ВЯЛІ́КІЯ ГІМАЛА́І,
самая высокая частка Гімалаяў
[да 8848 м, г. Джамалунгма (Эверэст)],
якая цягнецца ўздоўж іх восевай зоны. Складзены пераважна з крышт. парод і сланцаў. Характэрны альпійскі рэльеф. Снежнікі, ледавікі.
т. 4, с. 388
ВЯЛІ́КІЯ ДЗЯРЖА́ВЫ,
тэрмін, прыняты для абазначэння найб. магутных і ўплывовых у міжнар. палітыцы дзяржаў свету. Пасля 2-й сусв. вайны да Вялікіх дзяржаў адносяць пастаянных членаў Савета Бяспекі ААН: Вялікабрытанію, ЗША, Кітай, Расію (правапераемніца СССР) і Францыю. Гл. таксама «Вялікая сямёрка».
т. 4, с. 388
ВЯЛІ́КІЯ ДО́ЛЬЦЫ,
вёска ва Ушацкім р-не Віцебскай вобл., на аўтадарозе Докшыцы—Ушачы. Цэнтр Велікадолецкага с/с і саўгаса. За 20 км на ПдЗ ад г.п. Ушачы, 170 км ад Віцебска, 35 км ад чыг. ст. Лепель. 548 ж., 232 двары (1996). Сярэдняя школа, клуб, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкія магілы сав. воінаў і партызан.
т. 4, с. 388
ВЯЛІ́КІЯ ЖУ́ХАВІЧЫ,
вёска ў Карэліцкім р-не Гродзенскай вобл., на р. Уша. Цэнтр Жухавіцкага с/с і калгаса. За 38 км на ПдУ ад г.п. Карэлічы, 233 км ад Гродна, 31 км ад чыг. ст. Гарадзея. 620 ж., 261 двор (1996). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аптэка, аддз. сувязі. Помнік архітэктуры — Петрапаўлаўская царква (1745).
т. 4, с. 388
ВЯЛІ́КІЯ ЗО́НДСКІЯ АСТРАВЫ́,
у складзе Малайскага архіпелага. На астравах размешчаны б.ч. тэр. Інданезіі, частка Малайзіі і Бруней. Уключаюць а-вы Суматра, Ява, Калімантан, Сулавесі і інш. Агульная іх пл. каля 1,4 млн. км². Абмываюцца Індыйскім і Ціхім акіянамі і іх ускраіннымі морамі. Размешчаны ў межах альпійскай геасінклінальнай вобласці. Рэльеф пераважна горны. Выш. да 4101 м (г. Кінабалу на в-ве Калімантан). Шматлікія вулканы. Клімат экватарыяльны з залішнім увільгатненнем на працягу года. Мнагаярусныя лясы з выключна багатай флорай і фаунай. Радовішчы алавяных руд і нафты. Трапічнае земляробства (вырошчваюць рыс, какосавыя пальмы, каўчуканосы, вострапрыпраўныя расліны і інш.).
т. 4, с. 388
ВЯЛІ́КІЯ ЛЁТЦЫ,
вёска ў Віцебскім р-не, на аўтадарозе Віцебск—Полацк. Цэнтр Лятчанскага с/с. За 14 км на З ад г. Віцебск, 2 км ад чыг. ст. Лётцы. 524 ж., 163 двары (1996). Сярэдняя школа і школа-інтэрнат, б-ка, аддз. сувязі. За 3 км ад вёскі кліматычна-бальнеагразевы курорт «Лётцы» на базе Ляшчанскага радовішча мінер. вод.
т. 4, с. 388
ВЯЛІ́КІЯ ЛУ́КІ,
горад у Расіі, цэнтр раёна ў Пскоўскай вобл., на р. Ловаць. Вядомы з 1166. 115,6 тыс. ж. (1994). Чыг. вузел. Аэрапорт. Машынабудаванне (тарфяныя машыны, радыё- і высакавольтная апаратура, электрабыт. прылады, акумулятары і інш.), лёгкая, дрэваапр., харч. прам-сць. Ін-ты: с.-г., фізкультуры і інш. Краязнаўчы музей.
т. 4, с. 388
ВЯЛІ́КІЯ ЛУ́КІ,
вёска ў Баранавіцкім р-не Брэсцкай вобл. Цэнтр сельсавета і саўгаса. За 15 км на Пд ад г. Баранавічы, 216 км ад Брэста, 10 км да чыг. ст. Русіно. 478 ж., 209 двароў (1996). Сярэдняя школа, клуб, б-ка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Царква.
т. 4, с. 388
ВЯЛІ́КІЯ МАГО́ЛЫ,
дынастыя правіцеляў у Індыі ў 1526—1858. Засн. Бабурам
[1526—30],
які паходзіў з Магалістана (адсюль назва «Маголы», Вялікімі Маголамі іх называлі еўрап. падарожнікі 17 ст.) і ўтварыў дзяржаву Магольская імперыя. Найб. значныя прадстаўнікі: Акбар [1556—1605], Джахангір [1605—27], Шах-Джахан [1627—58], Аўрангзеб [1658—1707]. Дзяржава Вялікіх Маголаў была цэнтралізаванай феад. манархіяй. У 17 ст. займала б.ч. Індыі і Паўд.-Усх. Афганістан. Пасля смерці Аўрангзеба (1707) распалася на шэраг асобных дзяржаў, і Вялікія Маголы валодалі фактычна толькі г. Дэлі і суседнімі раёнамі. У 1803 Дэлі захапілі англічане. Фармальна Вялікімі Маголамі лічыліся правіцелямі Індыі да скасавання дынастыі ў 1858 англ. ўладамі.
т. 4, с. 388
ВЯЛІ́КІЯ МАТЫКА́ЛЫ,
вёска ў Брэсцкім р-не. Цэнтр Матыкальскага с/с і саўгаса-камбіната. За 18 км на ПнЗ ад г. Брэст, 2 км ад чыг. ст. Матыкалы. 2213 ж., 704 двары (1996). Сярэдняя і муз. школы, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі.
т. 4, с. 388