., гідратлушч) і камбінаваны (найб. пашыраны маргагуселін — сумесь 70% гідратлушчу, 20% свінога шмальцу, 10% алею, араматызаваная алейнай выцяжкай цыбулі). Выкарыстоўваюць для смажання, тушэння, прыгатавання фрыцюру, выпечкі кандытарскіх вырабаў.

На Беларусі асн. вытворцы М. — Мінскі маргарынавы завод і Гомельскі тлушчавы камбінат.

К.В.Фамічэнка.

т. 10, с. 107

МАРГАРЫ́ТА ДА́ЦКАЯ (Margarethe af Danmark; сак. 1353, Зёберг, Данія — 28.10.1412),

каралева Даніі і Нарвегіі (з 1387), Швецыі (з 1389). Дачка дацкага караля Вальдэмара IV Атэрдага і жонка нарв. караля Хокана VI. Замест малалетняга сына Олуфа (дацкі кароль з 1376, нарв. — з 1380) правіла Даніяй і Нарвегіяй. Пасля смерці сына (1387) — каралева Даніі і Нарвегіі, пасля перамогі ў дацка-швед. вайне 1389 — таксама і Швецыі. Ініцыіравала Кальмарскую унію (1397), пры заключэнні якой каралём Даніі, Швецыі і Нарвегіі (суправіцелем і спадкаемцам М.Д.) быў выбраны яе стрыечны пляменнік герцаг Эрык Памеранскі.

т. 10, с. 108

МАРГАРЫ́ТКА,

кветкавая расліна, тое, што стакротка.

т. 10, с. 108

МАРГВА́,

рака ў Глыбоцкім р-не Віцебскай вобл., левы прыток р. Бярозаўка (бас. р. Зах. Дзвіна). Даўж. 36 км. Пл. вадазбору 158 км2. Пачынаецца за 1,5 км на ПдЗ ад в. Стураўшчына. Цячэ ў межах Свянцянскіх град і Полацкай нізіны. Даліна пераважна трапецападобная, характэрна чаргаванне звужаных месцаў з пашыранымі. Пойма двухбаковая. Рэчышча каналізаванае на працягу каля 26 км.

т. 10, с. 108

МАРГЕ́ЛАЎ (Васіль Піліпавіч) (27.12.1908, г. Днепрапятроўск, Украіна — 4.3.1990),

Герой Сав. Саюза (1944), ген. арміі (1967). Канд. ваен. н. (1968). Беларус. Скончыў Аб’яднаную бел. ваен. школу імя ЦВК БССР (1931), Ваен. акадэмію Генштаба (1948). У Чырв. Арміі з 1928. Удзельнік сав.-фінл. вайны 1939—40. У Вял. Айч. вайну з 1941 на Ленінградскім, Паўн.-Зах., Сталінградскім, Паўд., 3-м і 4-м Укр. франтах: камандзір палка, нач. штаба дывізіі, камандзір дывізіі. Удзельнік баёў пад Ленінградам, Сталінградам, на Дняпры, Днястры, у Румыніі, Балгарыі, Югаславіі, Чэхаславакіі, Венгрыі, Аўстрыі. З 1946 на адказных пасадах у Сав. Арміі, у 1954—59 і 1961—79 каманд. паветр.-дэсантнымі войскамі. Дзярж. прэмія СССР 1975.

В.П.Маргелаў.

т. 10, с. 108

МАРГЕ́ЛАЎ (Сцяпан Прохаравіч) (28.3. 1902, в. Расохавічы Касцюковіцкага р-на Магілёўскай вобл. — 16.6.1938),

бел. вучоны ў галіне геаграфіі. Канд. эканам. н. (1934), праф. (1930). Скончыў БСГА (1927). У 1933—35 у Ін-це нар. гаспадаркі (заг. секцыі, заг. кафедры), у 1930—37 у Ін-це эканомікі АН Беларусі (вучоны сакратар). Рэпрэсіраваны ў 1937. Рэабілітаваны ў 1957. Працы па размяшчэнні прам-сці, сельскай гаспадарцы, па народанасельніцтве Беларусі. Удзельнічаў у складанні плана 2-й пяцігодкі, у рэдагаванні Вял. Сав. Атласа, у эканам. абследаванні раёнаў Беларусі.

Тв.:

Да пытання аб рэсурсах Палесся БССР. Мн., 1933;

Эканамічная геаграфія БССР. Мн., 1936 (у сааўт.).

т. 10, с. 108

МАРГІНА́ЛІІ (позналац. marginalis што знаходзіцца на краі ад лац. margo край, мяжа),

1) паметы на палях стараж. кніг або рукапісаў, юрыд. актаў, якія тлумачаць незразумелае слова або месца.

