МАРГАРЫ́Н (франц. margarine),

штучна прыгатаваны цвёрды харч. тлушч. Па знешнім выглядзе, каларыйнасці, засваяльнасці арганізмам блізкі да сметанковага масла.

Атрымліваюць эмульгаваннем сумесі саламасу (гідрагенізаваны алей, рыбін тлушч; гл. Гідрагенізацыя), жывёльных тлушчаў, какосавага і інш. алеяў з вадой, малаком (цалкам ці часткова сквашаным), смакавымі і пахучымі дабаўкамі, фарбавальнікамі. Вырабляюць М. малочны і кулінарны, ці безмалочны. Малочны М. (сметанковы, сталовы, экстра і інш.), які мае 82—84% тлушчу, спажываюць у ежу, а таксама выкарыстоўваюць ў кулінарыі ў асн. для выпечкі (перашкаджае чарсцвенню мучных вырабаў). Кулінарны М. паводле паходжання зыходнай сыравіны падзяляюць на раслінны (напр., гідратлушч) і камбінаваны (найб. пашыраны маргагуселін — сумесь 70% гідратлушчу, 20% свінога шмальцу, 10% алею, араматызаваная алейнай выцяжкай цыбулі). Выкарыстоўваюць для смажання, тушэння, прыгатавання фрыцюру, выпечкі кандытарскіх вырабаў.

На Беларусі асн. вытворцы М. — Мінскі маргарынавы завод і Гомельскі тлушчавы камбінат.

К.В.Фамічэнка.

т. 10, с. 107

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)