Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ВЯЛІ́КІ КАНА́Л

(кіт. Даюньхэ),

суднаходны канал у Кітаі. Важная водная артэрыя краіны; адно са стараж. гідратэхн. збудаванняў. Злучае 2 буйн. парты — Цяньцзінь і Шанхай. Агульная працягласць 1782 км, з адгалінаваннямі ў гарады Ханчжоў, Пекін і Наньтун — 2470 км. Шыр. ад 40 м (правінцыі Шаньдун, Хэбэй) да 3500 м (Шанхай). Глыб. на фарватэры 2—3 м; 21 шлюз. Перасякае рэкі Хуанхэ і Янцзы, уключае натуральныя водныя шляхі (рэчышчы рэк і азёры). Складаецца з некалькіх участкаў: паўднёвы пабудаваны ў 7 ст., паўночны — у 13 ст., частка цэнтр. ўчастка (ад г. Хуайінь да г. Цзянду) праходзіць па канале Ханьгоў. Рэканструяваны ў 1961—62 і 1982—83.

т. 4, с. 384

ВЯЛІ́КІ КАНЬЁН

(Grand Canyon),

Вялікі Каньён Каларада, каньён у ЗША (штат Арызона), на плато Каларада. Выпрацаваны р. Каларада ў тоўшчы вапнякоў, пясчанікаў і сланцаў у выніку рачной эрозіі. Даўж. каля 350 км, глыб. да 1800 м (адзін з найглыбейшых у свеце), шыр. 8—25 км на ўзроўні паверхні плато (на выш. 2100—2500 м) і менш за 1 км (на асобных участках да 120 м) каля ўрэзу вады. Характэрны своеасаблівыя формы схілаў (калоны, піраміды, бастыёны), грандыёзныя агаленні горных парод. Нац. парк Гранд-Каньён (з 1919); уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны. Турызм.

т. 4, с. 384

ВЯЛІ́КІ КАНЬЁН Крыма,

цясніна ў Крымскіх гарах, на паўн. схіле Ай-Петрынскай Яйлы, на Украіне. Даўж. каля 3 км, шыр. 2—4 м, глыб. да 350 м. Эразійна-тэктанічнага паходжання; утварыўся ў вапняках. Па дне цячэ р. Аўзун-Узень. Парогі, вадаспады, паглыбленні, т.зв. катлы і ванны (больш як 150). Помнік прыроды. Турызм.

т. 4, с. 384

ВЯЛІ́КІ КАЎКА́З,

горная сістэма, якая цягнецца з З на У паміж Чорным і Каспійскім морамі. Даўж. больш за 1100 км, шыр. да 180 км. У восевай ч.Галоўны, або Водападзельны, хрыбет і Бакавы хрыбет, ім спадарожнічаюць перадавыя і папярочныя ланцугі выш. да 4000 і 5000 м (найб. 5642 м, г. Эльбрус). Вялікі Каўказ падзяляюць на 3 часткі: Зах. Каўказ (да Эльбруса), Цэнтр. Каўказ (паміж Эльбрусам і Казбекам) і Усх. Каўказ (на У ад Казбека). На схілах — горна-лясныя, горна-лугавыя і горна-стэпавыя ландшафты. Значнае сучаснае зледзяненне (каля 200 ледавікоў, агульная пл. 1424 км²). Гл. таксама Каўказ.

т. 4, с. 384

ВЯЛІ́КІ КНЯЗЬ,

найвышэйшы княжацкі тытул на Русі і ў ВКЛ. Вядомы з 10 ст., належаў феад. сюзерэну ўсіх князёў (Вялікі князь кіеўскі), у 12—14 ст. — правіцелям буйнейшых феад. княстваў і асобным прадстаўнікам уплывовых княжацкіх родаў. Пасля стварэння Рус. цэнтралізаванай дзяржавы (канец 15 — пач. 16 ст.) належаў Вялікім князям маскоўскім, з 1547 увайшоў у царскі, а з 1721 у імператарскі тытулы. У ВКЛ афіц. тытул Вялікі князь літоўскі, рускі, жамойцкі і інш. зямель; называўся таксама гаспадаром. Быў кіраўніком дзяржавы. Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай у канцы 18 ст. тытулам Вялікі князь літоўскі да 1917 карысталіся рас. імператары. Тытул Вялікага князя насілі члены рас. імператарскай сям’і.