2) Паметы чытача на друкаваным выданні або рукапісе: нататкі пра адносіны да тэксту, падкрэсліванні асобных слоў і сказаў, пазначэнні клічнікам, пытальнікам, умоўнымі значкамі і інш. М., зробленыя пісьменнікам, — частка яго рукапіснай спадчыны, асабліва важныя для раскрыцця яго творчых задум, няздзейсненых намераў.

3) У сучасным кніжным афармленні тэкставая рубрыкацыя, вынесеная па-за фармат паласы.

т. 10, с. 108

МАРГІНА́ЛЬНАСЦЬ,

стан асобы або групы людзей, якія знаходзяцца на мяжы розных сац. груп, сістэм, культур і цалкам не ўключаны ні ў адну з іх. Тэорыю маргінальных асоб і супольнасцей распрацаваў у 1920-я г. амер. вучоны Р.Э.Парк пры вывучэнні сац.-псіхал. наступстваў неадаптацыі мігрантаў (імігрантаў) да патрабаванняў урбанізму. Як самаст. сацыялаг. канцэпцыя развіта ў 1930-я г. Паняцце «маргінальная асоба» («маргінал») ужываецца як негатыўная адзнака ў адносінах да люмпенаў, ізгояў і інш., а таксама ў пазітыўным сэнсе — у адносінах да творчых людзей, здольных пераадолець стэрэатыпы, звыклыя, усталяваныя прынцыпы дзейнасці.

т. 10, с. 108

МАРГІЯ́НА (грэч. Margianē, стараж.персідскае Маргуш),

назва стараж. вобласці ў Сярэдняй Азіі, па цячэнні р. Мургаб (на ПдУ сучаснай Туркменіі і Пн Афганістана). Упершыню згадваецца ў «Авесце» і надпісе на скале Бехістун. М. межавала на 3 з Парфіяй, ПнУ з Согдам, У з Бактрыяй, на Пд з Арэяй. Сталіца М. знаходзілася ў раёне Стараж. Мерва. У 522 да н.э. ў М. адбылося нар. паўстанне супраць улады Ахеменідаў, задушанае царом Дарыем I Вялікім (521; гл. ў арт. Дарый). Потым М. паслядоўна ўваходзіла ў склад дзяржаў Аляксандра Македонскага, Селеўкідаў, Парфянскага царства. У сярэдневякоўі землі М. ўвайшлі ў Харасан.

т. 10, с. 108

МАРГО́ЛІН (Зіновій Эмануілавіч) (н. 15.2.1960, Мінск),

бел. мастак тэатра. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1982). Працуе ў т-рах Беларусі і Расіі. Ў рознай творчай манеры аформіў спектаклі: у Дзярж. т-ры муз. камедыі Беларусі — «Пэпі» У.Дашкевіча (1987), «Прынцэса цырка» І.Кальмана (1989); у Бел. т-ры імя Я.Купалы — «Жудасныя бацькі» Ж.Както (1985), «Курыца» М.Каляды (1992) і «Ідылія» В.Дуніна-Марцінкевіча (1993); у Бел. т-ры імя Я.Коласа — «Рэцэпт Макропуласа» К.Чапека (1995); у Дзярж. т-ры оперы і балета Беларусі — «Візіт дамы» С.Картэса (1995); у Дзярж. рус. драм. т-ры — «Хрыстос і Антыхрыст» Дз.Меражкоўскага (1991); у Дзярж. маладзёжным т-ры Беларусі (у 1988—98 гал. мастак) — «Хрыстос прызямліўся ў Гародні» паводле У.Караткевіча (1990), «Вільгельм Тэль» Ф.Шылера (1991), «Пры зачыненых дзвярах» Ж.П.Сартра і «Ягоныя сны» («Тайнае жыццё Сальвадора Далі») паводле дзённікаў С.Далі (1993), «Хітрыкі Скапэна» Мальера (1994), сцэнаграфія якіх выканана пераважна ў жорсткай алегарычна-знакавай манеры з выкарыстаннем метал. канструкцый і натуральных матэрыялаў урбаністычнага свету. У творчасці апошніх гадоў — уплыў ідэй канцэптуалізму і функцыян. сцэнаграфіі. Лаўрэат «Пражскай квадрыенале-95» (сярэбраны медаль).

Літ.:

Ратабыльская Т. Спыніся, імгненне // Тэатр. Мінск. 1989. № 1;

Мальцаў У. Медыяутопіі Зіновія Марголіна // Мастацгва. 1996. № 12.

У.В.Мальцаў.

т. 10, с. 108