т. 4, с. 384

ВЯЛІ́КІ КРАХА́ЛЬ,

птушка, гл. ў арт. Крахалі.

т. 4, с. 384

ВЯЛІ́КІ КУЛО́Н

(Numenius arquata),

птушка сям. бакасавых атр. сеўцападобных. Пашыраны ў Еўропе, Зах. Азіі, Манголіі, на ПнУ Кітая. Жыве пераважна на вярховых балотах, у поймах азёр і рэк, радзей на сухіх травяністых астравах, лугах і палях побач з мокрымі поймамі. На Беларусі рэдкі від, занесены ў Чырв. кнігу. Трапляецца на ўсёй тэр., часцей у Бел. Паазер’і і на Палессі. Нар. назвы вялікі кулён, вялікі бакас.

Даўж. да 70 см, маса да 1 кг, самкі большыя за самцоў. Афарбоўка бура-шэрая з чорнымі падоўжнымі стракацінамі, надхвосце і бруха белыя. Дзюба даўж 12—18 см, загнутая ўніз. Ногі доўгія. Гняздуецца невял. калоніямі або асобнымі парамі; гняздо на зямлі або на купіне. Выседжвае 4, вельмі рэдка 3 або 5 птушанят. Корміцца малюскамі, чарвямі, насякомымі і іх лічынкамі, дробнымі жабамі, зрэдку ягадамі і насеннем.

т. 4, с. 384

ВЯЛІ́КІ ЛЕС,

нізіннае балота на Пд Кобрынскага (24,4 тыс. га) і Драгічынската (15,7 тыс. га) р-наў Брэсцкай вобл., у вадазборы Дняпроўска-Бугскага канала і р. Мухавец. Пл. 40,1 тыс. га, у межах прамысл. пакладаў 24,8 тыс. га. Глыб. торфу да 5,6 м, вял. плошчу займаюць забалочаныя мінер. глебы і мелказалежныя тарфянікі. Месцамі ёсць сапрапель і мергель магутнасцю да 3 м. На неасушаных землях пераважае хмызняк і драбналессе з вярбы, вольхі, бярозы; травяное покрыва пераважна з асок. Балота падзелена пясчанымі градамі (агульная пл. 1,2 тыс. га) на некалькі масіваў. Асобныя грады пад лесам з вольхі і бярозы, хмызняком з ляшчыны і вярбы, месцамі ворыва.

т. 4, с. 384

ВЯЛІ́КІ МЕНДЭРЭ́С,

Бююк-Мендэрэс (Büyük Menderes), рака на З Турцыі. Даўж. 380 км, пл. бас. 23,9 тыс. км². Пачынаецца на Анаталійскім пласкагор’і, упадае ў Эгейскае м., утварае дэльту. Сярэдні расход вады 90 м³/с. Мнагаводная зімой. Выкарыстоўваецца на арашэнне. У ніжнім цячэнні рэчышча надзвычай звілістае, таму стараж.-грэч. назва ракі Меандр стала ўжывацца для абазначэння рачных лукавін — меандраў.

т. 4, с. 385

ВЯЛІ́КІ МЯЖНІ́К,

вёска ў Шклоўскім р-не Магілёўскай вобл., каля р. Дняпро, на аўтадарозе Орша—Шклоў. Цэнтр Александрыйскага с/с і калгаса. За 14 км на Пн ад г. Шклоў, 44 км ад Магілёва, 2 км ад чыг. ст. Копысь. 241 ж., 78 двароў (1996). Клуб, б-ка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі.

т. 4, с. 385